Адказ на скаргу баранавіцкага праваабаронцы: АМАП збіваў аматараў футбола, але дзейнічаў у адпаведнасці з законам
Праваабаронца Сяргей Гоўша атрымаў на сваю скаргу адказ з Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама за подпісам намесніка начальніка В.В. Максімука. У адказе паведамляецца, што па звароце грамадскага актывіста была праведзена праверка, у выніку якой было ўстаноўлена, што АМАП 3 траўня ўжываў фізічную сілу ў адносінах футбольных фанатаў на стадыёне “Лакаматыў” г. Баранавічы, але пры гэтым дзейнічааў у адпаведнасці з арт. 26 Закона РБ ад 17.07.2007 г. № 263-З “Аб органах унутраных спраў РБ”.
Міліцэйскі чыноўнік адзначае, што падчас праверкі высветлілася, што перад пачаткам футбольнага матча многія заўзятары імкнуліся пранікнуць на тэрыторыю стадыёна без дагляду. Таму, каб перадухіліць магчымыя правапарушэнні, якія, на думку міліцыі, маглі перарасці ў групавыя правапарушэнні грамадскага парадку, супрацоўнікі АМАПа затрымалі 26 заўзятараў ФК “Баранавічы” і 15 аматараў ФК “Днепр”. У адказе праваабаронцу далей паведамляецца, што ўсе затрыманыя для разбіральніцтва заўзятары футбола былі дастаўлены ў ГАУС, пры гэтым у пакоях для затрыманых не размяшчаліся, а само затрыманне цягнулася не болей 3-х гадзін, што адпавядае патрабаванням ПВКаАП.
– У адказе міліцэйскага чыноўніка нічога няма пра жорсткае збіццё заўзятараў, якія ляжалі тварам да зямлі і не аказвалі аніякага супраціву міліцыі (толькі згадваецца, што прымянялася супраць іх фізічная сіла), зусім не ўпамінаецца той факт, што сярод збітых і затрыманых былі непаўналетнія. Абыйшоў бокам міліцэйскі чыноўнік і той факт, што затрыманых прымушалі падпісаць заявы, што яны не маюць прэтэнзій да супрацоўнікаў міліцыі, – паведаміў праваабаронца.
Сяргей Гоўша ўпэўнены, што праверка па факту збіцця футбольных аматараў была праведзена неаб’ектыўна, таму мае намер скардзіцца ў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.