Журналіст з Гародні працягвае змаганне за свае правы
Гарадзенскі сябра ГА “БАЖ” Вітаўт Парфёненка працягвае змаганне за правы журналіста. Ён ужо сем разоў падаваў заяву ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у якасці карэспандэнта “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча).
Сем разоў Парфёненка атрымліваў адмову ў акрэдытацыі. Ён таксама прайшоў праз усе судовыя інстанцыі ў Беларусі. Апошнім адказам быў ліст з Вярхоўнага суда Беларусі, куды Парфёненка пісаў больш за месяц таму.
– Асноўная матывацыя адмовы, што гучыць у лісце, які падпісаў намеснік старшыні ВС Андрэй Забара ў тым, што Міністэрства замежных спраў нібыта мае права напрацягу 6 месяцаў адмаўляць журналісту, калі заўважаюцца факты, якія сведчаць пра яго працу на карысць нейкага неакрэдытаванага замежнага СМІ, – пераказвае Парфёненка ліст службе маніторынгу ГА “БАЖ”.
Журналіст кажа, што не збіраецца прыпыняць сваё змаганне за права на прафесію і цяпер збіраецца падаваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.