Гомель: Кастусь Жукоўскі ў шосты раз пакараны судом за «незаконны выраб прадукцыі СМІ»
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 9 чэрвеня разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй па артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ) у дачыненні журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, і пакараў яго штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Згодна адміністрацыйнаму пратаколу, 15 красавіка ў эфіры тэлеканала «Белсат» быў прадэманстраваны сюжэт «Самагубства выкладчыцы», які «незаконна вырабіў грамадзянін Жукоўскі». Па меркаванні міліцыі, фрылансер працуе на тэлеканал «Белсат», не маючы акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў.
Варта дадаць, што гэта ўжо шостае пакаранне журналіста за прафесійную працу. Агулам, улічваючы суму сённяшняга штрафу, Кастусь Жукоўскі ўжо «вінен» бюджэту 25,2 мільёна рублёў. Суды яго каралі штрафамі ў памеры 20-30 базавых велічынь па артыкулу 22.9 КаАП.
9 чэрвеня на судзе быў прадэманстраваны сюжэт з тэлеканала «Белсат». Там ішла гаворка пра выкладчыцу Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны, якая скончыла жыццё самагубствам. Жанчына жыла ў доме для выкладчыкаў, які юрыдычна быў прызнаны інтэрнатам, што пазбавіла жыльцоў дома магчымасці прыватызаваць свае кватэры, у якіх людзі пражылі па дваццаць і больш гадоў. Пасля таго, як дом афіцыйна стаў інтэрнатам, адміністрацыя ВНУ выкарыстала дадзены факт для маніпуляцый і шантажу ў дачыненні выкладчыкаў. Некаторым пагражалі звальненнем і высяленнем з кватэр, калі яны будуць адстойваць свае правы ў судзе. Выкладчыца, якая скончыла жыццё самагубствам, баялася страціць працу і адпаведна кватэру.
Кастусь Жукоўскі на судзе віну сваю не прызнаў. «Я сваю віну прызнаю толькі ў тым, што жыву тут і карыстаюся правамі, якія мне гарантуе Канстытуцыя, у тым ліку правам на збор і распаўсюд інфармацыі», - адзначыў журналіст-фрылансер.
Ён дадаў, што сапраўды здымаў відэа пра самагубства выкладчыцы, і частку гэтых здымкаў выкарыстаў пры падрыхтоўцы сюжэту тэлеканал «Белсат». «Але я не вырабляў сюжэт, не распаўсюджваў яго, у чым мяне вінавацяць. Гэта можна параўнаць з тым, што я здабываю руду, а нехта з гэтай руды робіць метал, потым – касмічны карабель ці трактар. Так і відэа, якое я здымаў – я даслаў яго ў розныя рэдакцыі, і некаторыя выкарысталі яго, а іншыя выкінулі ў сметніцу. Мае здымкі былі на сайце газеты «СБ – Беларусь Сегодня», рэдакцыя газеты выкарыстала мае здымкі, толькі чамусьці за гэта мяне не судзяць. Розныя выданні выкарыстоўваюць мае матэрыялы», - патлумачыў на судзе фрылансер.
Ён мяркуе, што суды па артыкулу 22.9 КаАП – гэта палітычны пераслед, звязаны не толькі з журналісцкай працай, але і з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.