У Мінску пачаўся першы суд па крымінальнай справе за шэсце ў Курапаты, падазраванымі якой сталі 231 чалавек

2021 2021-01-04T19:15:40+0300 2021-01-04T22:54:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bezymjannyj-3.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Першамайскага раёна Менска 4 студзеня пачаў разгляд крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да 47-гадовага мінскага прадпрыемства Міхаіл Глухоўскага. Мужчыну абвінавачваюць у перакрыцці дарогі каля Парку Чалюскінцаў 1 лістапада на нядзельным маршы "Дзяды" або шэсці ва ўрочышчы Курапаты. Тады Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па арт. 342 Крымінальнага кодэксу і заявіў, што падазраваным па справе прызнаныя 231 чалавек. Паводле абвінавачвання, у выніку спынення транспартнага руху дзеяннямі Міхаіла Глухоўскага і іншымі пратэстоўцаў "Мінсктрансу" была прычыненая шкода на суму больш за 10 тысяч рублёў. Справу Глухоўскага разглядае суддзя Святлана Чараповіч. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірае за гэтым судовым працэсам, распавядаем яго абставіны.

Міхаіл Глухоўскі на Маршы. Фота: sk.gov.by
Міхаіл Глухоўскі на Маршы. Фота: sk.gov.by

У чым абвінавачваюць мужчыну?

Міхаіла Глухоўскага затрымалі 1 лістапада ў 14:40 ва Уруччы. З Першамайскага РУУС яго перавезлі ў Жодзіна, дзе асудзілі за ўдзел у мітынгу 1 лістапада па ч. 1 арт. 23.34 КаАП на 15 базавых велічынь (405 рублёў) і адпусцілі. Аднак праз тыдзень Міхаіла зноў затрымалі – ужо ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 КК. Неўзабаве мужчыну выпусцілі пад даручальніцтва маці і сына. Пазней Міхаіла асудзілі яшчэ раз па арт. 23.34 КаАП на 20 базавых велічынь – за ўдзел у акцыі 18 кастрычніка (Марш партызан).

Паводле абвінавачвання, 1 лістапада з 13:00 да 17:15 гадзін Міхаіл Глухоўскі браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, што адбывалася на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Разам з неўстаноўленымі асобамі абвінавачаны "доўга і ўпарта парушаў грамадскі спакой, а пры знаходжанні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства ён прыняў удзел у блакаванні шляхоў транспартных камунікацый шляхам выхаду групай асоб на праезную частку паблізу дамоў 95А-111 па праспекце Незалежнасці Мінска". У выніку прыпынку транспартнага руху камунальнаму прадпрыемству «Мінсктранс» была нанесена шкода на агульную суму 10 689 рублёў 76 капеек. Паводле абвінавачвання, у выніку дзеянняў пратэстоўцаў днём 1 лістапада быў прыпынены рух 14 аўтобусаў і 10 тралейбусаў у раёне праспекта Незалежнасці, вуліц Валгаградскай, Кедышкі, Лагойскі тракт, Філімонава, Каліноўскага і іншых. 

Дзяржаўнае абвінавачанне ў судзе па гэтай справе падтрымлівае Зубко.

Міхаіл Глухоўскі на Маршы. Фота: sk.gov.by
Міхаіл Глухоўскі на Маршы. Фота: sk.gov.by

 "Я ў шоку ад таго, што робіцца на вуліцах мірнага горада". Што кажа абвінавачаны ў судзе

Міхаіл Глухоўскі прызнаў сваю віну часткова: ён пацвярджае, што браў удзел у мірным маршы, але не прызнае, што прычыніў шкоду на такую суму і што ягоныя дзеянні пацягнулі прыпынак грамадскага транспарту па столькіх маршрутах. Мужчына патлумачыў у судзе, што выйшаў на шэсце 1 лістапада, каб выказаць мірны пратэст.

"Я прыехаў да 14:00 на скрыжаванне вуліцы Талбухіна і праспекта Незалежнасці. Потым я выйшаў на тратуар і прыняў удзел у Маршы. Праезная частка тады яшчэ не была перакрытая. Потым у нейкі момант паміж вуліцамі Талбухіна і Валгаградскай я выйшаў на праезную частку. Там я ішоў 5-7 хвілін, пакуль не ўпёрся ў ланцуг сілавікоў. Гэта было дзесьці ў заканчэнні агароджы Парку Чалюскінцаў. Потым я сышоў на тратуар і пайшоў у бок Уручча, дзе мяне і затрымалі каля 14:40. Я бачыў, як затрымлівалі іншых людзей. Я быў у шокавым стане".

Мужчына не адмаўляе, што сваімі дзеяннямі ён мог пацягнуць за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, але не згодны з выстаўленай сумай шкоды і маршрутамі, на якіх, паводле абвінавачання, быў прыпынены рух з-за дзеянняў абвінавачанага і іншых пратэстоўцаў.

Міхаіл Глухоўскі ў судзе. Фота: spring96.org
Міхаіл Глухоўскі ў судзе. Фота: spring96.org

"Я правёў пяць хвілін на праезнай частцы, і я не згодны з сумай, таму што я не мог нанесці сваімі дзеяннямі такую шкоду і такой колькасці транспартных сродкаў.

Я не блакаваў дарогу, не кідаўся пад транспарт, не спыняў такую колькасць транспартных сродкаў. Дзе знаходзіцца Парк Чалюскінцаў, а дзе знаходзіцца кальцавая дарога і Лайгойский тракт. Як я мог умяшацца сваімі дзеяннямі ў працу транспарту там?"

Мужчына ў судзе неаднаразова ў судзе казаў, што знаходзіўся на маршы ў шокавым стане і некаторыя абставіны таго дня не мог успомніць. Ён патлумачыў, што мае на ўвазе:

"Я, калі служыў, прымаў удзел у ваенных дзеяннях у каўказскім рэгіёне. На Маршы я адчуў шок ад таго, што робіцца на вуліцах майго роднага мірнага горада".

Па словах мужчыны, ён нават выказаць здагадку не мог, што яго дзеянні могуць пацягнуць крымінальную адказнасць.

У судзе таксама 4 студзеня было прагледжана відэа з шэсця 1 лістапада.

Судовае разбіральніцтва ў судзе Першамайскага раёна Мінска па крымінальнай справе супраць Міхаіла Глухоўскага працягнецца 14 студзеня.

"Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў". Алесь Бяляцкі пра крымінальную справу за "Дзяды"

У панядзелак другога лістапада Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што пасля нядзельнай акцыі ў Мінску “Дзяды” ўзбуджана крымінальная справа за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). І падазраванымі па гэтай справе адразу прызнаны ажно 231 чалавек. Следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы працягваюцца, паведамляе СК.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства