viasna on patreon

ААН заклікала да вызвалення палітвязняў сталага веку

2024 2024-07-03T11:20:00+0300 2024-07-05T12:09:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/unhrc_building_geneva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прадстаўніцтва ААН у Жэневе. Фота з сайта un.org

Прадстаўніцтва ААН у Жэневе. Фота з сайта un.org

Эксперты ААН 2 ліпеня 2024 года заклікалі беларускія ўлады памілаваць або змякчыць прысуд усім людзям сталага веку, што знаходзяцца ў зняволенні па палітычных абвінавачваннях. Пра гэта паведамляецца ў заяве на сайце арганізацыі.

Паведамляецца, што незалежныя эксперты ААН атрымалі спіс з 63 чалавек ва ўзросце старэй за 60 гадоў, у тым ліку 15 жанчын, пазбаўленых волі ў Беларусі за іх рэальныя або меркаваныя апазіцыйныя палітычныя погляды. Большасць з іх адбываюць турэмнае зняволенне тэрмінам да 25 гадоў, некаторыя ўтрымліваюцца ў папярэднім зняволенні, а супраць некаторых было ўжытае прымусовае псіхіятрычнае лекаванне. Некаторыя зняволеныя пакутуюць на хранічныя, вострыя ці цяжкія захворванні; некаторыя з іх маюць інваліднасць. Паведамляецца, што трое зняволеных ва ўзросце старэй за 60 гадоў утрымліваюцца ў стане інкамунікада.

Некаторыя з гэтых сталых людзей таксама ўключаныя ў афіцыйныя спісы экстрэмістаў або тэрарыстаў.

"Гэтыя спісы сумна вядомыя тым, што ў іх уключаныя прадстаўнікі палітычнай апазіцыі ды праваабаронцы", — заявілі эксперты.

"Паводле розных крыніц, супраць зняволеных, што знаходзяцца ў гэтых спісах, ужываюцца розныя формы жорсткага абыходжання, уключна з утрыманнем пад вартай без сувязі са знешнім светам і адмову ў хуткай і належнай медычнай дапамогі, а таксама абмежаванням на перапіску і грашовыя пераводы", — заявілі мандатарыі.

"Адзін 67-гадовы зняволены ўтрымліваецца без сувязі са знешнім светам з лютага 2023 года і, верагодна, з'яўляецца ахвярай гвалтоўнага знікнення".

20 чэрвеня 2024 года беларускі парламент прыняў закон, які прапануе амніставаць асобаў пенсійнага ўзросту (63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын).

"Аднак амністыя не будзе распаўсюджвацца на зняволеных, асуджаных за такія злачынствы, як грубае парушэнне грамадскага парадку, дзеянні, накіраваныя на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы, стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім, паклёп на адрас прэзідэнта або дыскрэдытацыя Беларусі, якія часта выкарыстоўваюцца для палітычна матываванага судовага пераследу".

Амністыя таксама не будзе распаўсюджвацца на зняволеных, уключаных у спісы асобаў, што маюць дачыненне да тэрарыстычнай ды экстрэмісцкай дзейнасці.

Эксперты заявілі, што паказалі на неадпаведнасць беларускай прававой базы ў галіне процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму міжнароднаму праву ў галіне правоў чалавека і на частыя злоўжыванні ім для пераследу палітычных апанентаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, журналістаў і праваабаронцаў.

"Мы зноў звяртаемся да Беларусі з заклікам прывесці сваё заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі ды вызваліць усіх асобаў, несправядліва асуджаных за законнае ажыццяўленне сваіх правоў чалавека, такіх як свабода слова, асацыяцый і сходаў".

Яны таксама заклікалі да забароны дыскрымінацыі па прыкмеце палітычных перакананняў і распаўсюджванню амністыі на ўсіх людзей сталага веку, зняволеных у турму па палітычных абвінавачваннях.

Эксперты звязваліся з беларускім урадам па гэтым пытанні.

"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў схільны да асаблівай рызыкі за кратамі

Па стане на 4 ліпеня 2024 года праваабаронцам вядома не менш чым пра 252 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства