Бярозаўскія ўлады ў адзначэнні Дня Волі ўбачылі распальванне нацыянальнай варожасці
Бярозаўскія заяўнікі пікета на 25 сакавіка – да Дня Волі атрымалі адмову з райвыканкама. Адказ падпісаны намеснікам старшыні райвыканкама Яўгенам Тарасюком. Распараджэнне аб адмове – старшынёй Бярозаўскага райвыканкама Юрыем Наркевічам.
У адказе паведамляецца, што ў сувязі з тым, што ў адной з мэтаў пікета ўтрымліваецца распальванне нацыянальнай варожасці або розні, у правядзенні пікета адмоўлена. У якой з дзвюх мэтаў -- не сказана. Адна з мэтаў – гэта адзначэнне 97 угодкаў абвяшчэння БНР, другая – выказванне салідарнасці з палітвязнямі і патрабаванне іх вызвалення.
Улічваючы папярэдні вопыт, калі пры адмове пікету на 10 снежня – Міжнародны дзень правоў чалавека, распальванне нацыяльнай варожасці, як сказаў юрыст райвыканкама Яўген Кашталян у судзе, утрымлівалася ў выказванні пратэсту супраць знаходжання расійскіх войск на тэрыторыі Украіны, гэты пункт быў выключаны з мэтаў пікета, планаванага на 9 сакавіка. Але і ў такім выглядзе пікет быў забаронены па той жа прычыне. Заяўнікі меркавалі, што гэта з-за пункта – пратэст супраць размяшчэння расійскіх вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі. З мэтаў пікета на 25 сакавіка гэты пункт быў ужо таксама выключаны. Але і зноў забарона тлумачыцца распальваннем нацыянальнай варожасці. Заяўнікі не разумеюць – у сувязі з чым?
З такім пытаннем яны звернуцца ў Бярозаўскі суд.