Бярозаўскі суд: патрабаванне вызвалення палітвязняў – гэта прызыў да экстрэмізму, вайны і насілля
Праваабаронцы прасілі прызнаць незаконнай адмову Бярозаўскага райвыканкама ў правядзенні пікету 25 сакавіка. Мэта пікету – адзначэнне 97 угодкаў БНР і патрабаванне вызвалення палітвязняў. Суддзя пагадзілася з довадамі вядучага юрыста райвыканкама Яўгена Кашталяна і работніка пракуратуры Аксаны Гардзіенка, што патрабаванне падчас пікету вызвалення палітвязняў – гэта прызыў да экстрэмізму, вайны, насілля, сацыяльнай і нацыянальнай розні. Як выказаліся ўсе трое, у Беларусі няма палітвязняў, а ёсць крымінальнікі, пакараныя па розных крымінальных артыкулах.
“Вы што, хочаце майдан?” – з абурэннем звяртаўся да заяўнікаў пікету юрыст Яўген Кашталян. - А калі гэтых людзей вызваліць, то яны вернуцца да сваёй дзейнасці. І вы гэтаму спрыяеце”. На довад, што сам прэзідэнт многіх з іх вызваліў, юрыст сказаў, што яны напісалі прашэнне аб памілаванні. На словы: “не ўсе”, адказаў, такога не можа быць.
На пытанне праваабаронцаў, у чым чыоўнікі ўбачылі распальванне нацыянальнай варожасці, якая ў адмове пікету фігуравала асноўным пунктам, адказу так і не паступіла.
На самым пачатку суда праваабаронцы выказалі недавер работніку пракуратуры Аксане Гардзіенка па маральных і прафесійных якасцях па прычыне таго, што значна раней яна беспадстаўна абвнаваціла адну з заяўніц пікету -- праваабаронцу і журналістку Тамару Шчапёткіну ў нецэнзурнай лаянцы на яе адрас. За гэта Шчапёткіна была асуджана судом.
На ранейшых судовых паседжаннях, калі праваабаронцы змагаліся за прывядзеенне пастановы райвыканкама “Аб масавых мерапрыемствах” у адпаведнасць з рашэннем Савета міністраў, Аксана Гардзіенка адобрыла дзеянні райвыканкама, пакуль не ўмяшаліся абласныя і рэспубліканскія юрыдычныя службы. Тым не менш, суддзя адхіліла хадайніцтва.
У выніку судовага разгляду суддзя Наталля Мінчанка падтрымала рашэнне Бярозаўскага райвыканкама і адмовіла праваабаронцам у задавальненні скаргі.
Паводле заяўнікаў пікету, рашэнне суда яны абавязкова абскардзяць.