viasna on patreon

Новыя "экстрэмісты" і "экстрэмісцкая" песня: хроніка рэпрэсій 25-26 красавіка Дапоўнена

2024 2024-04-26T18:50:00+0300 2024-04-29T10:14:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hila_78.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Актывістку Ніну Багінскую зноў аштрафавалі 

Ніна Багінская. Фота: spring96.org
Ніна Багінская. Фота: spring96.org

Стала вядома, што суд Савецкага раёну Мінску завочна прызначыў грамадзянскай актывістцы Ніне Багінскай штраф — 2400 рублёў (600 базавых велічынь). Падставай для складання пратаколу стаў нацыянальны сцяжок, які падчас ператрусу міліцыянты знайшлі на тумбачцы ў пакоі пенсіянеркі напрыканцы сакавіка.

Ніну Багінскую не першы раз караюць за нацыянальную сімволіку Беларусі. Літаральна на мінулым тыдні яе пакаралі штрафам у Партызанскім судзе сталіцы — ёй прызначылі 2000 рублёў штрафу.

Багінская на суды прынцыпова не ходзіць. Яна раней заяўляла, што лічыць іх незаконнымі, скіраванымі на прыніжэнне нацыянальнай годнасці беларусаў.


За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту затрыманы жыхар Брэста

На «пакаяльным відэа» яго прымусілі сказаць, што падчас акцыі ён кідаў камяні, палкі, брук і разабраныя рэкламныя канструкцыі ў міліцыянтаў.

У відэа сілавікоў бачна, што мужчына пасля затрымання кульгае.


Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Общество воли и дела», «ДЕМОКРАТИЯ И ПОРЯДОК», «Iвэнты ЦНI», «DYCHAJ VOLNA», «АВВА – Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой», «Наши в Варшаве»;
  • Instagram старонкі «pratest_vulic», «chali_night», «Обычное утро»;
  • Старонкі ва «Укантакце» «Сергей Сергеев», «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя»;
  • Youtube-канал і сацсеткі Андрэя Курэйчыка;
  • Сайт і сацсетку праекту «Врачи за правду и справедливость»;
  • Суполкі ва «Укантакце», Facebook i «X» праекту «UDF»;
  • TikTok-старонкі «rasstrigaby», «thisminsk», «news.create»;
  • Instagram-акаўнты «narodny_reporter» і «da_voli»;
  • старонка ва «Укантакце» «МОВА ТУТ».

Беларускія суды цяпер прызнаюць "экстрэмісцкімі" і фотаздымкі людзей

Суд Лідскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнт «vikingmma» — блогера і добраахвотніка Паўла Кулажэнкі.

Таксама пазначана, што «экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып акаўнту, «які прадстаўляе сабой фатаграфію Кулажэнкі Паўла Аляксандравіча, 5 студзеня 1984 года нараджэння, які ўключаны ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».


У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" песню спевака AP$ENT

Гаворка пра кампазіцыю "Песенка весёлого белоруса". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Гомельскага раёна 22 красавіка. Песня выйшла ў чэрвені 2020-га году і мае больш за 500 000 праслухоўванняў толькі на афіцыйнай Youtube-старонцы спевака.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 14 чалавек — цяпер у ім 4011 прозвішчаў

26 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі галоўнага спецыяліста Нацбанку Аляксандра Цярэшчанку.


Затрыманы евангельскі прапаведнік Мікалай Хіла 

Затрыманне адбылося 24 красавіка, цяпер мужчына знаходзіцца на Акрэсціна, піша "Хрысціянская візія". Прычыны і нагоды да затрымання — невядомыя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства