Першы суд за інцыдэнт на пікеце 29 траўня ў Гродне: Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны Фота Дапоўнена
У Гродне 18 студзеня пачаўся першы суд за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня па так званай "справе Ціханоўскага". На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга. Іх усіх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі па справе прызнаныя чатыры супрацоўнікі міліцыі. Пацярпелы ўчастковы Уладзімір Казлоўскі, які на пікеце апынуўся на зямлі, заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў. "Вясна" назірае за судовым пасяджэннем і вядзе анлайн з залі суда.
Каго судзяць і за што?
На лаве падсудных знаходзяцца тры чалавекі:
- 36-гадовы палітвязень і вязень сумлення Дзмітрый Фурманаў — ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Дзмітрый Фурманаў адміністраваў тэлеграм-чат "Страна для жизни", быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродне. Увечары 29 траўня Дзмітрый сядзеў за столікам на Савецкай плошчы і збіраў подпісы. Ён знаходзіўся ўдалечыні ад інцыдэнту, аднак сілавікі ў цывільным затрымалі актывіста разам з крэслам і змясцілі ў аўтамабіль. Сваякі Дзмітрыя паведамляюць, што пры затрыманні ён быў збіты да страты прытомнасці, спатрэбілася зашываць вуха. Некаторы час яго бацькі і дзяўчына трымалі галадоўку за вызваленне Дзмітрыя пад сценамі "Валадаркі", дзе знаходзіўся іх блізкі. У адказ на галадоўку ўлады перавялі Дзмітрыя ў жодзінскі ізалятар і прыгразілі затрымаць дзяўчыну Дзмітрыя Вольгу Каракіну, якая працягвала галадоўку, і неабыякавых людзей як удзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
- 35-гадовы Яўген Разнічэнка — артыкулы 342 і 364 (гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да міліцыянтаў 29 траўня) Крымінальнага кодэкса.
Яўген быў падпісчыкам "Страна для жизни". На відэа інцыдэнту з падзеннем міліцыянта 29 траўня ў Гродне трапіў мужчына ў скураной куртцы — гэта і быў Яўген.
Да затрымання ён паспеў растлумачыць, што проста паклаў міліцыянта на зямлю ва ўзніклай патасоўцы: "Ён проста на мяне ўпаў, а я яго ўжо падхапіў адпаведна, каб не даць чалавеку стукнуцца пра нешта", — казаў Яўген. Акрамя таго, ён запэўніў, што "ніякай бойкі там на самай справе не было".
- 39-гадовы Уладзімір Кніга — артыкулы 342 і 364 (гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да міліцыянтаў 29 траўня) Крымінальнага кодэкса.
Уладзімір быў валанцёрам, які збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую. Уладзімір — адстаўны прапаршчык АМАПу, які служыў амаль 10 гадоў. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 КК) на 3,5 года.
Што адбываецца на судзе?
Судовы працэс пачаўся са спазненнем, бо не ўсе жадаючыя змаглі патрапіць на судовы працэс. Адразу ў судовую залю патрапілі каля дзясятка студэнтаў-практыкантаў. Па словах студэнтаў БІП, яны не ведалі, што іх накіравалі менавіта на гэты працэс. Такая практыка "запаўнення залі", каб не ўсе жадаючыя змаглі патрапіць на "палітычны" суд, час ад часу выкарыстоўваецца ўладамі (напрыклад, на судзе брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна ўсю залю запоўнілі супрацоўнікі міліцыі). Адвакатка Разнічэнкі заявіла хадайніцтва аб змене гэтай залы на большую, але суддзя сказала, што ўжо не будзе прыпыняць судовы працэс, магчыма, хадайніцтва будзе разгледжана пазней. У залю не патрапіла некалькі дзясяткаў людзей, сярод якіх — сваякі абвінавачаных, блогеры.
Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Гродна Мікіта Мыслівец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты. На суд з'явіліся толькі два пацярпелыя ад дзеянняў Разнічэнкі і Кнігі супрацоўнікі міліцыі — Уладзімір Казлоўскі і Александр Хваленя. Пацярпелыя супрацоўнікі АМАПу — Рахунок і Буднік — на суд не змаглі з'явіцца па прычыне хваробы і сесіі. Участковы Казлоўскі адразу заявіў пазоў да Разнічэнкі аб кампенсацыі маральнай шкоды на суму 8 000 рублёў.
У судзе адразу будзе дапытаны абвінавачаны палітвязень Дзмітрый Фурманаў. Пасля гэтага будуць дапытаныя пацярпелыя і сведкі па справе. Пасля допытаў і вывучэння ўсіх матэрыялаў справы свае паказаннні дадуць Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.
Яўген Разнічэнка заявіў, што падчас утрымання пад вартай у яго з'явіліся праблемы са слыхам, таму прасіў пракурора зачытваць абвінавачванні грамчэй.
У чым іх абвінавачваюць па матэрыялах справы?
Пракурор Мыслівец зачытаў абвінавачванні кожнаму падсуднаму на 20 хвілін. Разнічэнку, Фурманава і Кнігу абвінавачваюць у арганізацыі "незаконнага масавага мерапрыемства 29 траўня пад выглядам пікетавання па збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай" без падачы заявы на дазвол правядзення масавага мерапрыемства. Па матэрыял справы, супрацоўнікі міліцыі і АМАПу прыехалі на Савецкую плошчу 29 траўня "ў сувязі з паступіўшымі заявамі ад грамадзян па нагоды прыставання жанчын да Ціханоўскага". Але, па версіі абвінавачвання, калі міліцыянты прыехалі для выясненя абставінаў, Ціханоўскі не выканаў іх законныя патрабаванні застацца на месцы, каб даць тлумачэнні, і стаў выдаляцца з месца інцындэнту, а Разнічэнка і іншыя асобы пачалі адцягваць увагу ад Ціханоўскага з мэтай выключэння яго затрымання, "падаючы яму магчымасць бесперашкодна пакінуць месца правядзення масавага мерапрыемства", прымянілі гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі. Па версіі абвінавачвання, гэта быў раней распрацаваны план дзеянняў Ціханоўскага, Фурманавага і іншых асобаў, менавіта яны справакавалі сітуацыю.
Па абвінавачванню Дзмітрый Фурманаў па папярэдняй змове і раней распрацаваным плане дзеянняў, распаўсюджаным Статкевічам, Севярынцам і Ціханоўскім, дзейнічаючы з карыслівых меркаванняў за матэрыяльнае ўзнагароджанне ад Ціханоўскага, будучы каардынатарам па зборы подпісаў па Гродне і з'яўляючыся актывістам пратэстнага руху "Страна для жизни", у мэтах выканання сваёй ролі па стварэнні ўмоваў для здзяйснення злачынства, ажыццявіў шуканне іншых асоб: Разніченку, Кнігу і іншых асоб, здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Па абвінавачванні ўдзельнікі масавага мерапрыемству перашкаджалі супрацоўнікам АМАПа Рахунку і Будніку па затрыманні Ціханоўскага і змяшчэнню яго ў мікрааўтобус. Па версіі абвінавачвання, дзеянні падсудных пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту — тралейбуса №3. Але час, на які была прыпынена праца аднаго грамадскага транпарту, не ўдакладняецца.
Разнічэнку абвінавачваюць па арт. 364 КК у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў Уладзіміра Казлоўскага ў мэтах перашкоджання яго законнай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці. Згодна абвінавачванню, Разнічэнка схапіў Казлоўскага, пасля чаго паваліў яго на плітку, у выніку чаго Казлоўскі атрымаў не менш 2 удараў у галаву і брушную сценку. У выніку дзеянняў Разнічэнкі Казлоўскаму былі нанесеныя фізічныя пашкоджанні і пабоі, а таксама пашкоджанне форменнага абмундзіравання.
Усе абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.
"Я атрымаў удар кулаком у твар, з-за чаго на нейкі час страціў прытомнасць". Допыт Дзмітрыя Фурманава
Першым на судзе дапытаецца Дзмітрый Фурманаў. Ён растлумачыў, што ні ў якіх грамадскіх і палітычных арганізацыях ён не быў зарэгістраваны. Адміністратарам телеграм-чата "Страна для жизни" Фурманаў быў з лютага 2020 года. На пытанне суддзі, як ён стаў адміністратарам, Дзмітрый сказаў, што "па прапанове Ціханоўскага".
"Ціханоўскі ўбачыў, што я дастаткова добра маю зносіны з людзьмі ў телеграм-чаце, таму ён палічыў дастатковым, каб прапанаваць стаць адміністратарам чата".
Па яго словах, у чаце абмяркоўвалі разнастайныя тэмы: "Штосьці канкрэтнае складана вылучыць". Пракурор спытаў тэму чата: "Аўтамабілі, спорт?" Дзмітрый Фурманаў сказаў: "Жыццё людзей".
На судзе ён растлумачыў, што ў яго абавязкі ўваходзіла захаванне правілаў чата: невыкарыстанне ненарматыўнай лексікі і разнастайныя правілы, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх чатах. Ён маніторыў чат "у вольны час" — каля гадзіны ў дзень. Па словах Фурманава, мадэляванне чата ніяк не фінансавалася. На пытанне пракурора, ці абмяркоўваліся ў чаце нейкія палітычныя тэмы, ён не мог успомніць. У телеграм-чата "Страна для жизни" былі і іншыя адміністратары, але акрамя Ціханоўскага, ён нікога не ведаў.
Пракурор спытаў, якія каналы вёў яшчэ Ціханоўскі, але Фурманаў сказаў, што ён не ў курсе яго дзейнасці.
Пракурор задаў шэраг пытанняў, які тычыцца яго дзяўчыны Вольгі Каракінай: дзе пражывалі, у агульнай кватэры ці маюцца рэчы Дзмітрыя, ці можна назваць адносіны паміж імі давернымі.
"Да знаёмства я ведаў, што ён з'яўляецца вядучым ютуб-канала "Страна для жизни". На ягоным канале мяне прыцягнулі ў большай ступені — інтэрв'ю з палітыкамі, у меншай ступені — са звычайнымі людзьмі".
На пытанне суддзі, ці быў Фурманаў падпісаны на яго, ён адмовіўся адказваць на гэтае пытанне. Пракурор працягвае допыт, што адлюстроўвалася ў роліках Ціханоўскага. Пракурор спытаў, ці дзейнічаў Ціханоўскі як прадстаўнік СМІ.
Па словах Дзмітрыя Фурманава, ён асабіста сустракаўся з Ціханоўскім 14 лютага 2020 года ў парку Жылібера, калі блогер прыехаў у Гродна. На той момант, ён яшчэ не быў адміністратарам телеграм-чата. Дзмітрый растлумачыў, што ён убачыў аб'яву аб прыездзе Ціханоўскага ў Гродне ў телеграм-канале "Страна для жизни". Яму патрэбны быў чалавек, які пазнаёміў бы яго з горадам. Дзмітрый падахвоціўся стаць суправаджальнікам па Гродне для Сяргея Ціханоўскага, ён пагадзіўся правесці яму экскурсію, бо блогер быў у горадзе ўпершыню. Мэта паездкі Ціханоўскага ў Гродна"Да знаёмства я ведаў, што ён з'яўляецца вядучым ютуб-канала "Страна для жизни". На ягоным канале мяне прыцягнулі ў большай ступені — пагаварыць з мясцовымі жыхарамі.
Дзмітрый Фурманаў распавядае, што калі прыйшоў на сустрэчу з Ціханоўскім у Парк Жылібера, то на сустрэчы было ўжо каля 10 чалавек: ён браў інтэрв'ю, размаўляў з людзьмі, а аператар [Арцём Сакаў] здымаў гэта ўсё на камеру.
Дзмітрый Фурманаў таксама выказаўся ў інтэрв'ю Ціханоўскаму. На судзе ён не мог успомніць, што канкрэтна ён там казаў:
"Усе гэтыя відэа ёсць у адкрытым доступе ў ютуб-канале "Страна для жизни". Калі яго не заблакавалі..."
Фурманаў растлумачыў на пытанні пракурора, што на сустрэчы не было ніякай сімволікі. Менавіта пасля сустрэчы Ціханоўскі прапанаваў адміністраваць телеграм-чат. Па словах Фурманова, з блогерам яны размаўлялі перыядычна па пытаннях чата. Пракурор спытаў пра фінансаванне паездак Ціханоўскага, на што Фурманаў сказаў, што яму данацілі беларусы.
Адно з пытанняў пракурора: "Калі вы даведаліся, калі канкрэтна будуць праведзеныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі?" Фурманаў паведаміў, што пасля нарады ЦВК. Пракурор спытаў, ці ўтрымлівалі ролікі Ціханоўскага станоўчую інфармацыю ці толькі негатыўную? Фурманаў зноў адмовіўся ад дачы паказанняў.
На гэтыя пытанні Фурманаў адмовіўся адказваць. Па словах Дзмітрыя, ён ніякім чынам не аказваў уздзеянне, у тым ліку фінансавае, ютуб-канала "Страна для жизни": толькі адна экскурсія па Гродне.
У Фурманава пыталіся, калі Ціханоўскі вырашыў вылучацца ў кандыдаты ў прэзідэнты, адкуль пра гэта даведаўся Зміцер. Ён растлумачыў, што ён даведаўся з відэароліка "Страна для жизни". Зміцер сказаў на судзе, што стаць каардынатарам па зборы подпісаў па Гродне, ніякае ўзнагароджанне ён за гэта не атрымліваў і яму нічога не абяцалі. Фурманаў запоўніў электронную заяўку, пасля гэтага ў тэлеграме з ім звязаўся з Ціханоўскі, каб ён забраў пасведчанне каардынатара па Кастрычніцкім і Ленінскім раёне Гродна ад Цэнтрвыбаркама.
Ён распавёў на судзе, што ездзіў з Ціханоўскім збіраць подпісы ў Гомель, Магілёў, Баранавічы, Слуцк і Гродна. На пытанне пракурора Фурманаў адказаў, што пачаў ездзіць з ім на наступны дзень пасля атрымання пасведчання.
Пракурор спытаў, ці спансаваліся кімсьці паездкі Ціханоўскага, на што Фурманаў адказаў, што яму невядома гэта. Харчаванне і начоўкі Дзмітрыя ў паездках аплачваў Ціханоўскі. Загадзя дамоўленасці пра гэта не было. Дзяржабвінаваўца спытаў, на якія сродкі жыў Фурманаў з лютага 2020 года, бо афіцыйна ён працаўладкаваны не быў, Дзмітрый сказаў, што ў яго былі зберажэнні.
На судзе Фурманаў распавёў, што падчас паездак убачыў, што ў іншых сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай не хапае ведаў па афармленні падпісных дакументаў, фіксацыі подпісаў. Дзмітрый вырашыў аказваць юрыдычную дапамогу падчас гэтых паездак. Ездзіць па гарадах з Ціханоўскім-гэта ініцыятыва Фурманава.
Ён распавёў, што не ведае, хто арганізоўваў пікет у Горадні. Сам Дзмітрый ўдзелу ў гэтым не прымаў. Па словах Дзмітрыя, калі ён прыехаў 29 траўня ў Гродна, на Савецкай плошчы ўжо ішоў збор подпісаў. Яму паказалі, што ёсць вольны стол і крэсла, за якімі ён можа прыступаць да збору подпісаў.
Як распавядае Дзмітрый у судзе, на плошчы панавала спакойная і прыязная абстаноўка. У нейкі момант ён убачыў супрацоўнікаў з гучнагаварыцелямі, але Фурманаў не чуў якіх-небудзь заклікаў ад іх, адрасаваных удзельнікам мерапрыемстваў.
"Калі супрацоўнік упаў, праз некалькі секунд мяне схапілі невядомыя"
Па словах Дзмітрыя, ён не быў знаёмы з Разнічэнка і Кнігі. Пракурор спытаў, ці звяртаўся Фурманаў да Разнічэнкі і Кнігі аказаць сілавую падтрымку на выпадак затрымання Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі. Зміцер адказаў што не, Рознічэнка ён толькі бачыў на пікеце ў Гродне. Кнігу ніколі не бачыў. Таксама Дзмітрый Фурманаў паведаміў, што ніякіх заклікаў да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ён не здзяйсняў.
Пракурор спытаў, ці знаёмы Дзмітрый з Арановічам Аляксандрам, Цыгановічам Віталём, Лосікам Ігарам, Казловым Зміцерам. Фурманаў сказаў, што толькі з матэрыялаў справы.
На пытанні пра інцыдэнт з міліцыянтам, Дзмітрый сказаў, што ён пачуў свісток і крыкі:
"Я бачыў з-за стала, за якім збіраў подпісы, момант, калі супрацоўнік ляжаў на тратуарнай пліткі. Я не стаў надаваць гэтаму ўвагі, а працягнуў збіраць подпісы. Калі супрацоўнік упаў, праз некалькі секунд мяне схапілі невядомыя, таму ў мяне не было часу разглядаць".
Пра сваё затрыманне 29 траўня на пікеце Дзмітрый распавёў наступнае:
"Да мяне падбеглі людзі ў масках і схапілі. Пры гэтым я атрымаў удар кулаком у твар, з-за чаго на нейкі час страціў прытомнасць. У аўтобусе мяне кінулі на падлогу, ужылі балявы прыём на запясце, у гэты момант я прачнуўся. Так я правёў ўвесь час да выгрузкі ў будынак, якое мне было адразу невядома. Мяне завялі з капюшонам на галаве — як з бандытам паступаюць — у будынку міліцыі, як я потым даведаўся. Людзі, якія мяне выкралі, былі не ў міліцэйскай форме".
"Куды вы накіраваліся пасля збору подпісаў 29 траўня?"
Пракурор пытаўся ў Дзмітрыя, ці знаёмы ён з Мікалаем Статкевічам. Фурманаў сказаў, што ён толькі ведае, што гэта палітык, які вылучаўся ў кандыдаты ў прэзідэнты ў 2010 годзе. Усю інфармацыю аб ім ён ведаў з ютуб-канал "Страна для жизни". Пракурор задаў шэраг пытанняў пра блогера Дзмітрыя Казлова "шэрага ката". Фурманаў сказаў, што ён асабіста з ім не знаёмы.
Пракурор задаў пытанне:
— Куды вы накіраваліся пасля збору подпісаў 29 траўня?
Зала засмяялася, Дзмітрый нагадаў, што яго затрымалі. Пракурор працягнуў задаваць пытанні Дзмітрыю аб зняцці грашовых сродкаў/замежнай валюты Ціханоўскім у банку, ці сустракаўся Ціханоўскі са Статкевічам. Фурманаў адказаў, што не ведае, і бачыў Статкевіча толькі ў адным з відэаролікаў "Страна для жизни".
У момант калі яго затрымлівалі, ён у левай руцэ трымаў пашпарт чалавека і запісваў іх дадзеныя ў падпісны ліст. Яго затрымлівалі шэсць чалавек у цывільным у медыцынскіх масках. Яму ніхто не тлумачыў, што адбываецца і ён не разумеў, што адбываецца затрыманне. Усё гэта адбывалася на вачах у бацькоў Фурманава.
— Калі Вам была агучаная прычына затрымання?
— Так мне і не была агучаная прычына...
Допыт Дзмітрыя Фурманава на гэтым скончаны. Нагадаем, яго абвінавачваюць у арганізацыі і актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Суд працягнецца заўтра, 19 студзеня, у 10:45. Чакаецца допыт двух пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі.
Характэрна, што ўсіх траіх абвінавачаных ужо судзілі ў межах адміністрацыйнага працэсу за інцыдэнт 29 траўня ў Гродне праз скайп з СІЗА-1 на Валадарскага, дзе іх утрымлівалі больш за сем месяцаў. Так, Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку гродзенскі суд асудзіў на 7 сутак арышту кожнага па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Дзмітрыя Фурманава асудзілі ў такім жа парадку на 10 сутак па ч. 1 арт 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі). А цяпер іх судзяць яшчэ і па крымінальных артыкулах.
Чакаецца, што неўзабаве пачнуцца суды над астатнімі затрыманымі 29 траўня ў Гродне. Праваабаронцам "Вясны" вядома, што 15 студзеня з СІЗА-1 Мінска ў гродненскае ІЧУ быў этапаваны Аляксандр Арановіч — кіроўцу аўтадома "Страна для жизни". Неўзабаве ў Гродне над ім мусіць пачацца суд. Яго будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Гродне) і п. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Апошняе абвінавачванне яму было выстаўлена ў канцы лістапада.
Што адбылося на пікеце ў Гродне 29 траўня?
Нагадаем, вечарам 29 мая ў Гродне на плошчы Савецкай падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай яе муж Сяргей і яшчэ дзевяць яго прыхільнікаў. Сярод іх — абвінавачаныя Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга.
Тады ў прамым эфіры «Страна для жизни» да блогера Сяргея Ціханоўскага з дакучлівымі пытаннямі і паводзінамі сталі прыставаць жанчыны. Многія потым заяўлялі, што гэта былі «жанчыны-правакатаркі». Калі Ціханоўскі зразумеў гэта, ён пачаў сыходзіць ад іх, на плошчы пачалася мітусня, гарадзенцы хацелі абараніць блогера ад "жанчын-правакатарак", у выніку чаго малады міліцыянт апынуўся на зямлі. Ён ляжаў, пакуль да яго не падышлі людзі ў цывільным адзенні і не дапамаглі сесці на лаву. Ім аказаўся старшы участковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку № 2 (Ленінскі раён Гродна) старэйшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Казлоўскі.
Hrodna.life паведамляў праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту, што ў міліцыянта быў удар пярэдняй брушной сценкі, яго не шпіталізавалі. Таксама да ўрачоў звярнуўся другі нібыта пацярпелы міліцыянт, шпіталізацыя яму не патрабавалася.
Аднак ужо назаўтра, 30 траўня, МУС паведаміла, што абодва міліцыянты ляжаць у шпіталі. Як стала вядома Свабодзе, яны ляглі ў бальніцу не адразу пасля інцыдэнту, а праз нейкі час.
Першапачаткова была ўзбуджаная крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак па заканчэнні 10-сутак ужо ў мінскім следчым ізалятары №1 семярым удзельнікам мерапрыемства было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях). Гэта справа атрымала назву "Справа Ціханоўскага". Характэрна, што па гэтым эпізодзе таксама судзяць блогера «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага, хоць ён з 5 траўня і па сённяшні дзень знаходзіўся за кратамі.
"Што вы зрабілі, калі я сядзеў у турме, — людзей забілі!" Трэці дзень суда на палітвязнем Няронскім