"Парушаюць свае ж правілы спецвытворчасці". Справу супраць Леаніда Судаленкі перадалі ў суд
Крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК) у парадку спецыяльнай вытворчасці супраць былога палітзняволенага і праваабаронцы Леаніда Судаленкі накіравалі ў Гомельскі абласны суд для завочнага разгляду. Вядома, што матэрыялы справы размясціліся ў двух тамах, але сутнасць абвінавачвання самому праваабаронцу да гэтага часу невядомая. Нядаўна міліцыянты прыходзілі ноччу ў беларускую кватэру Леаніда шукаць яго, хоць той з'ехаў з краіны мінулым летам.
Днямі першы намеснік пракурора Гомельскай вобласці А.В. Драздоў накіраваў для разгляду ў Гомельскі абласны суд крымінальную справу супраць Леаніда паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК. Адпаведную пастанову праваабаронца апублікаваў у сябе на старонцы ў фэйсбуку.
Леанід Судаленка адзначае, што як толькі 1 лістапада 2023 года супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу ў Гомельскім раённым СК, ён даслаў следчым паперу, дзе пазначыў, што праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць краіну і пераехаць у Літву, і пакінуў ім свой літоўскі нумар мабільнага для сувязі.
"Зразумела, што мне ніхто не напісаў і не пазваніў, толькі прайшлі вобшукі ды наклалі арышт на зямельны ўчастак. Не прайшло і паўгады, як яны скончылі справу і перадалі ў суд. Але ж тым самым, яны нават парушаюць свае ж правілы спецвытворчасці. Паводле п. 2 ч. 2 арт. 468-25 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу спецвытворчасць можа праводзіцца пры выкананні адначасова наступных умоваў. Адна з іх: замежнай дзяржавай адмоўлена ў выдачы абвінавачанага для ажыццяўлення крымінальнага пераследу альбо на працягу шасці месяцаў з моманту накіравання Генеральнай пракуратурай органу замежнай дзяржавы просьбы аб выдачы асобы для ажыццяўлення крымінальнага пераследу не атрымана згода замежнай дзяржавы на выдачу абвінавачанага.
Як бачым, шэсць месяцаў на запыт аб маёй выдачы ці адмове ў гэтым скончваюцца толькі 1 траўня, нават пры ўмове, калі яны ў першы дзень пасля ўзбуджэння справы накіравалі ў Літву запыт аб маёй экстрадыцыі ў Беларусь".
"Спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць". Леанід Судаленка — пра новую крымінальную справу
Праваабаронца Леанід Судаленка пракаментаваў "Вясне" новую крымінальную справу супраць сябе.