viasna on patreon

Суд над палітзняволеным блогерам "Слуцка для жизни" Уладзімірам Няронскім працягваецца Дапоўнена

2021 2021-01-13T17:45:00+0300 2021-01-14T10:44:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_niaronski_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Лагойскага раёна 13 студзеня працягвае разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага аўтара ютуб-канала "Слуцк для жизни" Уладзіміра Няронскага па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 369. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі "незаконных грамадска-масавых мерапрыемствах" па ўсёй Беларусі. Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама. Гэта першы суд па "справе Ціханоўскага". Пад вартай Уладзіміра Няронскага ўтрымліваюць ужо больш васьмі месяцаў. Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў. "Вясна" працягвае назіраць за гэтым судовым працэсам і вядзе анлайн з залі суда.

Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 12 студзеня. Фота: spring96.org
Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе 12 студзеня. Фота: spring96.org

Да суда Уладзімір Няронскі ўтрымліваўся ў жодзінскай следчай турме №8, потым, 6 студзеня, яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Лагойскага РАУС. У першы дзень суда палітвязень заяўляў, што ў яго камеры няма ацяплення, кормяць адзін раз у дзень і няма туалета — там толькі вядро.

На думку абвінавачання, віна Няронскага даказваецца паказаннямі самога абвінавачанага, пацярпелага, відэаматэрыяламі з ютуб-канала "Слуцк для жизни", пісьмовымі матэрыяламі справы. Допыт сведак у судзе заяўлены не быў. У першы дзень судовага паседжання дапыталі Уладзіміра Няронскага, пацярпелага старшыню Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага і пачалі вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы.

На другі дзень суда працягваецца агалошванне матэрыялаў крымінальнай справы супраць блогера са Слуцку Уладзіміра Няронскага. Пракурор Аляксандр Ляўковіч працягвае зачытваць маналогі Уладзіміра Няронскага і размовы з іншымі людзьмі з яго відэаролікаў. У судзе агучваюцца матэрыялы лінгвістычнай экспертызы відэролікаў блогера. Калі пракурор сабраўся зачытваць вынікі псіхіятрычнай экспертызы, то суддзя Аляксандр Рыбакоў запытаў у Няронскага, ці згодны ён каб гэта агучвалася ў судзе. Няронскі адказаў станоўча:

"Няхай усе ведаюць, як працуе гэтая сістэма. Калі мяне накіроўвалі ў Навінкі на тры тыдні, то сказалі, што трэба мяне кудысьці схаваць да выбараў. Так з усімі палітычнымі рабілі".

Суд працягвае дапытвацца ў Няронскага, чаму яму восенню 2019 года у салігорскім салоне "Renault" Белгазпрамбанк выдаў крэдыт на новую машыну, за якую ён паспеў заплаціць толькі 36 рублёў. Уладзімір Няронскі зноў паўтарае, што на той момант ён быў дырэктарам уласнай фірмы, а пра Ціханоўскага нават даведаўся толькі праз пару месяцаў.

Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе размаўляе са сваёй жонкай. Фота: spring96.org
Палітвязень Уладзімір Няронскі ў судзе размаўляе са сваёй жонкай. Фота: spring96.org

"За 5 гадоў людзі столькі не выпрабоўваць, колькі я прайшоў за гэтыя 253 дні"

Уладзімір Няронскі працягвае сцвярджаць на судзе, што ён у сваіх відэароліках не заклікаў да ўдзелу і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Пракурор працягвае зачытваць пісьмовыя матэрыялы справы, удакладняючы ў блогера значэнне яго некаторых выразаў: чаму ён параўноўваў набліжаючыя выбары з падзеямі ва Украіне 2013-2014 года, "Плошчай" 2010 года.

"Усе затрыманні Ціханоўскага — незаконныя. Я ні ў адным роліку не заклікаў ні да чаго такога! Цяпер на мой працэс глядзіць увесь свет. Да чаго вы давялі?"

Уладзімір Няронскі не змог сказаць на судзе, хто ўзначальвае палітычную партыю "Грамада".

"А вы з ім у групе [Няронскі абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 КК, групай асоб з Ціханоўскім, Статкевічам, Севярынцам]," — сказаў адвакат Няронского.

Уладзімір Няронскі зноў звяртае ўвагу суда і прысутных у зале на нечалавечыя ўмовы яго ўтрымання пад вартай:

"Я з 26 снежня не быў у душы, мне пасцельную бялізну не мянялі два тыдні. 253 сутак я перажыў здзекаў у чыстым выглядзе. Яны маральна мяне забіваюць, лепш бы дубінкай білі. Навядзіце парадак у Лагойскім ІЧУ! Мне тут кажуць: "Табе што, зладзіць салодкае жыццё тут?" Гэта тыя, хто заступае на трэцюю змену. Яны выключаюць святло ў 6 раніцы, людзі засынаюць, потым у 7:40 рэзка пачынаюць грукаць і крычаць: "Хутка есці!" Людзі падрываюцца, не разумеюць, дзе яны знаходзяцца.

У мяне ў слуцкім ІЧУ здарыўся мікраінсульт [калі даведаўся пра знойдзеныя ў Ціханоўскага на лецішчы грошы]. А мне толькі казалі: "Толькі не памірай на нашай змене". За 5 гадоў людзі столькі не выпрабоўваюць, колькі я прайшоў за гэтыя 253 сутак! Мяне самага першага пасадзілі, і на мне адпрацоўвалі ўсё!

Ставяцца да людзей, як да сабак! З-за такіх, як яны, пакутуюць нармальныя людзі ў пагонах. Я не ем у ізалятары, бо няма чаго, толькі раніцай лыжку венегрэта з'ядаю".

Палітвязень распавёў, што перахварэў у турме COVID-19. Некаторы час ён не адчуваў ні пахаў, ні смакаў. Няронскі распавёў на судзе, што яго 2 разы адпраўлялі карцэр. Адзін раз — за размову ў ізалятары з Сяргеем Ціханоўскім.

"Мне сказалі, што Ціханоўскі сядзіць у "хаце" №15.  Мне адкрылі кармушку і адышлі ў канец калідора чакаць. Справакаваць. Я пастукаў і кажу: "Сяргей, гэта "Слуцк для жыцця", трымайся!" А ён мне: "Вова, гэта ты?" Да мяне адразу падбеглі".

За гэта Няронскаму вынеслі дысцыплінарнае пакаранне — 6 сутак карцэра.

"Мяне змясцілі ў карцэр №2. Там закрываюць "кармушку" і паветра туды не трапляе. Душаць так. Ён спецыяльна для палітычных. Там вада 24 гадзіны льецца, людзі на трэція суткі сходзяць з розуму".

Суд скончыў вывучэнне шасці тамоў пісьмовых матэрыялаў справы. Суд прыступае да вывучэння рэчыўных доказаў у судзе.

Сярод рэчдокаў: тэлефон, Няронскага, з якога ён загрузіў відэа, сімкарты, штодзённік і флэшкарта з відэаролікамі Няронскага, якую яму перадаў падпісант за два дні да затрымання Уладзіміра. 

"Супрацоўнікі КДБ мяне бралі на "понт". Казалі, што ў мяне знайшлі нататнік, дзе напісана пра 3 тысячы даляраў. Але ў мяне нічога не знайшлі".

У штодзённіку знайшлі лісток паперы, на якім, усяго іншага, запісаны тэлефон Мікалая Статкевіча. Па словах Уладзіміра, ён яму ні разу не тэлефанаваў і наогул не знаёмы з палітыкам:

"Ну я не тэлефанаваў жа я яму. У мяне недзе запісаны нумар Адміністрацыі прэзідэнта!"

У судзе прыступілі да прагляду відэаролікаў "Слуцк для жизни". Агулам праглядаецца каля 15 відэа, дзе блогер распавядае пра праблемы свайго роднага горада Слуцка і мясцовых жыхароў, звяртаецца да чыноўнікаў, пракурораў, суддзяў і заклікае іх да справядлівасці. У судзе праглядаюцца нават выдаленыя Няронскім ролікі са свайго каналу.

"Мэр сыйшоў [пасля допыту старшыня Слуцкага райвыканкама Янчэўскі больш на паседжаннях не з'яўляўся], таму што яму сорамна будзе глядзець усё гэта па другім крузе", — каментуе ў маленькіх перапынках паміж пераключэннем відэа Уладзімір Няронскі.

Суд працягнецца заўтра, 14 студзеня, у 10:00.

Падрабязнасці першага дня суда над Уладзімірам Няронскім:

Першы суд па “справе Ціханоўскага”. У Лагойску судзяць палітвязня Уладзіміра Няронскага

У судзе Лагойскага раёна 12 студзеня пачаўся суд над палітзняволеным аўтарам ютуб-канала "Слуцк для жыцця" Уладзімірам Няронскім. Яго судзяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 369 (Абраза прадстаўніка ўлады).


Як абвінавачванні супраць Няронскага сфармуляваны ў справе?

"Уладзімір Няронскі абвінавачваецца ў тым, што ў перыяд часу не пазней за 01.02.2020 па 06.05.2020 па папярэдняй змове з Ціханоўскім і іншымі асобамі, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь <...> здзейсніў арганізацыю групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый. Пачынаючы з кастрычніка 2019 года, дзеючай групай асоб па папярэдняй змове са Статкевічам, Севярынцам, Ціханоўскім і іншымі асобамі ў глабальнай кампутарнай сетцы-інтэрнэт, у тым ліку з дапамогай тэлеграм- і ютуб-каналаў, распаўсюдзілі публічныя заклікі да арганізацыі і актыўнага ўдзелу пры падрыхтоўцы правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак <...>. Названыя заклікі аказвалі дзеянне ажыццявіць атрыманне прыстасавання сродкаў здзяйснення злачынства, а таксама наўмысна стварыць умовы для здзяйснення канкрэтнага злачынства. Пры гэтым, для прыцягнення актыўных удзельнікаў названых дзеянняў Ціханоўскі і іншыя асобы, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь <...>, размяркоўваючы ролі і шукая новых саўдзельнікаў да планавання дзейнасці, ажыццяўляючы змову саўдзельнікаў, ствараючы іншыя ўмовы для здзяйснення злачынства ў перыяд з 11.03.2019 года па 29.05.2020 арганізавалі і забяспечылі стварэнне і адміністраванне вядзення змешчаных у публічным доступе ютуб-канала "Страна для жизни" і "Belarus12stop" <...>, телеграм-канала "Страна для жизни", які ўяўляе сабой інструмент для рассылкі публічных паведамленняў неабмежаванаму колу карыстальнікаў у сетцы-інтэрнэт, якія ўваходзяць у сістэму "Страна для жизни", аналагічных рэгіянальных телеграм-каналаў,<...>, публічнага распаўсюджвання адпаведнай інфармацыі, у тым ліку аб групавых дзеяннях, якія рыхтуюцца.

Няронскі не пазней 01.02.2020, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь,<...>, натхніўшыся вышэйпазначанымі заклікамі Ціханоўскага, Статкевіча, Севярынца і іншых асоб, паверыўшы ў сваю беспакаранасць, прыняў рашэнне далучыцца да здзяйснення злачынства групай асоб па папярэдняй змове з дадзенымі асобамі, пасля чаго ажыццявіў прыгатаванне да здзяйснення вышэйпазначанага злачынства шляхам шукання прыстасаванняў, сродкаў і прыладаў здзяйснення злачынства, іншага наўмыснага стварэння ўмоваў для збору актыўных і пасіўных удзельнікаў дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Так, Няронскі, не пазней 01.02.2020 звязаўся з дапамогай тэлефона з Ціханоўскім, пасля чаго сустрэўся з ім на тэрыторыі г. Мінска і ажыццявіў змову з саўдзельнікамі здзяйснення злачынства, размеркаваў ролі здзяйснення злачынства, дамовіўся аб шуканні прыстасаванняў, сродкаў і прыладаў здзяйснення злачынства. Ціханоўскі ў мэтах выканання сваёй ролі не пазней 02.02.2020 года, стварыў Няронскому электронную паштовую скрыню sluckstrana@gmail.com, а таксама стварыў ютуб-канал "Страна для жизни". У сваю чаргу Няронскі, дзейнічаючы наўмысна ў змове з групай асоб па папярэдняй змове з Ціханоўскім і іншымі асобамі выкарыстаў вышэйпазначаныя электронную скрыню і ютуб-канал і прыступіў да выканання сваёй ролі, прыступіў да выканання даручаных яму дзеянняў.

Так, Няронскі, знаходзячыся ў Слуцку і Мінску, з дапамогай тэлефона <...>, у мэтах фарміравання ў асобаў устойлівых псіхалагічных уласцівасцяў і установак, што прадвызначаюць іх суб'ектыўныя актыўнасць і жаданне ўдзельнічаць у групавых дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, стварыў і размясціў для ўсеагульнага агляду на ютуб-канале "Слуцк для жизни" адпаведны відэафайл, які змяшчае заклікі адрасаваныя нявызначанаму колу асоб прыняць удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак <...>, а менавіта, стварыў і размясціў на ўсеагульны агляд на ютуб-канале "Слуцк для жизни" відэафайл "Дорога на Минск", які меў не менш за 19 тысяч праглядаў, стварыў і размясціў відэафайл "Все приезжайте в поселок Дружный Евроопт", які меў не менш за 43 тысячы праглядаў, стварыў і размясціў відэафайл "Задержание. Дружный ТЭЦ-5", які меў не менш за 44 тысяч праглядаў. У названых відэафайлаў маецца намер на арганізацыю правядзення незаконных грамадска-масавых мерапрыемстваў для публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, пратэстнага выказвання свайго стаўлення да падзей грамадска-палітычнага жыцця, вядзення актыўнай агітацыі, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне палітычнай напружанасці ў краіне, гэта значыць здзяйсняючы злачынства па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, заклікаў да незаконных грамадска-масавых мерапрыемстваў, а менавіта мітынгаў, масавых прысутнасцяў грамадзян у пэўным месцы пад адкрытым небам, тых, хто сабраўся для публічнага абмеркавання і выказвання свайго стаўлення да дзеянняў, бяздзейнасцяў асобам <…>, а таксама для вырашэння пытанняў, якія закранаюць іх інтарэсы са свядомым парушэннем патрабаванняў Закона «Аб масавых мерапрыемствах» без адпаведнага дазволу <...>. Ціханоўскі і іншыя асобы размясцілі ў сетцы-Інтэрнэт адпаведную інфармацыю <...> у мэтах фарміравання ў шырокага кола асоб з ліку аўдыторыі варожыя сацыяльна-псіхалагічныя ўстаноўкі, загадзя ілжывыя ўяўленні аб нелегітымнасці выканання грамадскіх абавязкаў прадстаўнікоў улады і законнасці патрабаванняў, якія прад'яўляюцца імі, публічна дэманстраваліся асабістая ўсёдазволенасць, грэблівае стаўленне да заканадаўства Беларусі шляхам адкрытага парушэння агульнапрынятых нормаў правамерных паводзін, прапагандавалася беспакаранасць, нівеліравалася значнасць надыходзячай за парушэнне адказнасці, размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія змяшчаюць заклікі непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. У мэтах выканання сваёй ролі Няронскі, дзейнічаючы наўмысна з групай асоб па папярэдняй змове з Ціханоўскім і іншымі асобамі, стварыў і размясціў для ўсеагульнага агляду ў ютуб-канале "Страна для жизни" адпаведныя відэафайлы [пералічваецца 16 відэаролікаў з адрасамі], якія ён выдаліў, каб схаваць сляды сваёй злачыннай дзейнасці. Вышэйпаказаныя відэафайлы ўтрымлівалі загадзя ілжывую для нявызначанага кола асоб карыстальнікаў сеткі-інтэрнэт, якія ажыццявілі прагляд дадзеных відэафайлаў, ацэнку нелегітымнасці выканання службовых і грамадскіх абавязкаў прадстаўнікоў улады, законнасці прад'яўляюцца імі патрабаванняў і заклікі ім не падпарадкоўвацца, здзяйсняць іншыя мерапрыемствы, звязаныя з актыўным удзелам у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Таксама Няронскі, з'яўляючыся актывістам руху "Страна для жизни", дзейнічаў наўмысна ў групе асоб па папярэдняй змове з Ціханоўскай і іншымі асобамі ў парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў, арганізаваў публічныя незаконныя грамадска-масавыя мерапрыемствы, а менавіта: 15.03 — у Слуцку, 02.05 — у Брэсце, 03.05 — у Мазыры (у перыяд часу з 12:00 па 12:50 прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве-мітынгу з мэтай выказвання пратэсту супраць рашэння Мазырскага выканкама аб змене прызначэння дзіцячага-рэабілітацыйнага цэнтра "Радуга"), 05.05 — у Магілёве. <…>

Злачынныя дзеянні Няронскага былі спыненыя 05.05 затрыманнем па адміністрацыйным правапарушэнні. 12.06.2020 Неронскі быў затрыманы па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Ціханоўскі і іншыя асобы працягнулі ажыццяўляць арганізацыю і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак <...>, 29.05 — у Гродне. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі Няронскі здзейсніў арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак <...>.

Ён жа дзейнічаў наўмысна, маючы намер на абразу прадстаўніка ўлады старшыні Слуцкага райиспокома Андрэя Янчэўскага з мэтай прыніжэння яго гонару і годнасці ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў з нізіннымі памкненнямі з жаданнем паставіць Янчэўскага ў зневажальнае становішча ў вачах шырокай грамадскасці стварыў і размясціў на ютуб-канале "Страна для жизни" відэафайлы, якія змяшчаюць абразы, якія прыніжаюць гонар і годнасць асобы прадстаўніка ўлады, а менавіта стварыў і размясціў для ўсеагульнага агляду тры відэафайлы <...>. Змест вышэйзгаданых відэафайлаў прынізілі гонар і годнасць Янчэўскага, прычынілі яму маральныя пакуты, падарвалі яго аўтарытэт, асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт у вачах нявызначанага кола асоб.

Сваімі наўмыснымі дзеяннямі Няронскі здзейсніў публічную абразу прадстаўніка ўлады, гэта значыць здзейсніў злачынства, прадугледжанае арт. 369 Крымінальнага кодэкса".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства