viasna on patreon

У Беларусі затрымалі шэсць чалавек па абвінавачванні ў "падрыхтоўцы тэрактаў". Што вядома пра затрыманых?

2023 2023-09-12T12:14:07+0300 2023-09-12T12:32:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barodii_89.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камітэт дзяржбяспекі затрымаў у Беларусі шэсць чалавек па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з "Службай бяспекі Украіны" і "падрыхтоўцы тэрактаў". Сярод затрыманых — два ўкраінца, астатнія — беларусы. Пра гэта стала вядома з фільма 11 верасня, які паказалі адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, некаторых на следчых дзеяннях водзяць на ланцугах, аднаго з затрыманых знялі ў СІЗА КДБ. Усе змешчаныя пад варту — іх абвіначваюць у замаху на акт тэрарызму, шпіянажу, здрадзе дзяржаве і агентурнай дзейнасці.

Вячаслаў Бародзій
Адзін з затрыманых на следчым дзеянні

Агулам паведамляецца пра шэсць затрыманых. Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі 1 верасня ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Вядома, што Вячаслаў нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Украіну і працаваў егерам, выхоўвае трох дзяцей. У фільме распавялі, што Бародзій пасля пачатку паўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што "з сакавіка гэтага года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны". У фільме кажуць:

"Пры затрыманні ён заявіў, што прыйшоў у нашу краіну "забраць хлопца і вярнуцца назад". Пра склады са зброяй Бародзій нібыта нічога не ведаў і наогул перасек мяжу з нашай краінай упершыню. Навошта ў яго пры сабе быў пісталет SIG Sauer з глушыцелем і дзвюма абоймамі, Бародзій патлумачыць не змог. Зрэшты, гэта зразумела і так. Пры сутыкненні з нашымі памежнікамі ў Мангуста была б магчымасць адстрэльвацца ад іх".

Вячаслаў Бародзій
Вячаслаў Бародзій

Што яму канкрэтна прад'яўляюць — пакуль невядома. На следчых дзеяннях яго вадзілі на ланцугу. Вячаслаў Бародзій змешчаны ў СІЗА.

Вячаслаў Бародзій на следчым дзеянні
Вячаслаў Бародзій на следчым дзеянні

ДзяржСМІ паведамілі, што яшчэ тром затрыманым Івану Ліхалату, Івану Бародзічу і Барысу Пухальскаму выстаўлены шэраг абвінавачванняў па цяжкіх артыкулах: падрыхтоўка акта тэрарызму (ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289 КК), здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК) і шпіянаж (арт. 358-1 КК). Нагадаем, што цяпер за падрыхтоўку акта тэрарызму ў Беларусі прадугледжваецца смяротнае пакаранне.

Затрыманне Івана Ліхалата
Затрыманне Івана Ліхалата

Іван Бародзіч і Барыс Пухальскі з Гродна, а Іван Ліхалат — грамадзянін Украіны, які ў 2013-м перабраўся ў Беларусь. Гісторыю жыцця Івана Ліхалата распавядаюць у фільме:

"Дзесяць гадоў жыў і працаваў у нашай краіне, ажаніўся з беларускай, гадаваў траіх непаўналетніх дзяцей. Здавалася б, што можа пайсці не так? Пакуль у яго роднай краіне ідуць баявыя дзеянні, а яго суайчыннікі гінуць у мясасечцы вайны, ён жыве ў мірнай і спакойнай краіне, працуе і гадуе дзяцей. Складана зразумець, што рухае падобнымі асобамі, але ўжо ў студзені гэтага года Ліхалат выйшаў на сувязь з СБУ".

У прапагандысцкім фільме сцвярджаецца, што "раней Пухальскі выходзіў на сувязь з СБУ, каб паваяваць на баку Украіны, але атрымаў адмову". Яму нібыта растлумачылі, што яго навыкі спатрэбяцца ў Беларусі. Паводле прапагандыстаў першапачаткова трое выконвалі задачы па зборы інфармацыі:

"Збіралі звесткі аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі, наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі беларускіх часцей, размяшчэнні ЗРК [зенітна-ракетных комплексаў]".

Сцвярджаецца, што ў памежным з Украінай Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці Пухальскі "забраў з тайніка выбуховае прыстасаванне, якое перавёз у Талачынскі раён для падрыву чыгункі". Там яго 4 верасня затрымалі супрацоўнікі групы "А" КДБ.

Барыс Пухальскі на следчым дзеянні
Барыс Пухальскі на следчым дзеянні

У дзяржСМІ заявілі:

"На месцы планаванага тэракта канфіскавалі выбуховае рэчыва гексаген масай 1 кг, драты, дэтанатар і магніт для мацавання выбухоўкі да рэек. Адначасова ў Гродне былі затрыманыя памагатыя Пухальскага — Ліхалат і Бародзіч".

Яшчэ двух беларусаў — Паўла Вабішчэвіча і Андрэя Зіненку — затрымалі ў ноч з 26 на 27 жніўня на чыгунцы ў Стаўбцоўскім раёне недалёка ад нафтабазы і прыпыначнага пункта Сінява. Супраць іх заведзены крымінальныя справы паводле ч. 2 арт. 289 КК (замах на здзяйсненне акта тэрарызму групай асоб) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). У фільме сцвярджаецца, што яны спрабавалі паставіць на чыгунцы выбуховую прыладу, якая мусіла б спрацаваць па камандзе куратара з СБУ. Андрэй Зіненка ў фільме паказаны са слядамі збіцця на твары.

Павел Вабішчэвіч у СІЗА КДБ
Павел Вабішчэвіч у СІЗА КДБ

ДзяржСМІ распавялі, што Вабішчэвіч трапіў пад увагу сілавікоў, калі даносчык паведаміў пра яго ў чат-бот КДБ, што 10 чэрвеня на вакзале ў Оршы ён фатаграфаваў чыгуначныя пуці і саставы. 19 жніўня, як сцвярджаецца ў фільме, Вабішчэвіч прыехаў у Лоеўскі раён Гомельскай вобласці, недалёка ад украінскай мяжы, дзе забраў у тайніку выбуховую прыладу (2,4 кілаграма трацілу і паражальны элемент) і перавёз яе ў тайнік у Чэрвеньскім раёне.

А 26 жніўня Вабішчэвіч нібыта забраў іншую выбуховую прыладу (1,2 кілаграма трацілу) у Хойніцкім раёне — гэта таксама каля мяжы з Украінай — і паехаў устанаўліваць яе на чыгунку пад Стоўбцамі. Вазіў яго на машыне, як сцвярджаецца ў фільмах, яго былы калега Андрэй Зіненка. Зіненка на кадрах выглядае збітым наймацней.

Пра Паўла Вабішчэвіча гаворыцца, што ён мінчук, нарадзіўся ў 1986 годзе. Сцвярджаецца, што ён устанавіў сувязь з СБУ "праз тэматычную групу ў месенджары". Спачатку ён нібыта меў задачу фатаграфаваць стратэгічныя аб’екты, пазней узяўся падарваць чыгунку.

Андрэй Зіненка
Андрэй Зіненка

40-гадовы Андрэй Зіненка — былы калега Вабішчэвіча, які "працаваў на кіроўнай пасадзе і атрымліваў высокі заробак", падкрэсліваюць дзяржаўныя медыя. Такі акцэнт на "высокім заробку" нярэдкі ў лукашэнкаўскай прапаганды. У той жа час Вабішчэвіча малююць судзімым аматарам азартных гульняў.

Затрыманыя ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства