viasna on patreon

Дзяржава не хоча прызнаваць сваёй віны ў тым, што чалавек быў незаконна асуджаны

2015 2015-06-05T11:13:33+0300 2015-06-05T11:13:33+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mihail_gladki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Гладкі. Фота ПЦ "Вясна".

Міхаіл Гладкі. Фота ПЦ "Вясна".

Ужо некалькі гадоў запар Міхаіл Гладкі дамагаецца прызнання за ім права на кампенсацыю маёмаснай і маральнай шкоды і прыцягнення да адказнасці асоб, якія бралі ўдзел у судавытворчасці па ягонай справе. У 2003 годзе М. Гладкі быў памылкова асуджаны за забойства роднага брата. Ён разлічвае на кампенсацыю ад дзяржавы, бо з-за несправядлівага прысуду ён фігуральна страціў сем гадоў жыцця: пяць гадоў ён правёў у турме, два гады - на папраўчых працах.

За бягучы 2015 год ім пададзена некалькі скаргаў у розныя інстанцыі: ад абласнога суда да Генеральнай пракуратуры. І кожны раз кампетэнтныя органы прыдумляюць усё новыя і новыя апраўданні свайму нежаданню прызнаць свае ж памылкі.

«Суд прыйшоў да правільнай высновы, што Гладкі М.П. не адносіцца да асоб, якія маюць права на кампенсацыю шкоды, паколькі, даючы прызнальныя паказанні аб наўмысным забойстве свайго брата, добраахвотна агаварыў сябе ў здзяйсненні злачынства, тым самым перашкодзіў усталяванню сапраўдных абставінаў крымінальнай справы », - паведамляе ў адказе на скаргу суддзя Мінскага абласнога суда Бойка М.М.

Менавіта на факт самаагавору і яго шырокую трактоўку спасылаюцца ўсе органы, у якія звяртаўся Міхаіл Гладкі. Аднак, па словах Гладкага ён быў упэўнены ў тым, што забіў брата. Наносячы ўдары сякерай, ён не ведаў, што робіць іх па мёртвым целе. У гэты момант брат Міхаіла быў мёртвым ужо суткі. Павярхоўна праведзенае расследаванне прывяло да таго, што следства неналежным чынам паставілася да матэрыялаў судова-медычнай экспертызы. Суд і следства не надалі ўвагі і сур'ёзным супярэчнасцям у паказаннях Міхаіла Гладкага.

У Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь мужчына звярнуўся ў сакавіку бягучага года са скаргай непасрэдна на дзеянні судовых органаў і просьбай правесці адпаведную праверку, прызначыць дысцыплінарныя меры для супрацоўнікаў праваахоўных органаў і суддзяў, якія праявілі сваю некампетэнтнасць пры вывучэнні яго справы. Аднак менавіта на «самаагавор» як асноўную прычыну для адмовы ў задавальненні скаргі спасылаецца намеснік старшыні Вярхоўнага суда В.Л. Калінковіч: «Прымаючы пад увагу, што вы сябе агаварылі, прызнаўшыся ў здзяйсненні злачынства, падстаў для прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці суддзі суда Мінскага раёна не мелася».

Адказ, атрыманы Міхаілам Гладкім з Генеральнай Пракуратуры Рэспублікі Беларусь таксама ўтрымліваў адсылку менавіта да яго прызнальных паказанняў:

«Пры вывучэнні матэрыялаў справы ў Генеральнай пракуратуры было ўстаноўлена, што да часу яе разгляду судом Мінскага раёна і г. Заслаўя ў матэрыялах справы меліся доказы, якія паказваюць на здзяйсненне забойства Гладкага В.П. Вамі, у тым ліку - Вашыя ўласныя прызнальныя паказанні на папярэднім следстве і ў судзе, аб'ектыўна ўзгодненыя з вынікамі агляду месца здарэння і экспертных даследаванняў трупа Гладкага В.П., знойдзенай пры аглядзе месца здарэння сякеры, а таксама адабранага ў Вас адзення, у плямах на якой было ўстаноўленая наяўнасць крыві чалавека, якая магла належыць загінуламу» - паведаміў намеснік Генеральнага пракурора А.К. Стук.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павал Сапелка адзначае, што спецыфіка ў сітуацыі са справай Міхаіла Гладкага палягае не столькі ў самой фармулёўцы, якую ўжываюць дзяржаўныя органы, колькі ў падыходзе да ацэнкі памылак праваахоўных органаў і судоў у цэлым, таму, як і тыя, і іншыя зусім неахвотна прызнаюцца ў нейкіх сваіх памылках. Выпадак з Міхаілам Гладкім – яскравае таму пацверджанне:

« Калі Гладкі даваў паказанні ў перыяд папярэдняга следства і ў судзе, ён даў іх такія, якія яму здаваліся вернымі і аб'ектыўнымі. Казаць, пра тое, што гэта быў самаагавор, які ў сваю чаргу можа быць прычынай, па якой можа быць адмоўлена ў кампенсацыі шкоды, прычыненай незаконным меркаваннем - гэта зусім няправільна. Самаагавор мае на мэце паведамленне заведама няправільных звестак у нейкіх мэтах. Напрыклад, у мэтах таго, каб нейкая іншая асоба пазбегла адказнасці ці ж у мэтах атрымання кампенсацыі шкоды. Гэта відавочна не выпадак з Міхаілам Гладкім ».

Павел Сапелка звярнуў увагу на той факт, што Гладкім выкарыстаныя яшчэ не ўсе магчымасці каб аднавіць яго правы, але ўжо намецілася тэндэнцыя да таго, што дзяржава адназначна не жадае прызнаваць сваёй віны ў тым, што чалавек быў незаконна асуджаны. І ўсю маральную і юрыдычную адказнасць дзяржава ў гэтай сітуацыі перакладае на Гладкага. А першы прысуд, да якога Гладкі быў асуджаны так ні разу і не стаў прадметам пільнага разгляду.

Нагадаем, у 2003 годзе Міхаіла Гладкага прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі за забойства роднага брата. На той момант ён прызнаў сваю віну, так як шчыра лічыў, што забіў брата. У 2012 годзе прысуд у дачыненні да яго быў адменены ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях прыкмет злачынства. За забойства ў тым ліку і Гладкага В. быў прыцягнуты да адказнасці Лыкаў Э., а Міхаіл у сваю чаргу пачаў прадпрымаць спробы дамагчыся прызнання за ім права на кампенсацыю маёмаснай і маральнай шкоды. Дапамагае яму ў адстойванні правоў Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства