viasna on patreon

Пабачыў свет "Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020 – 2023". Запрашаем на прэзентацыю!

2024 2024-04-23T10:44:54+0300 2024-04-23T10:53:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turemny-zbornik_2020-2023.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пабачыў свет "Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020 – 2023". Яго першая прэзентацыя адбудзецца ў Вільні 25 красавіка, дзе можна будзе бясплатна атрымаць кнігу.

У анатацыі "Турэмнага зборніку", які выдалі праваабаронцы, напісана:

"«Краты – толькі хэштэг» – гэта радок з верша, дасланага медыяменеджарам Андрэем Аляксандравым з Валадаркі. #краты ўзятыя за аснову пры складанні гэтага зборніка твораў, напісаных у зняволенні па палітычна матываваных крымінальных справах. У кнігу ўвайшлі вершы, казкі, дзённікавыя запісы, успаміны, апавяданні і публіцыстычныя тэксты на беларускай і рускай мовах 52 палітычных зняволеных. Адзін верш напісаны на нямецкай.

Пры складанні зборніка выкарыстаны матэрыялы з асабістых архіваў сваякоў палітвязняў, публікацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніц. Таксама сярод твораў ёсць некалькі напісаных пасля выхаду на волю.

На вялікі жаль, на дадзены момант не ўяўляецца магчымым пазначыць у выданні ўсе тыя інтэрнэт-рэсурсы і сацыяльныя сеткі па прычыне пераследу за іх наведванне і цытаванне.

На вокладцы змешчаны турэмны малюнак вядомага беларускага мастака-нонканфарміста, чалавека-легенды Алеся Пушкіна, для якога крымінальны вырак стаўся смяротным прысудам: турма забіла яго 11 ліпеня 2023 года".

Укладальніца і рэдактарка зборніка Алена Лапцёнак адзначыла:

"Калі я паказала гэты зборнік аднаму чалавеку, ён сказаў: "Навошта множыць пакуты?" Але на мой погляд, гэты зборнік не множыць пакуты. Ён працягвае тэму палітвязняў, таму што пра іх варта казаць. Людзі знаходзяцца ў няволі за свае перакананні! Пра іх варта казаць штодня. І такі зборнік — гэта лепшая нагода пагаварыць не проста нават пра палітвязняў, а пра тое, што робіцца ў іх у душы, што яны перажываюць, які ў іх настрой. Тут таксама можна прасачыць, як, напрыклад, вершы 2020 года і 2023 года мяняюцца. Я бы сказала, што гэта цікавы матэрыял для даследавання псіхалагічнага стану гэтых людзей. Таму я не скажу, што зборнік множыць пакуты, наадварот, ён ізноў нам нагадвае, што дзе б мы не знаходзіліся, якая б у нас не была асабістая сітуацыя, — ёсць людзі, якія сёння за кратамі".

Запрашаем на прэзентацыю "Турэмнага зборніку. Творы беларускіх палітвязняў 2020 – 2023"!

  • Дзе: Вільнюс, Беларускі дом (Vilniaus gatve, 20)
  • Калі: 25 красавіка, 18:00

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства