viasna on patreon

Мужчыну асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за абразу ў тэлеграм-чаце Чамаданавай

2021 2021-01-26T12:27:46+0300 2021-01-26T12:27:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/olga_chemodanova_17_08_2020_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 26 студзеня асудзіў 43-гадовага Дзмітрыя Ушацкага да двух гадоў "хатняй хіміі" паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса за абразу ў тэлеграм-чаце прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных справаў Вольгі Чамаданавай. На суд з'явілася сама пацярпелая і тлумачыла, якія маральныя пакуты ёй былі прычыненыя абразай абвінавачанага ў чаце "Банда Луки", якія яна ацаніла ў 5000 рублёў. Сам каментар у судзе агучаны не быў, але вядома, што ён быў "у непрыстойнай грубай нецэнзурнай форме пра пасаду і зоркі". У якасці сведкі ў судзе была дапытаная афіцыйная прадстаўніца ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч. Справу разглядала суддзя Таццяна Акавітая. "Вясна" з дапамогай валанцёраў назірала за гэтым судовым працэсам — распавядаем ягоныя абставіны. 

Вольга Чамаданава. Фота: ctv.by
Вольга Чамаданава. Фота: ctv.by

У чым абвінавачвалі мужчыну?

Паводле абвінавачвання, раніцай 18 чэрвеня карыстальнік тэлеграма Коба [Дзмітрый Ушацкі] размясціў "па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспубліцы Беларусь" у тэлеграм-чаце "Банда Лукі" абразлівае паведамленне пад фатаграфіяй Чамаданавай, выказанае ў непрыстойнай нецэнзурнай грубай форме пра пасаду і зоркі з мэтай "адпомсціць за яе афіцыйны каментар пра ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна". Паводле абвінавачвання, размешчанае Ушацкім паведамленне "прыніжае гонар і годнасць Чамаданавай, прычыняе ёй маральныя пакуты, падрывае яе аўтарытэт, асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных справаў у цэлым". Тым самым, паводле абвінавачання, Дзмітрый Ушацкі здзейсніў злачынства, прадугледжанае артыкулам 369 Крымінальнага кодэкса.

"Мяне абурылі абставіны затрымання Ціханоўскага"

На судзе абвінавачаны прызнаў віну цалкам, раскаяўся і папрасіў прабачэнне ў Вольгі Чамаданавай у зале суда:

"Мэты абразы Вольгі Чамаданавай у мяне не было. У мяне былі эмоцыі і не зусім адэкватны стан [Дзмітрыя пакусалі пчолы]. Я не хацеў яе абразіць, не думаў, што яна прачытае паведамленне ў гэтай групе. Калі я пісаў гэты каментар, я не меркаваў, што афіцыйная асоба МУС будзе карыстацца такой групай.

Я прызнаю сваю віну ў тым, што я размясціў такі каментар і што ў ім утрымліваліся абразлівыя словы ў адрас Чамаданавай, што я зрабіў паведамленне ў публічнай сетцы, да якой можа мець доступ любы карыстальнік тэлеграма".

На судовым працэсе Дзмітрый распавёў, што "мог быць падпісаны на телеграм-чат "Банда Луки", але не з'яўляўся пастаянным падпісчыкам, не цікавіўся дзейнасцю групы". Зыходзячы з матэрыялаў справы, Ушацкі пакінуў абразлівы каментар пад фатаграфіяй Вольгі Чамаданавай у форменным абмундзіраванні. Аднак у судзе ён не змог успомніць, ці быў пад гэтай фатаграфіяй нейкі подпіс:

"Прычынай напісання паведамлення стаў каментар Вольгі Чамаданавай па справе Ціханоўскага".

Ушацкі патлумачыў у судзе, што ён пакінуў каментар пад фота пасля 38 хвілін пасля яго размяшчэння — "мог за гэты час прачытаць іншую інфармацыю". У тэлеграм-чаце "Банда Луки" ён убачыў каментар Чамаданавай з нагоды затрымання Ціханоўскага. І гэты каментар у яго выклікаў незадаволенасць і абурэнне. 

"Мяне гэта абурыла. Абурылі абставіны затрымання Ціханоўскага. У мяне было меркаванне, што яго затрымалі тады не зусім карэктна, скажам так. У дачыненні да яго былі здзейсненыя нейкія правакацыйныя дзеянні з боку грамадзянскай асобы. Яна потым была апазнаная як жанчына лёгкіх паводзін, якая ўдзельнічала ў правакацыі".

Суддзя Таццяна Акавітая спытала, чаму абвінавачаны так адсочваў лёс Ціханоўскага, хто ён такі. На гэта Дзмітрый адказаў, што ён яго ўспрымаў як "звычайнага блогера":

"Я не быў у яго групах, камандах, нават не быў яго падпісчыкам. Я проста чытаў навіны і бачыў яго затрыманне".

На судзе Ушацкі заявіў, што яго каментар не быў зроблены "па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці":

"Я не ўдзельнічаў у перадвыбарчай кампаніі, не падпісваўся за Ціханоўскага. На выбарах я не галасаваў.

Каментар быў звязаны толькі з затрыманнем Ціханоўскага. І тое, што я нібыта пакінуў каментар пад каментаром пра ўтрыманне на Акрэсціна — таксама не адпавядае рэчаіснасці. Я ніколі не быў там, не прыцягваўся 23.34 і не ўдзельнічаў у гэтых мерапрыемствах".

Прэс-сакратарка МУС ацаніла свае маральныя пакуты ў 5000 рублёў

Пацярпелая па справе Вольга Чамаданава на судзе распавяла, што ўбачыла каментар раніцай 18 чэрвеня. На той момант яна ведала пра існаванне тэлеграм-чата "Банда Луки", але не была падпісаная на яго і не з'яўлялася яго карыстальніцай. Аднак, як патлумачыла прэс-сакратарка, яе калегі з МУС ажыццяўляюць маніторынг інтэрнэт-прасторы. Скрыншот паведамлення ёй даслала калега Наталля Ганусевіч — начальніца па сувязях з грамадскасцю ГУУС Мінгарвыканкама. Вось, што распавяла на судзе пацярпелая прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава:

"Высокі суд, такое паведамленне я атрымала ўпершыню за перыяд маёй службы на пасадзе начальніка ўпраўлення інфармацыі [з 29 снежня 2018 года]. Раней падобных паведамленняў мне ніхто не дасылаў і не перасылаў, таму для мяне, вядома, такое паведамленне выклікала не проста абразу асабіста мяне, а ў цэлым — і службы, і ведамства. Я б сказала, гэта пэўны замах на аўтарытэт праваахоўных органаў, асабліва, на мой. Абразлівым, напэўна, было больш тое, што чалавек, які пакідае такі каментар, — гэта абсалютна невядомы для мяне чалавек, і не мае права рабіць нейкія заключэнні, думкі публічна адлюстроўваць.

Гэта паведамленне прынізіла мае гонар і годнасць. Вельмі адбілася, у прынцыпе, на маёй працы працягу некаторага перыяду часу. На працягу тыдня, як мінімум, гэта дакладна адбілася...

Гэта паўплывала, у тым ліку, на мой стан здароўя. Бальнічны ліст адкрываць не варта было, але, тым не менш, пэўны дыскамфорт, на агульны стан здароўя — гэта, сапраўды, паўплывала. Акрамя гэтага, вы разумееце, што інфармацыя размешчаная публічна становіцца здабыткам не толькі тых, хто маніторыць гэтую інфармацыю, але і шэрагу іншых людзей, якія цябе ўжо ведаюць і ў якіх пэўнае стаўленне да цябе і як да чалавека, і як да кіраўніка. Вядома, гэта такі сур'ёзны ўдар па рэпутацыі, у тым ліку".

На ўдакладняючае пытанне суддзі аб характары абразы, Чамаданава сказала, што каментар быў накіраваны ў дачыненні да яе, у першую чаргу, як на жанчыну. Па яе словах, таксама гэта было звязана з займаемай пасадай і з інфармацыяй, якая размяшчаецца і размяшчалася ў телеграм-канале "Прэс-сакратар МУС Беларусі", адміністратарам якога яна з'яўляецца. Таксама Вольга Чамаданава сказала дзяржабвінаваўцу, што яна, сапраўды, рабіла заявы з нагоды затрымання Ціханоўскага— 30 траўня (з нагоды ягонага затрымання ў Гродне) і 4 чэрвеня (з нагоды ператрусу ў яго на лецішчы). Таксама напярэдадні 18 чэрвеня яна давала каментар па нагоды затрымання Севярынца.

"Супакаяльныя прэпараты мне давялося прымаць"

Вольга Чамаданава заявіла грамадзянскі пазоў аб прычыненні ёй маральных пакутаў на 5000 рублёў.

"Па-першае, гэта прынесла мне і фізічны пэўны дыскамфорт. Мой стан здароўя, дзякуй богу, не запатрабаваў нейкага працяглага лячэння. Але, разам з тым, пэўныя супакаяльныя прэпараты мне давялося прымаць з-за таго, што гэта занадта паўплывала на тое, што я ўбачыла ўпершыню для сябе. Ну і таксама, вядома, мой аўтарытэт і рэпутацыя пасля гэтага мелі таксама пэўныя страты, і гэта адбівалася на тым, што пра гэта паведамленне мне казаў не адзін чалавек, а пра гэта казалі многія", — тлумачыць свае маральныя пакуты Вольга Чамаданава ў судзе.

Абвінавачаны пазоў прызнаў часткова: гатовы пакрыць 3000 рублёў. Чамаданава прасіла пакараць абвінавачанага Ушацкага на меркаванне суда.

Наталля Ганусевіч: Каментар пакрыўдзіў і мяне, у тым ліку

У судзе ў якасці сведкі была дапытаная Наталля Ганусевіч — начальніца па сувязях з грамадскасцю ГУУС Мінгарвыканкама. Яна распавяла, што раніцай 18 чэрвеня перад працай яна, праглядаючы розныя тэлеграм-каналы, выявіла ў групе "Банда Луки" інфармацыю, якая тычылася яе непасрэднай кіраўніцы Вольгі Чамаданавай.

"Бо яна з'яўляецца публічным чалавекам і, перш за ўсё, маім кіраўніком, я палічыла патрэбным праінфармаваць яе, каб яна ведала", — распавядае ў судзе Наталля Ганусевіч.

Як распавяла сведка, пад фатаграфіяй размяшчаўся абразлівы каментар у нецэнзурнай форме ў адрас Вольгі Чамаданавай. Яна зрабіла скрыншот і адправіла асабістым паведамленнем у телеграме сваёй начальніцы. На пытанне суддзі Акавітай, ці прыніжаў размешчаны каментар гонар і годнасць Чамаданавай, Ганусевіч адказала станоўча, дадаўшы, што яе ён таксама пакрыўдзіў. 

Вольга Чамаданава не згодная з пракурорам з нагоды абвінавачвання

Падчас спрэчак пракурор выключыў з абвінавачванняў Ушацкаму "матывы палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй у Рэспублікі Беларусь". Аднак сама Вольга Чамаданава заявіла, што яе меркаванне тут неадназначна, і адразу была не згодная з пракурорам, што абразлівае паведамленне абвінавачанага не звязанае з электаральнай кампаніяй:

"Усе падзеі, якія на телеграм-канале размяшчаліся, прынамсі, каментаваліся ад МУС так ці інакш былі звязаныя з тым самым перадвыбарным перыядам. І я скажу больш, што, напэўна, менавіта ў гэты перыяд часу да 9 жніўня такія паведамленні з пагрозамі і абразамі, якія менавіта тычацца перадвыбарнай кампаніі, паступалі шматлікія".

Аднак потым на ўдакладняючыя пытанні суддзі яна сказала, што падтрымлівае пазіцыю дзяржабвінаваўцы. Пракурор запрасіў амаль самае строгае пакаранне па арт. 369 КК — 2 гады абмежавання без накіравання ва ўстановы папраўчага тыпу. Суддзя Таццяна Акавітая прызначыла менавіта такое пакаранне. Акрамя таго, суд абавязаў Ушацкага выплаціць Вользе Чамаданавай 5000 рублёў маральнай шкоды. 

Дзмітрый сказаў у апошнім слове:

"Паспрабую выплаціць хутчэй матэрыяльным шкоду, каб, як гаворыцца, перавярнуць гэтую старонку".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства