У Жлобіне за тыдзень – тры суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
У судзе Жлобінскага раёна 13 чэрвеня судзяць былога рабочага БМЗ Яўгена Сізова, якога абвінавачваюць у “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх” паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Судзіць жлабінчаніна прызначаная суддзя Наталля Качалова, вядомая палітычна матываванымі прысудамі супраць ўдзельнікаў акцый пратэстаў у 2020 годзе.
Вядома, што Яўгена Сізова затрымалі сілавікі з прымяненнем сілы ў красавіку гэтага года.
У красавіку 2024 года стала вядома пра затрыманне ў Жлобіне траіх мужчын за 2020 год. Сярод іх – супрацоўнік БМЗ, які ў відэа сілавікоў заклікаў усіх, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, добраахвотна прыйсці і здацца ў органы. Як высветліў “Штодзень”, гэтым чалавекам апынуўся жлобінец Яўген Сізоў. Даведацца, што менавіта ён з’яўляецца супрацоўнікам БМЗ стала магчыма з паведамлення БМЗ, дзе Яўгена віншуюць калегі з днём нараджэння.
Судовыя працэсы за ўдзел у акцыях пратэсту ў Жлобіне ў 2020 годзе працягваюцца і дагэтуль. Літаральна два дні таму па "народным" артыкуле тут судзілі Іллю Грышкова, а 6 чэрвеня адбыўся суд над Іллёй Патырыным. Вынікі судоў пакуль невядомыя.