Івану Бедку прысудзілі штраф за антыалкагольныя плакаты
18 чэрвеня адміністрацыйная камісія Слонімскага райвыканкама аштрафавала на 180 000 рублёў мясцовага грамадскага актывіста Івана Бедку за развешванне антыалкагольных плакатаў у Слоніме на прыпынках грамадскага транспарту.
Яшчэ вясной Іван Бедка ў межах грамадскай кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкагалізму” распаўсюджваў у горадзе каляровыя плакаты “Яго будучыня ў тваіх руках” і “Будзьце прыкладам для сваіх дзяцей”. Названыя плакаты актывіст наклеіў таксама на аўтобусных прыпынках ля крамы “Спадарожнік”, хлебазавода і вакзала.
Як паведамляе сайт “Газеты Слонімскай”, мясцовыя ўлады палічылі, што такімі дзеяннямі Іван Бедка парушыў ч. 2 арт. 21.14 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных парушэннях. У пастанове адміністрацыйнай камісіі адзначаецца, што “Бедка І.С. парушыў п.17 правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў РБ 28.11. 2012 №1087”.