Дайджэст вызваленых: мінімум 27 палітвязняў у чэрвені выйшлі на волю, пяць з іх — па абмене
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1410 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца амаль штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію"), ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па даных "Вясны", у чэрвені на волю выйшлі мінімум 27 чалавек, 19 з якіх цалкам адбылі тэрміны, а пяцёх вызвалілі па абмене. Яшчэ трое палітзняволеныя былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА. За што палітвязні адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.
Юрый Седзянеўскі — 3 гады і 2 дні ў зняволенні
Юрый быў асуджаны да трох гадоў "хіміі" па арт. 364 КК «гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі" і па арт. 342 КК "групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Справа была ўзбуджана за падзеі ў Гродне 6 верасня 2020 года. У справе фігуравалі ажно 11 пацярпелых супрацоўнікаў МУС. Юрый сваёй віны не прызнаў.
Палітвязень адбываў свой тэрмін у папраўчай установе адкрытага тыпу № 17.
Сяргей Гунь— 2 гады і 26 дзён у зняволенні
Паводле "Гомельскай Вясны", палітвязень цалкам адбыў пакаранне ў віцебскай калоніі № 3 і выйшаў на волю 29 чэрвеня.
Сяргей — былы дырэктар івэнт-агенцтва KRONA, мае малога сына Емяльяна. Яго затрымалі 3 чэрвеня 2022 года ў сябе на лецішчы. У ІЧУ Сяргей, пратэстуючы супраць свайго зняволення, абвяшчаў сухую галадоўку.
Яго абвінавацілі паводле арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У сакавіку 2023 года Магілёўскі абласны суд прызначыў палітвязню пазбаўленне волі.
Яўген Бароўскі — 3 гады і 8 месяцаў у зняволенні
2 красавіка 2021 года мінчука асудзілі на чатыры гады пазбаўлення воліў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 364КК (гвалт над супрацоўнікамі міліцыі) і па арт. 342КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Падзеі, за якія асудзілі мужчыну, адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года. Пад час разгону "Маршу гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” ён і яшчэ тры абвінавачаныя, як вынікае з матэрыялаў следства, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі з імі ў бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.
У канцы студзеня 2022 праваабаронцам стала вядома, што Яўгена Бароўскага змясцілі ў штрафны ізалятар замест таго, каб аказаць яму неабходную медыцынскую дапамогу. 15 чэрвеня 2024 года Яўген выйшаў на волю з магілёўскай калоніі № 15, цалкам адбыўшы тэрмін.
Дзмітрый Юртаеў — 1 год, 8 месяцаў і 25 дзён у зняволенні
Дзмітрый — дзіцячы паэт і празаік, пераможца конкурсу "Пісьменнікі — дзецям", выкладчык школы "Смарт скул". Яго затрымалі 21 верасня 2022 года супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Палітвязня абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт 368 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК). У красавіку 2023 года Дзмітрыя асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі.
Па падліках праваабаронцаў вызвалены з віцебскай калоніі № 3 летам 2024 года.
Андрэй Аўсіевіч — 3 гады, 1 месяц і 11 дзён у зняволенні
Палітвязня ў снежні 2021 года асудзілі да трох з паловай гадоў калоніі за каментары ў тэлеграме. Яго абвінавацілі ў "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) і ў "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК).
Тэрмін хлопец адбываў у магілёўскай калоніі № 15.
Яўген Гоманаў — 2 гады, 4 месяцы і 23 дні ў зняволенні
Яўген — аўтаслесар з Мінска, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паарт. 369 Крымінальнага кодэкса. Суд Кастрычніцкага раёна Гродна 30 лістапада 2021 года прызначыў палітвязню абмежаванне волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе № 49. 25 чэрвеня Яўген выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну.
Пяцёра палітзняволеных грамадзян Украіны былі вызваленыя па абмене
Увечары 28 чэрвеня з'явілася раптоўная звестка аб вызваленні з беларускіх калоній і ізалятара пяці палітзняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Так на волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец. Умовы абмену не паведамляюцца. Адзначаецца, што ўдзел у вызваленні прыняў Ватыкан. Вызваленых палітвязняў даставілі ва Украіну 28 чэрвеня.
Пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмене. Распавядаем, што вядома пра іх
Трое палітзняволеныя выйшлі на волю пасля суда
У чэрвені беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі тры палітзняволеныя ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі "хатнюю хімію". Сярод іх:
- Галіна Лагацкая — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Максім Паноў — два з паловай гады "хатняй хіміі";
- Лізавета Шульская — два з паловай гады "хатняй хіміі".
Але гэтыя даныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам.