viasna on patreon

Палітзняволеную бібліятэкарку асудзілі на тры гады калоніі за пераводы палітвязням

2024 2024-07-08T13:06:39+0300 2024-07-08T13:06:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pagadaeva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Стала вядома, што 55-гадовую палітзняволеную Ірыну Пагадаеву асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вядома, што яе судзілі за грашовыя пераводы палітвязням па 4-5 рублёў.

Справу разглядаў Брэсцкі абласны суд, прысуд агучыў суддзя Андрэй Сіз. Пагадаеву прызналі вінаватай паводле ч.1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Вядома, што напрыканцы 2023 года яе ўключылі ў спіс датычных да facebook-супольнасці "Лісты салідарнасці", якую прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.

Агулам па справе фігуруюць больш за трыццаць эпізодаў, калі жанчына адпраўляла грошы палітвязням у СІЗА Мінска, Гомеля ды іншых гарадоў краіны. У асноўным, гаворка ідзе пра сумы ў 4-5 рублёў. За няпоўныя паўтара года (са жніўня 2021-га да снежня 2022-га) Ірына адправіла 188 рублёў. На думку абвінавачвання, яна была часткай экстрэмісцкай супольнасці, "наведвала забароненыя каналы, таму дзейнічала свядома, паводле матываў ідэалагічнай варожасці, з прамым намерам супраць дзеючай улады".

Пракурорка замест слова "палітвязні" выкарыстала іншыя фармулёўкі (напрыклад, "асобы, якія знаходзяцца ў СІЗА за ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці"), адзін раз дзяржабвінаваўца сказала замест "затрыманыя за экстрэмізм" фразу "затрыманыя за палітычныя перакананні". Гэтая агаворка пракуроркі апісана ў рэпартажы дзяржаўнай газеты з першага дня суда.

Ірына Пагадаева на судзе прызнавала, што рабіла пераводы, але не прызнала, што дапамагала "экстрэмістам". Паводле яе словаў, яна ажыццяўляла пераводы ў СІЗА выключна праз спагаду да затрыманых і жаданне дапамагчы тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. У сваім апошнім слове Ірына шмат казала пра тое, што паважае законы сваёй краіны, на першае месца ставіць правы чалавека, заўсёды трымаецца прынцыпаў дапамагаць слабым і ніколі не адчувае ні да каго ніякай варожасці. Яшчэ яна падзякавала супрацоўнікам СІЗА №7, якія выратавалі яе ад гіпертанічнага крызу ў перыяд знаходжання пад вартай.


Ірына Пагадаева з Брэста, працавала ў бібліятэцы, у яе двое дзяцей. Яна была затрыманая 6 траўня 2024 года і змешчаная ў СІЗА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства