Сяргей Калякін: Вярхоўны суд стаў на бок Мінюста і падтрымаў адмову ў рэгістрацыі аб'яднання
У Вярхоўным судзе 10 і 11 чэрвеня разглядалася скарга актывістаў на адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць аб’яднанне "За справядлівыя выбары". Гэта была ўжо трэцяя спроба грамадзян стварыць арганізацыю, якая б займалася маніторынгам за правядзеннем справядлівых выбараў, падрыхтоўкай назіральнікаў за выбарчым працэсам. Але ж калегія Вярхоўнага суда пакінула рашэнне Міністэрства юстыцыі бяз зменаў і скарга актывістаў засталася без задавальнення.
Сустаршыня ствараемага грамадскага аб’яднання Сяргей Калякін адзначыў, што усе прычыны і довады з боку Міністэрства юстыцыі, якія былі падтрыманыя Вярхоўным судом – проста прыдзіркі да тэхнічных дэталяў, якія не павінны ўплываць на рашэнне аб абмежаванні правоў грамадзян на стварэнне грамадскіх аб'яднанняў.
“Мы цалкам выканалі ўсе патрабаванні закона, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і лічым, што гэтае рашэнне палітычна матываванае і выклікана тым, што ўлады не хочуць праводзіць у краіне свабодных і справядлівых выбараў, а значыць ім не патрэбная грамадская арганізацыя, якая будзе займацца мабілізацыяй грамадзян на ўдзел у кантролі за правядзеннем выбараў”, – кажа Сяргей Калякін.
Нядаўна стваральнікі аб'яднання атрымалі адказ Савета ААН па правах чалавека на свае паведамленне ў сувязі з другой адмовай у рэгістрацыі. У адказе паведамляецца, што Рэспубліка Беларусь парушыла правы грамадзян, калі не зарэгістравала арганізацыю яшчэ ў 2011 годзе. Савет ААН звяртаў увагу на тое, што Вярхоўны суд не ўлічыў патрабаванні Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які даўно ратыфікаваны ў Беларусі і абвяшчае, што нельга абмяжоўваць права грамадзян на стварэнне грамадскіх аб'яднанняў, права на асацыяцыі патрабаваннямі ўнутранага заканадаўства, калі гэта не звязана з пытаннямі нацыянальнай бяспекі, маралі, маральнасці.
Грамадскае аб’яднанне "За свабодныя выбары” спрабуе атрымаць рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі яшчэ з 2011 года, аднак кампетэнтныя органы кожны раз адмаўляюць па фармальных, надуманых прычынах.