viasna on patreon

"Што вы зрабілі, калі я сядзеў у турме, — людзей забілі!" Трэці дзень суда на палітвязнем Няронскім Дапоўнена

2021 2021-01-14T15:50:00+0300 2021-01-14T15:41:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uladzimir_sluck.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Лагойскага раёна 14 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага аўтара ютуб-канала "Слуцк для жизни" Уладзіміра Няронскага па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 369. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі за відэаролікі на ютуб-канале "Слуцк для жизни". Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі "незаконных грамадска-масавых мерапрыемствах" у некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку мітынг у Гродне 29 траўня, дзе затрымалі Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікета, хаця ў гэты час сам Няронскі ўжо амаль месяц адбываў "суткі". Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкама. Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў. "Вясна" працягвае назіраць за гэтым судовым працэсам і вядзе анлайн з залі суда.

Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 13 студзеня. Фота: spring96.org
Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 13 студзеня. Фота: spring96.org

На думку абвінавачання, віна Няронскага даказваецца паказаннямі самога абвінавачанага, пацярпелага, відэаматэрыяламі з ютуб-канала "Слуцк для жизни", пісьмовымі матэрыяламі справы. Допыт сведак у судзе заяўлены не быў. У першы дзень судовага паседжання дапыталі Уладзіміра Няронскага, пацярпелага старшыню Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага. У другі дзень вывучылі пісьмовыя матэрыялы справы, рэчдоказы, а таксама праглядзелі відэаролікі "Слуцк для жизни".

Да суда Уладзімір Няронскі ўтрымліваўся ў жодзінскай следчай турме №8, 6 студзеня яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Лагойскага РАУС. На судзе палітвязень скардзіцца, што ў яго камеры няма ацяплення, кормяць адзін раз у дзень і няма туалета — там толькі вядро. Таксама адзначае, што ён падвяргаецца маральнаму ціску. Уладзімір Няронскі распавёў на судзе, што за восем месяцаў утрымання пад вартай перанёс мікраінсульт, перахварэў на COVID-19, а таксама прымусова быў накіраваны на псіхіятрычную экспертызу ў "Навінкі". 

Што адбываецца на судзе ў трэці дзень?

На трэці дзень у судзе праглядаюцца стрымы з ютуб-канала Уладзіміра Няронскага "Слуцк для жизни": "Дорога на Минск" і "Все приезжайте в поселок Дружный Евроопт". 

"У гэтым відэа я сказаў усю праўду, ні слова не схлусіў", — пракаментаваў Няронскі стрым "Дорога на Минск". Суддзя Рыбакоў запытаў у яго, для каго ён гэта каментуе.

У залі суда Лагойскага раёна працягваецца прагляд стрымаў Уладзіміра Няронскага з ютуб-канала "Слуцк для жизни": "Попытка задержания Сергея Тихановского". Гэтыя відэаролікі, на думку абвінавачвання, даказваюць вінаватасць блогера па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Уладзімір Няронскі вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што ў віну яму не ставіцца відэаролік "Мозырь. Поддержка людей", у якім людзі выказваюцца з нагоды закрыцця Цэнтра рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў "Радуга". Кажа, што ў ім уся сутнасць крымінальнай справы супраць яго. Ён настойвае, каб у судзе праглядзелі менавіта яго. Адвакат заявіў адпаведнае хадатайства, суддзя яго задаволіў. 

У судзе праглядаюцца матэрыялы агляду сацсетак, тэлефона Няронскага, праслушка яго тэлефонных перамоваў. Усе доказы па справе ў судзе вывучаныя.

"За арганізацыю мерапрыемстваў я ўжо адседзеў 40 сутак"

Уладзімір Няронскі распавёў у судзе, што ён ужо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 КаАП за відэаролікі "Слуцк для жизни", якія яму цяпер інкрымінуюцца паводле артыкула 342 КК:

"Я ж па 342 ўжо адседзеў усё! За што мяне судзяць? За арганізацыю мерапрыемстваў я ўжо адседзеў 40 сутак. За кожны ролік, што мы глядзелі ў судзе, мне давалі "суткі". Мяне ўжо пакаралі".

"Давялі да братазабойчай сітуацыі ў краіне"

Дзяржабвінаваўца Аляксандр Ляўковіч задаў яшчэ некалькі пытанняў Уладзіміру Неронскаму. Ён спытаў, адкуль у абвінавачанага кепка "Страна для жизни", у якой ён фігуруе на відэа. Уладзімір Няронскі сказаў, што іх раздавалі ўсім і кожнаму.

Таксама пракурор спытаў, як Няронскі можа растлумачыць словы ў сваіх роліках: "Плошчы быць!", "Заўсёды рэвалюцыя так рабілася, заўсёды былі ахвяры", "Майдану быць" і інш.

Уладзімір Няронскі эмацыйна сцвярджае, што ён ніколі не заклікаў людзей да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак:

"Адкуль я мог ведаць? Калі ўсе сляпыя і глухія, прыкідваюцца, то я ўсё адчуваў! Кароль-та голы! Давялі да братазабойчай сітуацыі ў краіне. Што вы нарабілі 9 і 10 [жніўня]! Грамадзянскую вайну зладзілі! Гэта я зрабіў? Што вы зрабілі, калі я сядзеў у турме, — людзей забілі! Вы не вырывайце з кантэксту слова!"

Пракурор пытаецца, навошта ён прасіў людзей скідацца на штрафы:

"Госпадзе, колькі гэта будзе працягвацца?" Вы ж чулі, што за тэхагляды штрафуюць усіх, столькі грошай не набярэцца і мяне чатыры разы за дзень штрафавалі. Я ж не сказаў "Не плаціце штраф", я ж не сказаў "Супраціўляйцеся гэтаму адміністрацыйнаму пакаранню". Я сказаў: "Трэба заплаціць як законапаслухмяны грамадзянін". Я ж сказаў: "Давайце ахвяраваць на штрафы". Я чатыры штрафу за дзень атрымаў, у мяне грошай няма: "Людзі дапамажыце". Я не сказаў: "Я плаціць не буду, пайшлі ўсе ў лазню!" Я сказаў, што трэба заплаціць, таму што гэта — наша краіна. А вось пасля гэтых дзяцей я ўжо, прабачце мяне за мае эмоцыі..."

Гэты малюнак палітвязню перадала яго дачка. Фота: spring96.org
Гэты малюнак палітвязню перадала яго дачка. Фота: spring96.org

"Мяне адразу катавалі, а потым дапытвалі"

Пракурор заявіў хадайніцтва агучыць пратакол допыту Няронскага падчас следства 14 чэрвеня ў сувязі з істотнымі супярэчнасцямі. На "сутках" Няронскі знаходзіўся з 5 чэрвеня. У судзе зачытваюць пратакол. Па яму Уладзімір Няронскі распавядаў пра сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім і Святланай Ціханоўскай. Паводле яго словаў падчас следства, яны разам ездзілі ў Гродна, Ваўкавыск, Брэст, Мазыр, Магілёў. У сваіх паказаннях Уладзімір Няронскі распавядаў аб сумесных паездках па гарадах з Сяргеем Ціханоўскім, Арцёмам Сакавым, Аляксандрам Арановічам. Няронскі казаў, што яму ніколі не было вядома пра планы Ціханоўскага, яму нічога не было вядома.

"Мяне прэсавалі 40 сутак. Я сонечнага святла не бачыў, не спаў. Я толькі выйшаў з гэтых "карцэраў". Вы пасядзіце 40 сутак, потым я на вас пагляджу! Палову іх паказанняў можна... У мяне бралі гэтыя паказанні на відэакамеру, паглядзіце, у якім я стане быў! Мяне адразу катавалі, а потым дапытвалі. Там трызненне нейкае вы несяце. Я ўчора ў больш-менш нармальным стане адказаў".

Дзяржабвінаваўца Ляўковіч вырашыў зачытваць не супярэчашчыя паказанні Неронскага, дадзеныя падчас следства і суда, а ўвесь пратакол. Адвакат быў супраць, так як, па яго словах, пратакол допыту ад 14 чэрвеня Няронскага займае каля 40 старонак. Але ў судзе агучваецца ўвесь пратакол.

Падчас следства, у Няронскага пыталіся, ці знаёмы ён з Ушаком Вяргіліем, Яўгенам Разнічэнкам, Уладзімірам Кнігай, Баброўскім і іншымі, затрыманымі на выбарчым пікеце ў Гродне 29 траўня. Уладзімір Няронскі заявіў, што нікога з іх не ведае і ні разу не бачыў. У пратаколе зачытваецца размова Няронскага і следчага 14 чэрвеня, дзе ён сказаў, што ў яго здарыўся мікраінсульт. Следчы сказаў, што паведаміць у оперчастку, што яму трэба абследаваць сэрца і аказаць медыцынскую дапамогу. Жонка Уладзіміра тлумачыла, што такі ягоны стан быў выкліканы навіной аб тым, што на лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага пасля трэцяга ператрусу знайшлі 900 тысяч даляраў.

"І ўсё роўна, што я скажу — вы ўсё роўна мяне пасадзіце!"

Калі пракурор прыступіў да ўдакладняючых пытанняў з нагоды абвешчаных паказанняў, Няронскі эмацыйна заявіў, што больш не будзе адказваць на гэтыя пытанні:

"У вас няма доказаў! Мэр прыйшоў і сказаў: "Я ўсё разумею і дарую". Ён сказаў і сышоў, таму што яму сорамна было слухаць далей. Чаму, калі ён так абражаны, сышоў? А таму што гэта праўда, усё гэта праўда! І ўсё роўна, што я скажу — вы ўсё роўна мяне пасадзіце! Вядома, гэты суд будзе паказальным, і я хачу каб увесь свет паглядзеў! Няма ні аднаго доказу маёй віны. Дзе быў вінаваты — там прызнаў, я сядзеў за гэта. За што я наогул сядзеў? Мне паўгода нічога не казалі. Паўгода! Уся мая сям'я была ў недасведчанасці. Усё, закрывайце гэтую тэму, я больш адказваць не буду! Суддзя, выносьце прысуд, колькі там трэба, і я паехаў. У вас жа загад зверху. Калі ласка, калі трэба, калі я вінаваты. Людзі, адвакат не ведаюць, за што мяне судзяць. Следчы прызнаў, што я не вінаваты. Ён адно пытанне пытаўся ў мяне 15 разоў — здзекаваўся з мяне. Ды бярыце мяне, я ж не супраць! Колькі мы тут будзем гаўкацца? Тры дні ці чатыры? Абсурд! Канкрэтныя мне доказы: грошы, відэа — што я зрабіў? Я ж сказаў, што я ні разу не тэлефанаваў Статкевічу!"

Ці чытаў кнігу Джына Шарпа "198 метадаў негвалтоўных дзеянняў"?

У судзе агучваюцца паказанні Няронскага ад 5 сакавіка з нагоды пададзенай на яго заявы за абразу старшынёй Слуцкага райвыканкама Андрэем Янчэўскім.

З пратаколу допыту стала вядома, што ў Няронскага падчас следства пыталіся, што яму вядома аб стратэгіі "Народнай Грамады" на выбары-2020, ці знаёмы ён з Сяргеем Спарышам, што вядома пра Дзмітрыя Папова, якога кансператыўна змясцілі ў Беларусь, ці чытаў ён кнігу Джына Шарпа "198 метадаў негвалтоўных дзеянняў", пра ўвядзенне ў выбарчую кампанію псеўдалідэраў Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і распрацоўцы тэхналогій па замене гэтых псеўдалідэраў на Святлану Ціханоўскую, Марыю Калеснікаву і Вераніку Цапкала, хто зацікаўлены ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў грамадстве, аб паліттэхнолагу Віталя Шклярава, пра грошы Сяргея Ціханоўскага і яго фінансаванні і дзясяткі іншых падобных пытанняў. Аднак Уладзімір Няронскі адказваў, што яму наогул нічога невядома пра гэта.

Суд працягнецца 20 студзеня ў 10:00.

Падрабязнасці першага і другога дня суда над Уладзімірам Няронскім:

Першы суд па “справе Ціханоўскага”. У Лагойску судзяць палітвязня Уладзіміра Няронскага

У судзе Лагойскага раёна 12 студзеня пачаўся суд над палітзняволеным аўтарам ютуб-канала "Слуцк для жыцця" Уладзімірам Няронскім. Яго судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 369 (Абраза прадстаўніка ўлады).

Суд над палітзняволеным блогерам "Слуцка для жизни" Уладзімірам Няронскім працягваецца

Суд Лагойскага раёна 13 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага аўтара ютуб-канала "Слуцк для жизни" Уладзіміра Няронскага па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 369.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства