viasna on patreon

Суд па крымінальнай справе актывіста Ашурка зрабілі закрытым з-за "пагрозы дзяржаўнай бяспецы"

2020 2020-12-28T15:23:16+0300 2020-12-28T16:04:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ashurak_vitold1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 28 снежня, у Лідзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні актывіста з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка, абвінавачанага па артыкулы 342 ч.1 (Удзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) Крымінальнага кодэкса.

Вітольд Ашурак, фота з Facebook
Вітольд Ашурак, фота з Facebook

Без тлумачэння канкрэтных прычын суддзя Максім Філатаў абвясціў суд закрытым, спаслаўшыся на 23 артыкул Канстытуцыі і “пагрозу дзяржаўнай бяспецы”. Нягледзячы на абурэнне вялікай колькасці сабраўшыхся гледачоў, ён адмовіўся размаўляць па-за межамі працэсуальных дзеянняў і хутка зайшоў у судовую залу. Супрацоўнікі міліцыі захлопнулі за ім дзверы.

Старшыня суда Вячаслаў Мацук таксама адмовіўся тлумачыць прычыны закрытага пасяджэння, назваўшы гэта правам суддзі. Па тэлефоне даверу Вярхоўнага суда назіральніку “Вясны” сказалі, што на стэндзе не напісана, што пасяджэнне закрытае, таму што справа слухаецца першы дзень, і сакратар не магла ведаць, якое рашэнне прыме суддзя. Таксама ў службе даверу паведамілі, што яны не маюць права і не могуць ўздзейнічаць на суддзю, каб той зрабіў пасяджэнне адкрытым.

Назіральнік падаў скаргу на неабгрунтаванае рашэння аб закрыцці працэсу на імя старшыні суда. У скарзе патрабуецца ліквідаваць неабгрунтаванае абмежаванне галоснасці судовага разбіральніцтва, якая прадугледжана ч.1 арт. 114 Канстытуцыі і ч. 1 арт. 11 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў. Артыкул 23 Канстытуцыі ўстанаўлівае, што абмежаванне правоў дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам. Якую менавіта пагрозу дзяржаўнай бяспецы нясе адкрытае пасяджэнне па справе Ашурка, суддзя не патлумачыў. У судзе Лідскага раёна гэта ўжо не першы выпадак, калі справа слухаецца ў закрытым рэжыме.

Ліда: пракурор прасіў два гады калоніі, суд вынес тры гады “хатняй хіміі”

У судзе Лідскага раёна 24 лістапада абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Яўгена Вінчы, якога вінавацілі ў гвалтоўных дзеяннях альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК).

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначае, што ад моманту пачатку пандэміі каранавіруса ў Беларусі ўлады прымяняюць розныя абмежавальныя захады ў абсалютна селектыўным ключы, і гэтая практыка працягваецца і зараз.

 Валянцін Стэфановіч."Мы бачым, як пасля сваіх паказушных візітаў у адзяленні шпіталёў з хворымі на каранавірус Аляксандр Лукашэнка наведвае дзіцячыя навагодныя мерапрыемствы, на якія з усёй краіны звозяць дзяцей. Праводзяцца іншыя святочна-прапагандысцкія масавыя мерапрыемствы, арганізаваныя мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады.

У той жа час адвакаты абмежаваныя ў магчымасцях сустрэчаў са сваімі падабароннымі, якія знаходзяцца ў ЦІП ці СІЗА, судовыя працэсы па адміністратыўных справах над удзельнікамі мірных сходаў у парушэнне працэдур, устаноўленых нормамі ПВКаАП, адбываюцца праз скайп, а судовыя працэсы па крымінальных справах супраць удзельнікаў акцый пратэсту ўсё часцей праходзяць у закрытым рэжыме.

Не стаў выключэннем і судовы працэс па справе Вітольда Ашурка. Мы лічым недапушчальным правядзенне закрытых судовых пасяджэнняў у парушэнне нормаў дзеючага як нацыянальнага заканадаўства, так і міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека. Згодна з арт. 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах СМІ і публіка могуць не дапускацца на ўсе судовыя разбіральніцтвы альбо ягоную частку па меркаваннях маралі, грамадскага парадку ці дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве ці калі гэтага патрабуюць інтарэсы прыватанага жыцця бакоў, ці пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушыла б інтарэсы правасуддзя (калі гэта, па меркаванні суда, строга неабходна). У дадзеным жа выпадку ніякіх канкрэтных абгрунтаванняў закрыцця судовага пасяджэння прадстаўлена не было. Правядзеннне такіх закрытых судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах вяртаюць нас да найгоршых практык судзілішчаў над дысідэнтамі ў СССР”.

Стэфановіч адзначыў, што праваабронцы адназначна расцэньваюць такія дзеянні суддзяў як парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва і патрабуюць неадкладна спыніць гэтую заганную практыку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства