Жану Пцічкіну абмяжоўваюць у атрыманні інфармацыі
Чарговы адказ з Генеральнай пракуратуры атрымала Жанна Пцічкіна - маці загінулага ў СІЗА Ігара Пцічкіна.
На гэты раз начальнік упраўлення Генеральнай пракуратурай І. Сяўрук адмовіў заяўніцы ў прадастаўленні копіі пастановы аб адмене пастановы аб спыненні папярэдняга расследавання па факце смерці І. Пцічкіна. Прычына адмовы заключаецца ў тым, што "прынятае рашэнне закранае таксама інтарэсы іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу".
Хоць у адказе і гаворыцца, што Жана Пцічкіна "па заканчэнні папярэдняга расследавання мае права знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы і выпісваць з яго звесткі ў любым аб'ёме", юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Павал Сапелка адзначае:
"У адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі, пацярпелы мае права атрымліваць ад органа, які вядзе крымінальны працэс, паведамлення аб прыняцці рашэнняў, якія закранаюць яго правы і інтарэсы, а па яго просьбе таксама бясплатна атрымліваць копіі гэтых рашэнняў. Каб вызначыцца з тэрмінамі: орган, які вядзе крымінальны працэс, гэта орган крымінальнага пераследу і суд; у сваю чаргу, орган крымінальнага пераследу - гэта орган дазнання, следчы і пракурор. Гэта значыць, пракурор абавязаны выдаць копію рашэння, якое закранае правы пацярпелага. Адсутнасць копіі такога рашэння пазбаўляе грамадзяніна (пацярпелага) магчымасці ацаніць прынятае рашэнне з пункту гледжання законнасці і абгрунтаванасці, а таксама паўнаты даследаванні абставінаў справы і довадаў скаргі. Пракурор, як орган крымінальнага пераследу, абавязаны забяспечваць абарону правоў і свабод асобаў, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, ствараць прадугледжаныя КПК ўмовы для яе ажыццяўлення, своечасова прымаць меры па задавальненні законных патрабаванняў удзельнікаў крымінальнага працэсу. Абмежаванне правоў і свабод асобаў, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, дапускаецца толькі на падставах і ў парадку, усталяваным КПК".
Нагадаем, Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 ад спынення сэрца, прычыны якога не высветлены. Блізкія памерлага думаюць, што смерць наступіла ў выніку збіцця Ігара ахоўнікамі ізалятара, бо на яго целе было мноства сінякоў і слядоў збіцця.