viasna on patreon

Пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмене. Распавядаем, што вядома пра іх

2024 2024-06-29T10:05:17+0300 2024-07-01T13:35:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vyzvalenyja_ukraina_2.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Увечары 28 чэрвеня з'явілася раптоўная звестка аб вызваленні з беларускіх калоній і ізалятара пяці палітзняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Так на волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец. Умовы абмену не паведамляюцца. Адзначаецца, што ўдзел у вызваленні прыняў Ватыкан. Вызваленых палітвязняў даставілі ва Украіну 28 чэрвеня — у СМІ з'явілася іх фота з аэрапорта "Жуляны". Яшчэ як мінімум 10 грамадзян Украіны застаюцца за кратамі ў Беларусі за "агентурную дзейнасць" і "шпіянаж". "Вясна" распавядае пра вызваленых палітвязняў. 

vyzvalenyja_ukraina_2.jpeg
Вызваленыя палітзняволеныя грамадзяне Украіны па абмене з беларускіх калоній. 28 чэрвеня, 2024 года, аэрапорт "Жуляны"

Павел Купрыенка — сем гадоў калоніі за "агентурную дзейнасць"

Павел Купрыенка на судзе

Пра справу Паўла, якога затрымалі ў лістападзе 2022 года, стала вядома з прапагандысцкага фільма. У відэасюжэце паведамлялася, што ў Паўла Купрыенкі "былі заданні, у тым ліку, па маніторынгу грамадска-палітычнай абстаноўкі ў Беларусі". У яго нібыта знайшлі дакумент за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданава. Прапагандысты сввярджалі, што Купрыенку завербавалі ўкраінскія спецслужбы. 

Грамадзяніна Украіны Паўла Купрыенку ў Гомельскім абласным судзе 9 сакавіка 2023 года асудзілі паводле арт. 358-1 (агентурная дзейнасць) і прызначылі сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Справу разглядаў Руслан Царук.

Павел адбываў тэрмін у віцебскай калоніі № 3. 

Кацярына Бруханава — два з паловай гады калоніі за відэа з расійскай ваеннай тэхнікі  

Кацярына Бруханава родам з горада Херсон. Яна адвучылася ў Кітаі, скончыла там універсітэт у 2015 годзе, а ў 2016 годзе пераехала ў Беларусь, дзе працавала перакладчыцай з кітайскай.

Кацярыну затрымалі, калі яна праходзіла беларускую мяжу. Ад яе запатрабавалі даць на праверку тэлефон, яна падала яго супрацоўнікам разам з паролямі. Беларускія сілавікі знайшлі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі "Зеркала". На відэа было перамяшчэнне расійскай ваеннай тэхнікі пад Мінскам, якое яна сама зняла. 

Кацярыну абвінавацілі паводле ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суд над Кацярынай адбыўся ў кастрычніку 2023 году ў Брэсцкім абласным судзе. Два з паловай гады калоніі 13 кастрычніка 2023 г. прызначыў Кацярыне суддзя Андрэй Сіз.

Кацярына адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4.

Наталля Захаранка — дзевяць гадоў калоніі па абвінавачванні ў "шпіянажы"

Наталля Захаранка. Фота з сацыяльных сетак

Прадпрымальніцу з Украіны затрымалі напачатку ліпеня 2023 году. Жыхарка Чарнігава знікла па дарозе ў беларускі Мазыр, дзе жыве яе сястра. Трывогу забіла дачка жанчыны: нумары і кантакты маці пасля перасячэння польска-беларускай мяжы сталі недасяжныя, а афіцыйныя органы маўчалі. Высвятлілася, што яе затрымалі і абвінавачвалі ў "шпіянажы на карысць Украіны" паводле арт. 358 КК.

Як паведамлялі ўкраінскія медыя, Наталля з'яўлялася валанцёркай, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі. Вядома таксама, што Захаранка ездзіла ў Беларусь на ўласным аўтамабілі.

Суд над Наталляй пачаўся 15 лютага 2024 году ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў ёй дзевяць гадоў калоніі і канфіскаваў мікрааўтобус.

Свой тэрмін Наталля адбывала ў гомельскай калоніі № 4.

Людміла Ганчарэнка — абвінавачванні за "агентурную дзейнасць"

Грамадзянку Украіну асудзілі ў Гомельскім абласным судзе 19 снежня 2023 года паводле арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Справу ў закрытым рэжыме разгледзеў суддзя Яўген Шаршнёў. Вынік суда і абставіны справы праваабаронца невядомыя.

Людміла адбывала прысуд у жаночай калоніі № 4.

Мікалай Швец — фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах"

shvec_machulici_bt7.jpg
Мікалай Швец. Скрыншот відэа "Беларусь 1"

Фігурант справы аб дыверсіі ў Мачулішчах 26 лютага 2023 года Мікалай утрымліваўся пад вартай з сакавіка таго года. Паводле прапагандыстаў, украінскія спецслужбы адправілі яго ў Беларусь, каб здзейсніць "тэракт". З яго ўдзелам знялі некалькі прапагандысцкіх фільмаў.

Мікалай утрымліваўся ў СІЗА КДБ.

Хто з грамадзян Украіны застаўся за кратамі?

Арцём Макавей
Арцём Макавей.

За "агентурную дзейнасць" і "шпіянаж" за кратамі ў Беларусі застаюцца мінімум 10 грамадзян Украіны. Гэта асуджаныя Сяргей БойкаМіхаіл СталярчукДзмітрый ГудзікАндрэй Шмай, Арцём Макавей.

Яшчэ невядома пра лёс і статус пяці грамадзян Украіны пасля прапагандысцкіх фільмаў і агучаных там цяжкіх абвінавачваннях. Меркавана, усе яны ўтрымліваюцца пад вартай.

Восенню 2023 года КДБ заявіў, што ў Беларусі затрымалі шэсць чалавек па абвінавачванні ў "падрыхтоўцы тэрактаў", сярод іх два ўкраінцы — Вячаслаў Бародзій і Іван Ліхалат.

Напачатку красавіка 2024 года дзяржканал АНТ выпусціў сюжэт пра затрыманні ў памежных з Украінай раёнах. Паведамляецца пра 10 затрыманых, два з якіх – грамадзяне Украіны, бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі. Паводле версіі тэлеканала, яны нелегальна перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу і прынеслі ў Беларусь выбухоўку. Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што мужчыны пераходзілі мяжу з цеплавізарамі, правяраючы такім чынам, ці няма каго на іх шляху. У чым іх абвінавачваюць цяпер, працэсуальны статус і месцазнаходжанне ўкраінцаў невядомыя.

Напрыканцы красавіка 2024 года выйшаў прапагандысцкі фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", дзе паведамілі аб затрыманні сямі падлеткаў за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Некаторых з іх абвінавачваюць у "акце тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве". У фільме распавялі, што шэсць падлеткаў нібыта аб'ядналіся ў "анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі", якую "пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны" стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства