Пракуратура Івацэвіцкага раёна вынесла папярэджанне мясцоваму журналісту-фрылансеру
Павел Дайлід (на фота) быў выкліканы раніцай 8 чэрвеня ў раённую пракуратуру, дзе атрымаў тэкст афіцыйнага папярэджання “аб недапушчальнасці здзяйснення правапарушэнняў”.
З дакументу, які падпісаны намеснікам пракурора Івацэвіцкага раёна Сяргеем Жуковічам, вынікае, што была праведзена праверка паводле звестак Бярозаўскага РАУС наконт парушэнняў з боку Паўла Дайліда Закона РБ “Аб сродках масавай інфармацыі”. У прыватнасці, прэтэнзія да журналіста-фрылансера тычыцца змешчанай на інтэрнэт-старонцы “Радыё Свабода” публікацыі “Бунт у Спораве: сяляне патрабуюць вярнуць ім возера”. Паводле высноваў пракуратуры, ажыццяўляць свае прафесійныя абавязкі журналіст можа пры наяўнасці акрэдытацыі альбо па ўзгадненні з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, калі ў дачыненні да іх выкарыстоўваецца запіс.
У выніку пракуратура Івацэвіцкага раёна папярэдзіла Паўла Дайліда “пра недапушчальнасць у далейшым парушэнняў заканадаўства, якое ўсталёўвае парадак ажыццяўлення дзейнасці журналістаў сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Сам фрылансер паведаміў, што не збіраецца абскарджваць вынесенае пракурорскае папярэджанне, каб не марнаваць час, бо вынік такіх абскарджванняў добра вядомы і прадказальны.