"З мэтай вядзення дэструктыўнай дзейнасці". За ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі двух братоў і жонку аднаго з іх
У судзе Савецкага раёна Мінска 17 траўня за ўдзел у трох акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса асудзілі адразу трох чалавек: Алену Нядбальскую, Паўла і Уладзімара Джэжораў. Аднаму з братоў прад'явілі абвінавачванне яшчэ па аднаму эпізоду — ён быў пад вартай да суда. Суддзя Вольга Емельянчанка прызначыла ўсім па тры гады "хатняй хіміі".
Двух братоў Паўла і Уладзімара Джэжораў і жонку аднаго з іх Алену Нядбальскую абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У віну ім паставілі тое, што на трох акцыях пратэсту ў 2020 годзе (адзін з братоў — на чатырох) блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам.
У прысудзе адзначаецца, што яны прынялі ўдзел у акцыях "з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве".
На працэсе ўсе трое прызналі віну.
З матэрыялаў справы, вядома, што іх ідэнтыфікавалі па відэазапісам і фотаздымках з праезнай частцы на акцыях пратэсту. Вядома, што адразу затрымалі аднаго з братоў і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Пасля гэтага сілавікі зацікавіліся ягоным братам.
У выніку Вольга Емельянчанка прызначыла Алене Нядбальскай, Паўлу і Уладзімару Джэжорам па тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі").
Алена Нядбальская і адзін з братоў Джэжораў былі да суда пад закладам у памеры 12 000 рублёў. Вядома, што ў жанчыны на ўтрыманні ёсць малалетніх дзяцей.
Адзін з братоў утрымліваўся пад вартай да суда — пасля агалошвання прысуду яго вызвалілі ў зале суда.