Першы прысуд за шэсце ў Курапаты: 3 гады "хатняй хіміі"
Суд Першамайскага раёна Мінска 15 студзеня вынес першы прысуд па крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за нядзельны Марш "Дзяды" 1 лістапада, калі Следчы камітэт прызнаў падазраванымі па справе 231 чалавек. 47-гадовага Міхаіла Глухоўскага асудзілі на тры гады "хатняй хіміі", абвінаваціўшы яго ў перакрыцці дарогі каля Парку Чалюскінцаў падчас шэсця ва ўрочышчы Курапаты, чым прычыніў шкоду "Мінсктрансу" на суму больш за 10 тысяч рублёў. Суддзя Святлана Чараповіч прызначыла менавіта такое пакаранне, якое запрашвала дзяржаўная абвінаваўца Ірына Зубко. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірала за гэтым судовым працэсам – распавядаем яго абставіны.
У чым абвінавацілі мужчыну?
Міхаіла Глухоўскага затрымалі 1 лістапада ў 14:40 ва Уруччы. З Першамайскага РУУС яго перавезлі ў Жодзіна, дзе асудзілі за ўдзел у мітынгу 1 лістапада па ч. 1 арт. 23.34 КаАП на 15 базавых велічынь (405 рублёў) і адпусцілі. Аднак праз тыдзень Міхаіла зноў затрымалі – ужо ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК. Неўзабаве мужчыну выпусцілі пад даручальніцтва маці і сына. Пазней Міхаіла асудзілі яшчэ раз па арт. 23.34 КаАП на 20 базавых велічынь – за ўдзел у акцыі 18 кастрычніка (Марш партызан).
Паводле абвінавачвання, 1 лістапада з 13:00 да 17:15 гадзін Міхаіл Глухоўскі браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, што адбывалася на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Разам з неўстаноўленымі асобамі абвінавачаны "доўга і ўпарта парушаў грамадскі спакой, а пры знаходжанні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства ён прыняў удзел у блакаванні шляхоў транспартных камунікацый шляхам выхаду групай асоб на праезную частку паблізу дамоў 95А-111 па праспекце Незалежнасці Мінска". У выніку прыпынку транспартнага руху камунальнаму прадпрыемству «Мінсктранс» была нанесена шкода на агульную суму 10 689 рублёў 76 капеек. Паводле абвінавачвання, у выніку дзеянняў пратэстоўцаў днём 1 лістапада быў прыпынены рух 14 аўтобусаў і 10 тралейбусаў у раёне праспекта Незалежнасці, вуліц Валгаградскай, Кедышкі, Лагойскі тракт, Філімонава, Каліноўскага і іншых.
Міхаіл Глухоўскі прызнаў сваю віну часткова: ён пацвярджае, што браў удзел у мірным маршы, але не прызнае, што прычыніў шкоду на такую суму і што ягоныя дзеянні пацягнулі прыпынак грамадскага транспарту па столькіх маршрутах. Мужчына патлумачыў у судзе, што выйшаў на шэсце 1 лістапада, каб выказаць мірны пратэст.
"Я правёў пяць хвілін на праезнай частцы, і я не згодны з сумай, таму што я не мог нанесці сваімі дзеяннямі такую шкоду і такой колькасці транспартных сродкаў.
Я не блакаваў дарогу, не кідаўся пад транспарт, не спыняў такую колькасць транспартных сродкаў. Дзе знаходзіцца Парк Чалюскінцаў, а дзе знаходзіцца кальцавая дарога і Лайгойский тракт. Як я мог умяшацца сваімі дзеяннямі ў працу транспарту там?", – казаў мужчына на першым паседжанні.
Сведкі ў балаклавах. Чым даказалі віну?
Дзяржабвінаваўца сказала, што віна Глухоўскага пацверджаная паказаннямі супрацоўнікаў АМАПу, відэазапісам і звесткамі аб тэлефонных злучэннях.
Сведкамі выступілі чацвёра АМАПаўцаў у масках, якія не памяталі абвінавачанага. У іх былі змененыя прозвішчы. Ніводзін з дапытаных у судзе супрацоўнікаў АМАПу не бачыў і не затрымліваў Глухоўскага. Допыт сведак заняў 40 хвілін.
Пакаранне
Дзяржаўная абвінаваўца Ірына Зубко прасіла суд прызнаць Глухоўскага вінаватым па ч.1 арт. 342 УК і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову выпраўленчага тыпу тэрмінам на тры гады. Суддзя Чараповіч прызначала менавіта такое пакаранне. Таксама Міхаілу Глухоўскаму "Мінсктранс" выставіў грамадзянскі пазоў на суму 10 689 рублёў 76 капеек, ён будзе разгледжаны на іншым судовым паседжанні ў грамадзянскім парадку.
Першы дзень суда:
У Мінску пачаўся першы суд па крымінальнай справе за шэсце ў Курапаты, падазраванымі якой сталі 231 чалавек
"Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў". Алесь Бяляцкі пра крымінальную справу за "Дзяды"