Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Студзень 2021

2021 2021-02-02T14:32:34+0300 2021-02-05T21:30:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vokladka_january_2021.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады працягвалі актыўна ўжываць крымінальны пераслед грамадзян па палітычных матывах. У месцах несвабоды знаходзяцца 220 палітвязняў, іх колькасць працягвае павялічвацца. Агульная ж колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы ў выбарчы і пост-выбарчы перыяд, склала больш за 1 000 чалавек, пры гэтым ПЦ "Вясна" вядомыя прозвішчы больш за 770 фігурантаў;
  • улады працягвалі практыку затрыманняў удзельнікаў мірных дэманстрацый пратэсту і прымянення гвалту ў дачыненні да іх удзельнікаў;
  • агульная колькасць грамадзян, затрыманых за ўдзел у сходах на працягу месяца, склала не менш за 873 чалавекі.  Вядома пра 489 прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у сходах, з іх 304 чалавекі былі арыштаваныя, 137 падвергнутыя штрафам;
  • асаблівую занепакоенасць выклікаюць факты пераследу грамадзян за ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці і праваабаронцаў. Так, на працягу месяца былі затрыманыя і ўзятыя пад варту кіраўнік і валанцёрка гомельскага абласнога аддзялення ПЦ "Вясна" Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, а таксама журналіст Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна, а ў дачыненні да прадстаўнікоў праваабарончай арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» была пачатая праверка ДФР КДК;
  • 15 студзеня Мінскі абласны суд паўторна прысудзіў да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка. Смяротны прысуд быў вынесены на фоне заяваў некаторых службовых асобаў аб магчымай адмене смяротнага пакарання шляхам унясення адпаведных змяненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым А. Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя кіраўнікі краіны ніяк не каментавалі магчымасць хуткай адмены смяротнага пакарання, што абцяжарвае ацэнку рэальнасці дадзенага кроку з боку ўладаў Беларусі;
  • у цэлым, эксперты ПЦ "Вясна" адзначаюць працяг узмацнення рэпрэсій і яшчэ большае пагаршэнне крызісу правоў чалавека ў краіне. Цягам месяца намеціліся тэндэнцыі да яшчэ большага пагаршэння сітуацыі ў сувязі з магчымым унясеннем змяненняў у Крымінальны кодэкс, прызнаннем экстрэмісцкім сімвала пратэсту — беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга і іншымі дзеяннямі ўладаў.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Цягам 2020 г., па дадзеных ПЦ "Вясна", былі вынесены як мінімум 103 прысуды па крымінальных справах, звязаных з падзеямі да і пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Як паведаміў у сваім дакладзе намеснік міністра ўнутраных справаў Г. Казакевіч, у пост-выбарчы перыяд з 9 жніўня ў краіне зарэгістравана больш за 1 750 злачынстваў, звязаных з масавымі беспарадкамі, пагрозамі, гвалтам, супрацівам праваахоўнікам. З іх 667 здзейснены ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Раней Генпракуратура паведамляла пра больш за 900 крымінальных справаў, узбуджаных за гэты перыяд часу.

На дадзены момант ПЦ "Вясна" вядомыя прозвішчы больш за 770 фігурантаў узбуджаных крымінальных спраў. Большасць з іх з'яўляюцца абвінавачанымі па арт. 342 КК (арганізацыя альбо ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Вялікую групу складаюць крымінальныя справы, узбуджаныя па арт. 363, 364 КК (гвалт альбо супраціў супрацоўнікам міліцыі), а таксама крымінальныя справы, звязаныя з абразай службовых асобаў і прэзідэнта.

На працягу студзеня як мінімум 46 чалавек былі асуджаныя па палітычна матываваных крымінальных справах.  Колькасць палітвязняў працягвае пастаянна расці і на гэты момант складае 220 чалавек. У бліжэйшы час гэтая лічба значна павялічыцца, у першую чаргу за кошт тых, хто будзе накіраваны да адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу ў выніку ўступлення ў сілу адпаведных прысудаў.

Колькасць узбуджаных крымінальных справаў у перыяд да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. сведчыць аб небывалай хвалі рэпрэсій у дачыненні да беларускага грамадства. У студзені адзначаны працяг тэндэнцыі да іх узмацнення і, як вынік, яшчэ большага пагаршэння агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

На працягу месяца А. Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя службовыя асобы неаднаразова выказваліся аб узмацненні жорсткасці крымінальнай адказнасці і ўзмацненні барацьбы з праявамі экстрэмізму ў краіне. Дадзеныя выказванні былі зробленыя ў кантэксце прапанаваных змяненняў у Крымінальны кодэкс. 

Яскравым прыкладам таго, як будзе ажыццяўляцца гэтая "барацьба" і што маецца на ўвазе пад “экстрэмізмам”, з'яўляецца ініцыятыва Генеральнай пракуратуры аб прызнанні экстрэмісцкім беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, які двойчы быў дзяржаўным сцягам Беларусі — у 1918 і ў 1991-1995 гг., а ў перыяд масавых пратэстаў 2020 г. стаў іх сімвалам.

Такім чынам у бліжэйшы час варта чакаць узмацнення жорсткасці асобных палажэнняў крымінальнага заканадаўства для іх далейшага прымянення ў мэтах палітычна матываванага пераследу грамадзян, што можа прывесці да яшчэ большага павелічэння колькасці палітвязняў у краіне.

Асаблівы рэзананс у студзені атрымалі выпадкі ўзбуджэння крымінальных справаў і затрыманняў праваабаронцаў, а таксама першыя судовыя працэсы па г.зв. «справе Ціханоўскага».

12 студзеня супрацоўнікамі МУС у Мінску быў затрыманы журналіст і медыя-менеджар Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна.

15 студзеня ў афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Г. Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя “па падазрэнні ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці”. Па яго словах, “Аляксандраў і Злобіна з жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асобаў, якія прымалі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і вяртання сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ”.

Паводле паведамлення МУС, Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY_help.

На дадзены момант вядома, што Аляксандраў і Злобіна абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 342 КК (навучанне або іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а роўна фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці), яны ўзятыя пад варту і змешчаныя ў СІЗА.  Абодва абвінавачаныя былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі беларускай праваабарончай супольнасцю.

У судах Гродна і Лагойска пачаліся першыя судовыя працэсы ў дачыненні да фігурантаў т.зв. “справы Ціханоўскага”.  12 студзеня ў судзе Лагойскага р-на пачаўся працэс па справе блогера Уладзіміра Няронскага, які абвінавачваецца па ч. 1 арт. 342 і арт. 369 КК. Па версіі следства, Няронскі па папярэдняй змове з С. Ціханоўскім арганізаваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Гомелі, Мазыры, Брэсце, Мінску, Слуцку, Гродне і Магілёве.

18 студзеня ў судзе Кастрычніцкага р-на г. Гродна таксама пачаўся судовы працэс над затрыманымі на выбарчым пікеце па зборы подпісаў па вылучэнні С. Ціханоўскай у якасці кандыдаткі ў прэзідэнты 29 траўня ў г. Гродна Дзмітрыем Фурманавым, Яўгенам Разнічэнкам і Уладзімірам Кнігам. Менавіта на гэтым пікеце ў выніку спланаванай правакацыі спецслужбаў быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні С. Ціханоўскай вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі.

Нягледзячы на тое, што абвінавачванні датычацца дзеянняў, учыненых па папярэдняй змове з С. Ціханоўскім альбо пры яго непасрэдным удзеле, самога Ціханоўскага на гэтых судовых працэсах не дапытваюць, ствараючы такім чынам сітуацыю, калі дадзеныя, устаноўленыя ў папярэднім судовым пасяджэнні, не будуць падлягаць даказванню ў судовым працэсе над самім С. Ціханоўскім і будуць з’яўляцца доказамі па справе.  Аднак варта нагадаць, што суд у любым выпадку павінен ўсталяваць усе акалічнасці, якія адносяцца да сутнасці прад'яўленага абвінавачванні, і непрыняцце мер па ўсебаковаму і аб'ектыўнаму разгляду справы будзе расцэньвацца як парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору.

Крымінальная справа ў дачыненні да Віктара Бабарыкі і іншых фігурантаў справы “Белгазпрамбанка” была перададзеная Генеральнай пракуратурай у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, які будзе разглядаць гэтую справу ў якасці суда першай інстанцыі. Улічваючы факт таго, што прысуды, вынесеныя Вярхоўным Судом у якасці суда першай інстанцыі, уступаюць у сілу неадкладна пасля іх вынясення, гэта пазбаўляе асуджанага магчымасці абскарджання прысуда, які не ўступіў у законную сілу, у апеляцыйным парадку.  Немагчымасць абскарджання вынесенага прысуду да яго ўступлення ў законную сілу безумоўна парушае правы Віктара Бабарыкі і іншых абвінавачаных на справядлівае судовае разбіральніцтва. Адвакаты Бабарыкі падалі заяву ў Вярхоўны суд, у якой патрабуюць перадаць справу на разгляд у суд ніжэйшага ўзроўню.

Таксама варта адзначыць, што многія судовыя працэсы па палітычна матываваных крымінальных справах праходзяць у закрытым рэжыме, на іх не дапускаюцца прадстаўнікі СМІ, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскасці.

Пераслед праваабаронцаў

18 студзеня ў Гомелі былі затрыманыя кіраўнік гомельскага аддзялення ПЦ «Вясна» Леанід Судаленка, а таксама валанцёрка ПЦ “Вясна” Марыя Тарасенка, якая была вызваленая праз тры дні. У дачыненні ж да Судаленкі была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і іх фінансаванне). 28 студзеня яму было прад'яўленае абвінавачванне і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай у СІЗА г. Гомеля.

21 студзеня ў аэрапорце г. Мінска была затрыманая валанцёрка ПЦ «Вясна» Таццяна Ласіца. У дачыненні да яе была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 і ч. 2 арт.  342 КК. Абвінавачаная пераведзеная ў СІЗА г. Гомеля.

28 студзеня стала вядома, што ў дачыненні да валанцёра ПЦ «Вясна» Андрэя Чапюка ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у дзейнасці злачыннай арганізацыі). Акрамя яго гэтая крымінальная справа распачатая ў дачыненні да раней затрыманых паводле абвінавачвання ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках Аляксандра Францкевіча і Акіхіра Гаеўскага-Ханады. Гэтая акалічнасць і заявы СК па дадзенай крымінальнай справе сведчаць аб падрыхтоўцы ўладамі новай прапагандысцкай крымінальнай справы аб нібыта змове з мэтай звяржэння дзяржаўнай улады, дзе ў ролі небяспечных дзяржаўных злачынцаў у гэты раз будуць выступаць актывісты анархічных групаў, а ў ролі тых, хто фінансуе іх дзейнасць, — праваабаронцы.

21 студзеня Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю праводзіў праверку ў дачыненні да службовых асобаў праваабарончай арганізацыі “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”, паведамілі ў прэс-службе КДК.

У ведамстве заявілі, што праверка звязаная з пытаннямі “магчымага неправамернага завалодання ў перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі установай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэтаў аказання дапамогі беларускім грамадзянам з інваліднасцю”.

“Па выніках праверкі з улікам сабраных матэрыялаў будзе прынята рашэнне ў рамках дзеючага Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства”, — сказана ў паведамленні.

Паводле інфармацыі “Белсат”, у бухгалтара "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" Таццяны Крышталь дома прайшоў ператрус: забралі камп’ютар і тэлефон.

У памяшканні арганізацыі таксама адбыўся ператрус: канфіскавалі дакументы і тэхніку. У ДФР на допыт забралі кіраўніка офіса Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага. Праз некалькі гадзін іх вызвалілі, канфіскавалі для праверкі камп’ютары і тэлефоны.

Затрыманні і факты пераследу беларускіх праваабаронцаў выклікалі значны міжнародны рэзананс.

Парушэнне права на жыццё. Смяротнае пакаранне

15 студзеня Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку абвясціў прысуд у дачыненні да Віктара Скрундзіка і яшчэ траіх жыхароў Слуцкага раёна, якіх абвінавачвалі ў забойстве пенсіянераў і замаху на забойства сталай жанчыны. Старшыняваў у судовым пасяджэнні суддзя Сяргей Епіхаў. Прысуд у дачыненні да Віктара Скрундзіка раней ужо адмяняўся Вярхоўным судом. Пры новым разглядзе ён быў апраўданы па адным з эпізодаў — замаху на забойства 85-гадовай жанчыны. Аднак, нягледзячы на частковае апраўданне і анансаваную адмену смяротнага пакарання, менавіта гэтае пакаранне зноў прызначанае В. Скрундзіку.

Генеральны дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па пытанні скасавання смяротнага пакарання Уладзімір Варданян асудзіў вынясенне ў Беларусі смяротнага прысуду Віктару Скрундзіку.

Парушэнне права на мірныя сходы

Адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных сходаў і пікетаў, а таксама пакаранне за размяшчэнне нацыянальнай або пратэстнай сімволікі застаюцца распаўсюджаным інструментам парушэння правоў пратэстоўцаў.

Па дадзеных Валанцёрскай службы ПЦ «Вясна»:

- у студзені затрымана па палітычных матывах не менш за 873 чалавекі, больш за ўсё – у Мінску і Мінскай вобласці (709 чалавек); 37 чалавек затрыманыя ў Віцебскай вобласці, 27 — у Гомельскай, 22 — у Брэсцкай, 19 — у Гродзенскай, 14 — у Магілёўскай. Шасцёра з іх — непаўналетнія, 391 — жанчыны, 475 — мужчыны. Вынесена 489 пастановаў суда ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў, з іх арыштам пакараныя 304 чалавекі, штрафам — 137, двое — арыштам і штрафам. 40 пратаколаў адпраўлена на дапрацоўку, 6 адміністрацыйных справаў спынена. 173 чалавекі пакараныя арыштам на тэрмін ад 15 да 22 сутак, 24 чалавекі пакараныя максімальным арыштам на 25 сутак (без уліку паўторных арыштаў), 10 чалавек — штрафам у 50, адзін — у 70 базавых велічынь;

- суддзі па-рознаму ўцягнутыя ў працэс рэпрэсій: Дзмітрый Карсюк вынес 23 пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, Марыя Ярохіна — 20, суддзі Сяргей Кацэр, Таццяна Шоцік, Анастасія Ачалава, Юлія Блізнюк, Святлана Бандарэнка, Алёна Бушава, Антон Колабаў, Таццяна Матыль, Вікторыя Шабуня — па 5-7 пастаноў, Марына Фёдарава — 10, Максім Трусевіч — 17, Юлія Чыж — 10, Анастасія Ляйкоўская — 9, Алена Жывіца — 12, Вераніка Барысава з Віцебска — 13 пастановаў;

- спынілі адміністрацыйныя справы суддзі Анастасія Ачалава (адна справа), Вераніка Барысава (дзве) і Уладзімір Царыкаў з Віцебска, які спыніў тры з пяці разгледжаных справаў. На дапрацоўку пяць пратаколаў накіравала суддзя А. Ляйкоўская, тры з чатырох разгледжаных — суддзя Таццяна Ліннік;

- найбольш стабільная ў сваіх рашэннях суддзя Наталля Дзядкова: па ўсіх сямі разгледжаных справах вынесеныя арышты тэрмінам на 15 сутак. Імкнецца не зніжаць узровень рэпрэсій суддзя М. Фёдарава: ад 12 да 20 сутак арышту па дзевяці разгледжаных справах. Суддзя суда Цэнтральнага раёна г. Мінска Д. Карсюк ва ўсіх магчымых выпадках прызначаў арышт на тэрмін ад 13 да 25 сутак, а маці непаўналетніх і пенсіянерку, якім па законе нельга было прызначыць арышт, пакараў штрафамі ў 50 і 30 базавых велічынь адпаведна.

Пераслед удзельнікаў мірных сходаў не абмяжоўваецца адміністрацыйным: 15 студзеня суд Першамайскага раёна г. Мінска вынес першы прысуд па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за “Марш супраць тэрору”, прымеркаваны да дня памяці продкаў Дзяды 1 лістапада мінулага года, калі Следчы камітэт прызнаў падазраванымі па справе 231 чалавека. 47-гадовага Міхаіла Глухоўскага асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, абвінаваціўшы яго ў перакрыцці дарогі каля Парка Чалюскінцаў падчас шэсця ва ўрочышчы Курапаты, чым прычыненая шкода "Мінсктрансу" на суму больш за 10 тысяч рублёў. Абвінавачванне падтрымала памочніца пракурора Ірына Зубко.

29 студзеня суд Заводскага раёна горада Мінска вынес прысуд 19-гадовай палітзняволенай Рэнаце Смірновай. Яе прызналі вінаватай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка. Дзяржабвінавачанне прадстаўляла старэйшая памочніца пракурора раёна В. Зубік. Рэната Смірнова была затрыманая разам з хлопцам 1 лістапада на “Маршы супраць тэрору” ў Мінску. Да суду яна змяшчалася пад вартай у СІЗА. Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што 1 лістапада яна была на праспекце Незалежнасці ў групе асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а менавіта стаяла ў першым шэрагу "счэпкі" і блакавала дарогу. Шкода Мінсктрансу — тыя ж самыя 10 689,76 рублёў, што выставілі раней асуджанаму М. Глухоўскаму.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) звярнуліся да спецыяльных дакладчыкаў Камітэта па правах чалавека ААН, Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Спецдакладчыцы па Беларусі Анаіс Марэн па прычыне з'яўлення ў Інтэрнэце аўдыёзапісу, на якім чалавек, ідэнтыфікаваны ініцыятывай BYPOL як цяперашні намеснік МУС Мікалай Карпянкоў, які раней займаў пасаду начальніка ГУБАЗіК МУС, паведамляе падначаленым аб планах па ўзмацненні жорсткасці дзеянняў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

На думку праваабаронцаў, дадзены аўдыёзапіс сведчыць аб намерах ўладаў перайсці да яшчэ больш радыкальных дзеянняў у адносінах да пратэстоўцаў, зрабіўшы рэалізацыю правоў чалавека абсалютна немагчымай.

Парушэнне права на выказванне меркавання

У студзені ў Беларусі працягваўся крымінальны пераслед іншадумства.

Пакаранню падвяргаюцца аўтары надпісаў і малюнкаў грамадска-палітычнага зместу; асобна пераследуюцца людзі, якія сарвалі або знішчылі дзяржаўныя сцягі, якія пасля падзей другой паловы 2020 года дэманстратыўнымі намаганнямі ўладаў з сімвалаў дзяржавы ператварыліся ў увасабленне ўзурпаванай улады, беспакараных рэпрэсій і гвалту. Яханэсбургскія прынцыпы ў галіне нацыянальнай бяспекі, свабоды выказвання меркавання і доступу да інфармацыі прадугледжваюць, што мірнае ажыццяўленне права на свабоду выказвання меркавання не павінна разглядацца як пагроза нацыянальнай бяспекі або падвяргацца абмежаванням або пакаранню.  Ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, а таксама замежнай нацыі, дзяржавы або яе сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абраза не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў або могуць пацягнуць такія дзеянні.

Так, 6 студзеня суд Ленінскага раёна Брэста прысудзіў да 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 370 Крымінальнага кодэкса 17-гадовага кобрынца Арцёма Зелянкова. Суддзя Дзмітрый Шурын прысудзіў яго да крымінальнага пакарання за спробу спаліць 27 верасня дзяржаўны сцяг у Брэсце каля фантана на цэнтральнай вуліцы горада.

Крымінальнаму пераследу 12 студзеня ў Драгічыне падвергнуўся 16-гадовы Аляксандр Несцярук, які, па версіі абвінавачвання, зламаў дрэўка вывешанага на будынку сцяга і пакінуў сцяг на зямлі. Падтрымаў абвінавачванне ў судзе намеснік пракурора Драгічынскага раёна Аляксандр Камянец, які ўгледзеў у гэтым знявагу дзяржаўных сімвалаў і прапанаваў пакараць непаўналетняга 6 месяцамі абмежавання волі. Суд у складзе старшыні раённага суда Лявонція Станкевіча і народных засядацеляў Уладзіміра Грыцука і Мікалая Данілюка вынес абвінаваўчы прысуд і ўжыў да Несцярука прымусовыя меры выхаваўчага характару.

У Гомелі за сарваны сцяг асуджаны 46-гадовы Аляксей Палішчук. Яго абвінавацілі па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса за знявагу дзяржаўных сімвалаў. Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі прысудзіў яго да 1 года абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

У пост-выбарны перыяд аднавілася практыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці за абразу прэзідэнта і паклёп у дачыненні да яго.

6 студзеня ў судзе Смаргонскага раёна вынесены прысуд па крымінальнай справе 19-гадовага мясцовага жыхара Іллі Вайткевіча. Яго абвінавацілі ў публічнай абразе прэзідэнта Беларусі па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Справу разглядаў суддзя Сяргей Балондзь, дзяржаўны абвінаваўца —пракурор раёна Андрэй Клышэвіч.

У адсутнасць спрыяльнага асяроддзя для выказвання меркаванняў на аснове роўнасці, выказванне меркаванняў часам набывае супрацьпраўны характар. Аднак закон па-рознаму абараняе прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і грамадзян. Паклёп і абраза ў дачыненні да першых неадкладна пераследуюцца ў крымінальным парадку; характар санкцый (крымінальнае пакаранне) відавочна не адпавядае мэтам дапушчальнага абмежавання свабоды выказвання.

6 студзеня ў Берасці суддзя Яўген Брэган асудзіў паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп) да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу 28-гадовага берасцейца Максіма Смірнова за рэпост у тэлеграм-канале публікацыі пра камандзіра атрада АМАП УУС Брэсцкага аблвыканкама Максіма Міховіча. Міховіч значыцца ў санкцыйным спісе Еўрапейскага саюза “за кампанію рэпрэсій і запалохвання, якая праводзіцца сіламі АМАП у Брэсце пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у прыватнасці за адвольныя арышты і жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі”.

20 студзеня суд Маскоўскага раёна горада Брэста вынес прысуд Аляксандру Глазырыну, якога абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Яго прызналі вінаватым у абразе супрацоўніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Паўла Тасоева і прызначылі пакаранне — два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Справу разглядала суддзя Вера Філонік, дзяржабвінаваўца — пракурор Дайнека.

22 студзеня ў Слонімскім раённым судзе абвешчаны прысуд Кацярыне Салевіч, якую абвінавачвалі ў абразе службовай асобы: 25 жніўня яна зрабіла рэпост фатаграфіі і асабістай інфармацыі міліцыянта АМАП ГУУС Мінгарвыканкама старшага сяржанта міліцыі Сяргея Асколкава ў тэлеграм-канале “Слонім для жыцця”. Пад рэпостам дзяўчына размясціла паведамленне “з тэкстам абразлівага зместу, які прыніжае гонар і годнасць Асколкава”. Суддзя Аляксандр Ярмолік пакараў абвінавачаную адным годам абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Салевіч таксама абавязаная выплаціць “пацярпеламу” 1 000 рублёў маральнай кампенсацыі, а таксама 87 рублёў дзяржпошліны. Дзяржабвінавачанне прадстаўляла Юлія Ягоўдзік.

Значна даражэй суд ацаніў маральныя пакуты прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай. 26 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў 43-гадовага Дзмітрыя Ушацкага да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса за абразу ў тэлеграм-чаце, дзе ён убачыў каментар Чамаданавай з нагоды затрымання Ціханоўскага; гэты каментар у яго выклікаў незадаволенасць і абурэнне. Суд спагнаў на карысць чыноўніцы МУС з абвінавачанага 5 000 рублёў. Справу разглядала суддзя Таццяна Акавітая.

Парушэнне права не падвяргацца катаванням і іншым відам забароненага абыходжання

Па дадзеных валанцёраў ПЦ "Вясна", на працягу месяца 14 чалавек з ліку затрыманых за ўдзел у мірных пратэстах заявілі аб прымяненні да іх катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжання.

Акрамя таго, жорсткаму зневажальнаму абыходжанню падвяргаюцца ў ізалятарах людзі, падвергнутыя адміністрацыйнаму арышту: яны пазбаўленыя перадач, а значыць і прадметаў першай неабходнасці, утрымліваюцца ў антысанітарных умовах у перапоўненых камерах, не забяспечваюцца своечасовымі шпацырамі і душам.

26 студзеня Праваабарончы цэнтр "Вясна" прадставіў даклад “Адміністрацыйны арышт у Беларусі-2020 як інструмент парушэння правоў чалавека”.

На падставе анкетавання 550 чалавек, якія ўтрымліваліся ў 41 ізалятары ў 36 гарадах, а таксама ў іншых месцах, выкарыстаных для ўтрымання адміністрацыйна затрыманых, была сабраная інфармацыя аб розных абставінах, звязаных з адміністрацыйным затрыманнем і адбываннем адміністрацыйнага арышту. Перш за ўсё ўсе гэтыя выпадкі разглядаліся ў кантэксце парушэння права на жыццё, права не падвяргацца катаванням і жорсткаму, бесчалавечнаму, зневажальнаму абыходжанню, права на асабістую недатыкальнасць, у тым ліку права на вызначэнне судом законнасці заключэння пад варту, а таксама права на справядлівы суд.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства