Юрась Беленькі скардзіцца ў пракуратуру на чыноўніка Менгарвыканкама
Лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі звярнуўся да пракурора Мінска з заявай аб прыцягненні да адказнасці намесніка старшыні Менгарвыканкама І. Карпенкі. Палітык лічыць, што чыноўнік перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы, самастойна прыняўшы рашэнне аб аплаце паслуг за ахову дазволеных Мінгарвыканкамам масавых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці продкаў “Дзяды”. Адказным за іх правядзенне з’яўляўся менавіта Юрась Беленькі.
У сваёй скарзе ў пракуратуру Беленькі паведамляе наступнае: “На спецыяльным пасяджэнні ў Мінгарвыканкаме з удзелам заяўнікаў мерапрыемства, работнікаў міліцыі і Мінгарвыканкама, якое адбылося 27.10.2014 г. падымалася тэма аплаты паслуг. Намеснік упраўлення Мінгарвыканкама Уральскі Ю.М., заявіў тады, што “мы гэтае пытанне разгледзім”. Аднак, як высветлілася потым, падчас адміністрацыйных працэсаў па арт. 23.34 КоАП, якія праводзіліся ў дачыненні да мяне за неаплату паслуг ў Першамайскім і Ленінскім судах г. Мінска, рашэнняў аб аплаце паслуг Менгарвыканкамам, як гэта патрабуць нормы Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і “Рэгламента Мінгарвыканкама…” не прымалася і, адпаведна, не існуе нумара і даты такіх рашэнняў.
Такім чынам ёсць прыкметы перавышэння службовых паўнамоцтваў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Карпенкам І.В., які, ў адсутнасць рашэнняў Мінгарвыканкама, самастойна прыняў рашэнні аб аплаце паслуг”.
Юрась Беленькі просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання ў сувязі з незаконнымі дзеяннямі намесніка старшыні Менгарвыканкама Карпенкі і прыцягнуць яго да адказнасці.
Нагадаем, што менавіта з-за гэтага парушэння парадку правядзення масавага мерапрыемства — мітынгу ў Курапацкім лесе і шэсце на Дзяды 2 лістапада, а таксама ў Лошыцах, агульная сума штрафаў Беленькаму па выніках трох судоў склала 11 мільёнаў 250 тысяч рублёў.