Магілёўскі журналіст працягвае адстойваць сваё права прысутнічаць на сесіях аблсавета
Старшыня Магілёўскага аблсавета Анатоль Ісачанка нарэшце пагадзіўся, што нарматыўныя прававыя акты не прадугледжваюць адмысловых форм заявак для журналістаў для прысутнасці на сесіях аблсавета.
Магілёўскі журналіст, карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч 23 чэрвеня атрымаў адказ на свой зварот з Магілёўскага аблсавета за подпісам яго старшыні Анатоля Ісачанкі.
Уладзімір Лапцэвіч даслаў ліст на імя Анатоля Ісачанкі 5 чэрвеня. Журналіст прасіў старшыню Магілёўскага аблсавета растлумачыць, якімі прававымі актамі абумоўліваецца неабходнасць звароту журналіста СМІ, які жадае прысутнічаць на адкрытым пасяджэнні сесіі аблсавета, да кіраўніцтва Савета. Таксама Лапцэвіч прасіў указаць, у якіх выпадках такі зварот можа быць разгледжаны станоўча альбо адмоўна, у якія тэрміны ажыццяўляецца разгляд і якім чынам журналіст СМІ будзе праінфармаваны адносна дазволу ці забароны яму прысутнічаць на адкрытых сесіях аблсавета.
Дадаткова журналіст звяртаўся з просьбай да старшыні аблсавета прыкласці да адказу на яго зварот адпаведныя ўзоры подобных зваротаў журналістаў СМІ і прыклады іх разгляду.
Свой зварот Уладзімір Лапцэвіч накіраваў пасля тэлефоннай размовы з Анатолем Ісачанкам 3 чэрвеня, падчас якой журналіст зноў заявіў аб сваім жаданні прысутнічаць на сесіях Магілёўскага аблсавета. У адказ на гэта старшыня Магілёўскага аблсавета сказаў наступнае: «Если бы Вы действительно хотели присутствовать на сессии, Вам и в письменном виде, да я и устно говорил, пожалуйста, обратитесь в той или иной форме, и мы рассмотрим».
У атрыманым пісьмовым адказе Анатоля Ісачанкі напісаў: “Нарматыўнымі прававымі актамі форма зваротаў журналіста сродкаў масавай інфармацыі для прысутнасці на пасяджэннях сесіі і парадак іх разгляду не ўстаноўлены. У сувязі з гэтым Ваша просьба аб прадастаўленні падобных зваротаў і прыкладу іх разглядаў не задавальняецца.
У той жа час у абласным Савеце дэпутатаў склалася і дзейнічае практыка працы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, якая ў тым ліку прадугледжвае папярэдняе ўзгадненне колькаснага і персанальнага складу запрошаных для забеспячэння арганізацыі правядзення мерапрыемства на годным узроўні”.
Дзіўна, што старшыня Магілёўскага аблсавета не разумее тое, што орган прадстаўнічай улады павінен працаваць паводле беларускага заканадаўства, а не незразумелай “практыкі”.
Тым больш, што нават у рэгламенце працы Магілёўскага аблсавета не ўтрымліваецца ніякага ўзгадвання адносна дазволу альбо забароны прысутнічаць на пасяджэннях сесіі не запрошаным на яе прадстаўнікам СМІ. Разам з тым рэгламент дае права прадстаўнікам СМІ прысутнічаць на адкрытых пасяджэннях сесіі і не прадугледжвае падачы нейкіх адмысловых заяў.
Нагадаем, што ўжо больш за год карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч спрабуе патрапіць на адкрытыя пасяджэнні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, аднак яму адмаўляюць у гэтым, спасылаючыся на яго адсутнасць у спісе запрошаных. Раней на працягу некалькіх апошніх гадоў журналіст асвятляў найбольш важныя падзеі ў эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах жыцця Магілёўскай вобласці, у тым ліку з сесій Магілёўскага аблсавета дэпутатаў, і не атрымліваў ніякіх нараканняў з боку чыноўнікаў ці дэпутацкага корпусу.
У траўні Лапцэвіч атрымаў ліст ад старшыні Магілёўскага аблсавета А. Ісачанкі, у якім той выказваў спадзяванне на канструктыўны характар супрацоўніцтва і прапаноўваў журналісту загадзя інфармаваць апарат аблсавета аб плануемых наведваннях ім тых ці іншых мерапрыемстваў, праводзімых абласным Саветам дэпутатаў.
Таксама Анатолій Ісачанка адзначаў, што Магілёўскі абласны савет дэпутатаў зацікаўлены ў кантактах з усімі сродкамі масавай інфармацыі, афіцыйна зарэгістраванымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, для асвятлення яго дзейнасці.