viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2015

2015 2015-07-06T10:33:41+0300 2015-07-08T10:39:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/human_rights_violations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі

Чэрвень 2015

1. Высновы:

- на працягу месяца пазітыўных зменаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі не назіралася;

- новых палітычна матываваных крымінальных справаў у чэрвені не распачыналася; у турмах працягвалі знаходзіцца шасцёра палітвязняў: Мікалай Статкевіч, Юры Рубцоў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка і Яўген Васьковіч;

- міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязнем сумлення і заявіла, што разглядае вынесены ў дачыненні да яго новы прысуд як частку доўгатэрміновай кампаніі пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці з боку беларускіх уладаў і пачала тэрміновую кампанію з патрабаваннем яго неадкладнага вызвалення;

- узмацненне ціску на палітвязняў у месцах пазбаўлення волі выклікала асаблівую занепакоенасць як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацый;

- палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» не распаўсюдзіліся ні на аднаго з палітвязняў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі;

- узмацніўся ціску на незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, што для некаторых журналістаў з'яўляецца фактычна забаронай на ажыццяўленне прафесійнай журналісцкай дзейнасці;

- у чэрвені Міністэрствам інфармацыі было прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да Інтэрнэт-рэсурсу KYKY.ORG. Паводле ацэнак праваабаронцаў, дадзенае рашэнне дзяржаўнага органа з'яўлялася нічым іншым, як праявай цэнзуры ў дачыненні да незалежнага Інтэрнэт-рэсурсу;

- у чэрвені былі зафіксаваныя факты прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку ў выглядзе арыштаў, у сувязі з рэалізацыяй імі права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў, а таксама парушэнні правоў грамадзян на свабоду асацыяцыяў, у тым ліку пагрозы прымянення арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненні да рэлігійнага дзеяча;

- як і ў папярэднія месяцы, у чэрвені мясцовыя выканаўчыя органы ўлады працягвалі практыку адмоваў у задавальненні заяваў грамадзян аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, а спробы абскарджвання гэтых рашэнняў у судовым парадку былі беспаспяховымі;

- 23 чэрвеня ў рамках 29-й сесіі Савета па правах чалавека ААН быў заслуханы даклад спецдакладчыка па Беларусі Міклаша Харасці аб бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Спецдакладчык ААН, у прыватнасці, адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не мела прыкметаў паляпшэння на працягу справаздачнага перыяду. У сваю чаргу, афіцыйны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у ААН Міхаіл Хвастоў у чарговы раз заявіў аб непрызнанні Рэспублікай Беларусь мандата спецдакладчыка, прызначанага ў адпаведнасці з рашэннем Савета па правах чалавека ААН.[1]

2. Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадска-палітычных актывістаў

Асаблівую занепакоенасць як беларускіх, так і міжнародных праваабарончых арганізацый выклікала сітуацыя, якая склалася з палітвязнямі.

10 чэрвеня праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Юрыя Рубцова вязнем сумлення і заявіла, што разглядае вынесены ў дачыненні да яго новы прысуд як частку доўгатэрміновай кампаніі пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці з боку беларускіх уладаў. Дадзеная аўтарытэтная міжнародная арганізацыя абвясціла тэрміновую акцыю па яго вызваленні.[2]

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што адміністрацыя калоніі незаконна абмяжоўвае час размоваў Мікалая Дзядка са сваім абаронцам. Так, спатканне адваката з Мікалаем Дзядком, якое адбылося 25 чэрвеня ў калоніі № 9 у г. Горкі, працягвалася ўсяго 15 хвілін, і гэта не першы выпадак, калі парушаецца права палітвязня на атрыманне юрыдычнай дапамогі. Праваабаронцы расцэньваюць дадзеныя факты як грубае парушэнне права палітвязня на абарону, гарантаванага яму дзеючым крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека. Таксама дадзеныя факты сведчаць аб грубым парушэнні гарантый дзейнасці адваката, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

23 чэрвеня Мікалай Дзядок быў у пяты раз пасля пераводу ў калонію г. Горкі змешчаны ў штрафны ізалятар, у дадзеным выпадку – за адмову ад працы. Варта адзначыць, што даручаная яму адміністрацыяй калоніі праца заключалася ў збіранні драўляных паддонаў з штомесячнай аплатай у 5 000 беларускіх рублёў, што можна расцэньваць як рабскую прымусовую працу пад пагрозай пакарання.[3]

Мікалай Статкевіч працягвае адбываць пакаранне на строгім рэжыме ў турме, куды ён быў да канца тэрміну пазбаўлення волі накіраваны судом па хадайніцтве адміністрацыі калоніі. 25 чэрвеня намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь А. Стук заявіў, што «ў дачыненні да Статкевіча аднесліся досыць лаяльна, вырашыўшы не ўжываць судовы пераслед, а проста узмацніўшы рэжым утрымання». А. Стук адзначыў, што за невыкананне законных патрабаванняў адміністрацыі беларускае заканадаўства прадугледжвае ў тым ліку і судовы пераслед, і павелічэнне тэрміну зняволення.[4] Такім чынам, намеснік Генеральнага пракурора фактычна пацвердзіў высновы праваабаронцаў аб адвольным характары артыкула 411 КК Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае магчымасць крымінальнай адказнасці ў выглядзе пазбаўлення волі за здзяйсненне дысцыплінарных правінаў у перыяд адбыцця пакарання, і не менш адвольнай практыцы яго прымянення.

3. Пераслед журналістаў, перашкоды ў дзейнасці СМІ

Журналісты, якія супрацоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі, што не маюць акрэдытацыі ў Беларусі, працягваюць зазнаваць ціск уладаў. У дачыненні да іх адвольна выкарыстоўваецца норма часткі 2 артыкула 22.9 КоАП Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

Пракуратура Івацэвіцкага раёна папярэдзіла журналіста-фрылансера Паўла Дайліда «аб недапушчальнасці ў далейшым парушэнняў заканадаўства, якое ўсталёўвае парадак ажыццяўлення дзейнасці журналістаў сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».[5] Падставай для гэтага стала публікацыя на інтэрнэт-старонцы «Радыё Свабода» матэрыялу пра пратэст жыхароў вёскі Спорава супраць перадачы ў камерцыйнае выкарыстанне размешчанага побач з вёскай возера.

1 ліпеня журналістка Вольга Чайчыц і яе калега Сяргей Краўчук пакараныя за журналісцкую дзейнасць штрафамі ў памеры 5 400 000 рублёў кожны; падставай сталі сюжэты, паказаныя на тэлеканале «Белсат».[6]

5 чэрвеня суд Буда-Кашалёўскага раёна разгледзеў адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя міліцыяй у дачыненні да гомельскіх журналістаў-фрылансераў Канстанціна Жукоўскага і Наталлі Крывашэй за стварэнне сюжэтаў, якія дэманстраваліся на тэлеканале «Белсат», і пакараў кожанага з іх штрафамі ў памеры 3 600 000 беларускіх рублёў. Судовыя пасяджэння адбыліся ў адсутнасць абодвух журналістаў у сувязі з тым, што яны не былі своечасова папярэджаны пра месца і час правядзення пасяджэння суда.[7]

9 чэрвеня Кастусь Жукоўскі ў шосты раз прыцягнуты да адказнасці за сваю прафесійную дзейнасць і пакараны штрафам у памеры 5 400 000 рублёў. Агульная сума штрафаў, накладзеных на яго, склала 25 200 000 рублёў.[8]

10 чэрвеня Наталля Крывашэй зноў пакараная штрафам у 9 000 000 рублёў (максімальны памер штрафу, што спаганяецца з фізічных асобаў) за інтэрв’ю, паказанае на тэлеканале «Белсат».[9]

Журналіст-фрылансер Аліна Літвінчук двойчы пакараная штрафамі ў агульнай суме 10 800 000 рублёў за супрацоўніцтва з Беларускім «Радыё Рацыя».[10]

Разам з тым, журналіст з Гродна Вітаўт Парфёненка сем разоў падаваў заявы ў Міністэрства інфармацыі аб акрэдытацыі яго ў якасці карэспандэнта Беларускага «Радыё Рацыя». Адмова Міністэрства судом прызнаная законнай і абгрунтаванай; таго ж меркавання прытрымліваецца і Вярхоўны Суд Беларусі.[11]

Больш за год карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч спрабуе трапіць на адкрытыя пасяджэнні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, аднак яму адмаўляюць у гэтым, спасылаючыся на адсутнасць яго ў спісе запрошаных.[12]

Недзяржаўная грамадска-палітычная газета «Intex-press», якая існуе ўжо больш за 20 гадоў, была ў 2006 годзе выключана з дзяржаўных сістэмаў распаўсюду. З тых часоў рэдакцыя рэгулярна звяртаецца ў адпаведныя установы, у тым ліку ва УП «Брэстаблсаюздрук», з просьбамі аднавіць распаўсюд, але атрымлівае адмоўныя адказы.[13]

10 чэрвеня журналісты-фрылансеры Аркадзь Несцярэнка і Анастасія Храловіч былі затрыманыя пры правядзенні відэаапытання пенсіянераў з нагоды даступнасці медыцынскай дапамогі і больш за пяць гадзінаў ўтрымліваліся ў Фрунзенскім РУУС г. Мінска. У гэты час з іх відэакамеры быў выдалены запіс.[14]

4. Адвольныя затрыманні

12 чэрвеня ў Мядзелі супрацоўнікі мясцовага міжраённага аддзялення Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці затрымалі дэлегата V ўстаноўчага З’езду Партыі БХД 28-гадовую Ганну Уліцкую. У яе без складання пратаколу канфіскавалі мабільны тэлефон.[15]

Футбольны заўзятар Максім Маліноўскі абвінавачваўся ў дробным хуліганстве і правёў двое сутак у ІЧУ. Пасля судом яго справа была спыненая на рэабілітуючых падставах.[16]

5. Парушэнні свабоды асацыяцыяў, ціск на праваабаронцаў

10 і 11 чэрвеня ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь разглядалася скарга актывістаў на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання «За справядлівыя выбары». Калегія па грамадзянскіх справах Вярхоўнага Суда пакінула рашэнне Мінюста ў сіле, а скаргу заяўнікаў без задавальнення. Варта адзначыць, што гэта была ўжо трэцяя спроба рэгістрацыі дадзенага грамадскага аб’яднання з 2011 года. Раней Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў адмову ў рэгістрацыі аб’яднання «За справядлівыя выбары» парушэннем Беларуссю артыкула 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.[17]

19 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля адбыўся суд над пастарам пратэстанцкай царквы «Праабражэнне» Сяргеем Нікалаенкам. Суд пакараў святара штрафам у памеры 20 базавых велічынь за правядзенне набажэнства дадзенай рэлігійнай арганізацыі не па месцы яе рэгістрацыі. Раней, 31 траўня, падчас нядзельнага набажэнства ў афіцыйна арандаванае памяшканне ўварваліся супрацоўнікі АМАП з відэакамерай. Супрацоўнікі міліцыі пачалі здымаць на відэа ўсіх прысутных, набажэнства было сарванае. Свае дзеянні міліцыянты патлумачылі атрыманым тэлефанаваннем аб правядзенні ў дадзеным месцы несанкцыянаванага мерапрыемства.[18]

Таксама ў доме Сяргея Нікалаенкі міліцыя правяла агляд памяшкання. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, агляд праводзіўся ў межах папярэдняга расследавання крымінальнай справы па арт. 193.1 КК (ажыццяўленне альбо арганізацыя дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі).[19]

6. Парушэнні права на свабоднае выказванне меркаванняў, свабоду сумлення, свабоду сходаў

Грамадскі актывіст Віталь Каліноўскі пакараны штрафам у памеры трох базавых велічынь за распаўсюд улётак з фотаздымкамі беларускіх палітвязняў. Штраф склаў 540 000 рублёў.[20]

У Слоніме грамадскага актывіста Івана Бедку пакаралі штрафам у памеры 180 000 рублёў за развешванне антыалкагольных плакатаў на прыпынках грамадскага транспарту.[21]

22 чэрвеня Мінскім раённым судом разгледжаныя адміністрацыйныя справы актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і Сяргея Мацкойця. Сяргея Мацкойця абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КоАП) і пакаралі пяццю суткамі адміністрацыйнага арышту; Максіма Вінярскага асудзілі па частцы 3 таго ж артыкула (паколькі правапарушэнне здзейснена паўторна на працягу года) на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.[22] Леаніда Кулакова за тыя ж дзеянні пакаралі на наступны дзень дзесяццю суткамі адміністрацыйнага арышту.[23]

Разам з тым, мясцовыя органы забараняюць правядзенне адзіночных пікетаў і масавых мерапрыемстваў.

У Бярозе грамадскім актывістам і праваабаронцам забаронена правядзенне пікету ў падтрымку палітвязняў.[24] Раённы суд прызнаў гэтую адмову абгрунтаванай.[25]

Лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі звярнуўся да пракурора Мінска з заявай аб прыцягненні да адказнасці намесніка старшыні Мінгарвыканкама І. Карпенку. На яго думку, чыноўнік перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, самастойна прыняўшы рашэнне аб аплаце паслуг за ахову дазволеных Мінгарвыканкамам масавых мерапрыемстваў.[26]

15 чэрвеня Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайта kyky.org «з прычыны размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». На думку Міністэрства, «у шэрагу публікацый, размешчаных на гэтым інфармацыйным рэсурсе, утрымліваюцца прыніжальных выказванні ў дачыненні да дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь – Дня Перамогі, грамадзян краіны, у ім якія ўдзельнічаюць, аспрэчваецца значнасць гэтай падзеі ў гісторыі дзяржавы, тым самым скажаецца гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне...».[27]

Паслядоўнікі Міжнароднага таварыства свядомасці Крышны былі затрыманыя ў Віцебску за распаўсюд літаратуры рэлігійна-філасофскага зместу больш чым на пяць гадзін без афармлення працэсуальных дакументаў.[28]

19 чэрвеня пастар пратэстанцкай царквы «Праабражэнне» Сяргей Нікалаенка пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь за тое, што праводзіў набажэнства зарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі не па месцы яе рэгістрацыі.[29]

7. Жорсткае абыходжанне, катаванні

Па скарзе Жанны Пцічкінай, маці загінулага зняволенага СІЗА-1 г. Мінска Ігара Пцічкіна, Генеральнай пракуратурай адменена пастанова следчага Следчага камітэта аб спыненні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў СІЗА.[30] Генеральная пракуратура насуперак заканадаўству адмовіла Жанне Пцічкінай ў выдачы копіі адпаведнай пастановы, спаслаўшыся на таямніцу следства.[31]

Намеснік пракурора Гомельскай вобласці не знайшоў парушэнняў і непаўнаты пры правядзенні праверкі па факце гібелі ў ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС Аляксандра Акуліча.[32] Маці загінулага больш за тры гады працягвае настойваць на прыцягненні да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія замест аказання яе сыну медыцынскай дапамогі збівалі яго гумовымі кійкамі, прышпіліўшы да жалезных дзвярэй-кратаў.

Праваабаронца з г. Баранавічы Сяргей Гоўша працягвае абскарджваць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія жорстка збілі і затрымалі маладых людзей – футбольных заўзятараў. Праверка праведзена, на думку праваабаронцы, павярхоўна і без уліку яго довадаў.[33]

Службовыя асобы пракуратуры і Следчага камітэта не ўгледзелі парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў Следчага камітэта, якія ня правялі своечасовую праверку па заяве жонкі асуджанага да пазбаўлення волі Пятра Кучуры ў сувязі з ужываннем да яго забароненага жорсткага абыходжання, у сувязі з чым экспертная канстатацыя прычынення шкоды здароўю зняволенага са сканчэннем часу стала немагчымай.[34]

8. Гарантыі справядлівага суда

1 чэрвеня пачаўся разгляд у судзе крымінальнай справы па абвінавачванні заснавальніка прыватнай культурна-асветніцкай установы «Платформа инавэйшн» Міхаіла Жамчужнага ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў. Справа па першай інстанцыі разглядаецца Віцебскім абласным судом у закрытым судовым пасяджэнні.[35] У адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, разбіральніцтва крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца толькі ў інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншай ахоўваемай законам тайны, а таксама па некаторых катэгорыях спраў у мэтах прадухілення выдавання звестак пра інтымныя бакі жыцця асобаў, якія ўдзельнічаюць у справе, што зневажаюць іх годнасць, і ў выпадку, калі гэтага патрабуюць інтарэсы забеспячэння бяспекі пацярпелага, сведкі ці іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу.

Незаконна асуджаны за забойства, а пасля апраўданы Міхаіл Гладкі беспаспяхова спрабуе атрымаць кампенсацыю ад дзяржавы за праведзеныя ў зняволенні 5 гадоў і 2 гады папраўчай працы. Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі Валерый Калінковіч у сваім інтэрв’ю яшчэ да разгляду судом першай інстанцыі пытання аб праве на кампенсацыю прадвызначыў адмоўны вынік звароту.[36]

9. Забарона прымусовай працы. Лячэбна-працоўныя прафілакторыі

У розных раёнах Беларусі мясцовай выканаўчай уладай практыкуецца ціск на супрацоўнікаў мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый для прымусу да ўдзелу ў «суботніках», якія прадугледжваюць бясплатную працу па прыбіранні вуліц і пералік уласных грошай на аплату правядзення розных святочных мерапрыемстваў.[37]

Начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў агучыў дадзеныя аб колькасці зняволеных лячэбна-працоўных прафілакторыяў ў Беларусі: у чэрвені іх было каля 6 700 чалавек.[38]

[1] http://spring96.org/be/news/77997 http://spring96.org/ru/news/77999

[2] http://spring96.org/be/news/77788 http://spring96.org/ru/news/77791

[3] http://spring96.org/be/news/78023 http://spring96.org/ru/news/78024

[4] http://spring96.org/be/news/78026 http://naviny.by/rubrics/society/2015/06/25/ic_news_116_459756/

[5] http://spring96.org/be/news/77694 http://spring96.org/ru/news/77696

[6] http://spring96.org/be/news/77586

[7] http://spring96.org/be/news/77683 http://spring96.org/ru/news/77685

[8] http://spring96.org/be/news/77718 http://spring96.org/be/news/77716 http://spring96.org/ru/news/77719

[9] http://spring96.org/be/news/77775 http://spring96.org/ru/news/77778

[10] http://spring96.org/be/news/77649

[11] http://spring96.org/be/news/77910

[12] http://spring96.org/be/news/78006 http://spring96.org/ru/news/78007

[13] http://spring96.org/be/news/78052 http://spring96.org/ru/news/78059

[14] http://spring96.org/be/news/77782

[15] http://spring96.org/be/news/77873 http://spring96.org/ru/news/77878

[16] http://spring96.org/be/news/77926 http://spring96.org/ru/news/77927

[17] http://spring96.org/be/news/77796 http://spring96.org/ru/news/77797

[18] http://spring96.org/be/news/77935 http://spring96.org/ru/news/77938

[19] http://spring96.org/be/news/78036 http://spring96.org/ru/news/78040

[20] http://spring96.org/be/news/77919 http://spring96.org/ru/news/77921

[21] http://spring96.org/be/news/77912 http://spring96.org/ru/news/77914

[22] http://spring96.org/be/news/77956 http://spring96.org/ru/news/77957

[23] http://spring96.org/be/news/77980 http://spring96.org/ru/news/77981

[24] http://spring96.org/be/news/77591 http://spring96.org/ru/news/77594

[25] http://spring96.org/be/news/78054 http://spring96.org/ru/news/78061

[26] http://spring96.org/be/news/77692 http://spring96.org/ru/news/77693

[27] http://spring96.org/be/news/77906 http://spring96.org/ru/news/77907

[28] http://spring96.org/be/news/77939 http://spring96.org/ru/news/77940

[29] http://spring96.org/be/news/77746 http://spring96.org/ru/news/77938

[30] http://spring96.org/be/news/77652 http://spring96.org/ru/news/77653

[31] http://spring96.org/be/news/78014 http://spring96.org/ru/news/78013

[32] http://spring96.org/be/news/77722 http://spring96.org/ru/news/77720

[33] http://spring96.org/be/news/77801 http://spring96.org/ru/news/77804

[34] http://spring96.org/be/news/77983 http://spring96.org/ru/news/77976

[35] http://spring96.org/be/news/77581 http://spring96.org/ru/news/77582

[36] http://spring96.org/ru/news/77661 http://spring96.org/be/news/77660

[37] http://spring96.org/be/news/77749 http://spring96.org/ru/news/77750

[38] http://spring96.org/ru/news/77585

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства