"Запытваліся, чаму яны з Ціханоўскім аднолькава апранутыя". Палітвязню Арановічу прад'явілі новае абвінавачванне
Як паведаміла "Вясне" маці палітычнага зняволенага Аляксандра Арановіча, яму прад'явілі новае абвінавачванне — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках (п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Такія ж абвінавачванні днямі прад'явілі палітвязням Ігару Лосіку і Мікалаю Статкевічу. Тэрмін утрымання пад вартай Аляксандра Арановіча па першым абвінавачванні па арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) днямі сканчваўся, але цяпер палітвязень застаецца пад вартай мінімум да лютага. За кратамі палітвязень Аляксандр Арановіч знаходзіцца ўжо сёмы месяц.
Маці і бацьку Аляксандра ў пачатку снежня выклікалі на допыт у Следчы камітэт у Мінску па новаму абвінавачванню сына — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках. Як распавяла маці палітвязня Галіна Іванаўна, следчы запытваў у яе, чаму Сяргей Ціханоўскі і Аляксандр былі апранутыя ў падобнае адзенне на выбарчым пікеце ў Гродне: у цёмную вятроўку і джынсы. На допыце ёй нават паказвалі фотаздымак, дзе Аляксандр Арановіч і Сяргей Ціханоўскі стаяць побач на пікеце ў Гродне 29 траўня. Следчы тлумачыў па фотаздымку маці, што яны аднолькава апранутыя. Таксама ў яе запытвалі, ці плаціў Ціханоўскі грошы яе сыну, ці ўдзельнічаў Аляксандр у стварэнні ютуб-канала "Краіна для жыцця", ці атрымліваў ён ад гэтага грошы. Па словах Галіны Іванаўны, пытанні следчага ў яе выклікалі толькі здзіўленне.
Галіна Іванаўна распавяла, што яе сын не прызнае віну і з самага пачатку адмаўляецца ад дачы паказанняў, карыстаючыся правам не сведчыць супраць сябе па артыкулу 27 Канстытуцыі. Маці даведваецца навіны пра сына толькі па яго лістах, бо адвакатка знаходзіцца на падпісцы аб неразгалошванні. Сам Аляксандр піша, што гэтыя крымінальныя справы — вынік бурнай фантазіі следчых.
Нагадаем, 38-гадовага старадаражаніна, кіроўцу аўтадома "Краіна для жыцця" затрымалі 29 траўня ў Гродне падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Тады супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян. Першапачаткова была ўзбуджаная крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак па заканчэнні 10-сутак ужо ў мінскім следчым ізалятары №1 семярым удзельнікам мерапрыемства, у тым ліку Аляксандру Арановічу, было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях).
"Можа вы і нармальныя людзі, але я ўжо нікому не веру", — маці палітвязня Аляксандра Арановіча
Рэквізіты для дапамогі сям'і палітвязня Аляксандра Арановіча:6711 7600 2036 1065 Валютны рахунак: BY 87 AKBB 30142000074740070000 Адрас для лістоў Аляксандру:СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030 |