viasna on patreon

Украінцы, палякі, расейцы: каго з замежных грамадзян утрымліваюць па палітычных справах у беларускіх турмах Дапоўнена

2024 2024-07-01T15:20:00+0300 2024-07-08T10:49:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/content_prison_truck_belarusian_souvenier.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускі рэжым па палітычных матывах пераследуе не толькі грамадзян сваёй краіны, пад рэпрэсійны каток трапляюць грамадзяне і грамадзянкі іншых краін. Напэўна, адзін з самых вядомых палітычных справаў супраць замежных грамадзян – кейс Наталлі Хершэ, якую вызвалілі з калоніі пры садзейнічанні Швейцарскай Канфэдэрацыі. У беларускіх месцах няволі застаюцца грамадзяне Украіны, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Латвіі, Казахстана і Узбекістана. Каля 25 грамадзян замежных дзяржаў утрымліваецца цяпер у месцах пазбаўлення волі Беларусі па палітычных матывах. Іх пераследуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і сваякам за мяжу. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск і пераслед украінцаў у Беларусі – іх абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці" і "шпіянажы". У канцы чэрвеня 2024 года ўкраінскім уладам удалося вызваліць пяць палітвязняў сваёй дзяржавы з беларускіх месцаў несвабоды. "Вясна" распавядае, каго з замежных грамадзян пераследуюць у Беларусі па палітычных матывах і па якіх справах. 

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украіна

Раней некалькі грамадзян Украіны асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Сярод іх – Міхаіл Феранец, Раман Гузінскі, Ірына Коваль, Кірыл Пятрэнка, Аксана Лакоза. Цяпер пасля адбыцця пакарання іх дэпартуюць у трэція краіны.

Да двух гадоў калоніі за каментары ў "Аднакласніках" пра Лукашэнку асудзілі 69-гадовага ўраджэнца Украіны (мае беларускае грамадзянства) Аляксандра Патапава. Пасля ранення і гібелі ва Украіне ад рук расійскіх вайскоўцаў ягонай дачкі і пляменніцы, ён пакінуў эмацыйныя каментары. У апошнім слове на судзе яму забаранілі выкарыстоўваць украінскія словы. Ён выйшаў на волю напрыканцы вясны 2024 года, цалкам адбыўшы тэрмін.

Ціск і вызваленне

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі. Да гэтага часу на памежных пунктах памежнікі дасканала дапытваюць іх, а некаторых не ўпускаюць у краіну без тлумачэнняў прычын. Увечары 28 чэрвеня 2024 года з'явілася раптоўная звестка аб вызваленні з беларускіх калоній і ізалятара пяці палітзняволеных. Украінcкія ўлады дабіліся вызвалення сваіх грамадзян па абмене як палонных. Так на волі апынуліся Наталля ЗахаранкаПавел КупрыенкаЛюдміла ГанчарэнкаКацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец. Умовы абмену не паведамляюцца. Адзначаецца, што ўдзел у вызваленні прыняў Ватыкан. Вызваленых палітвязняў даставілі ва Украіну 28 чэрвеня — у СМІ з'явілася іх фота з аэрапорта "Жуляны". Яшчэ як мінімум 10 грамадзян Украіны застаюцца за кратамі ў Беларусі за "агентурную дзейнасць" і "шпіянаж". 

Пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмене. Распавядаем, што вядома пра іх

"Вясна" распавядае пра вызваленых палітвязняў.

Ужо два гады ў Беларусі пераследуюць украінцаў па падазрэннях у супрацоўніцтве з украінскімі спецслужбамі. Дзеянні затрыманых украінцаў кваліфікуюць як "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) і "шпіянаж" (арт. 358 КК). Так, па гэтых артыкулах асудзілі мінімум восем грамадзян Украіны: Сяргея Бойку, Людмілу Ганчарэнку, Міхаіла Сталярчука, Дзмітрый Гудзік, Паўла Купрыенку, Андрэя Шмая, Наталлю Захаранку, Арцёма Макавея. З іх пяцёра застаюцца за кратамі.

Так, напрыклад, за "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) пераследуюць 25-гадовага дыджэя з Украіны які родам з пасёлка Падгародная Мікалаеўскай вобласці Украіны. Як піша "Наша Ніва", Макавей жыў у Беларусі з 2009 году, меў тут дазвол на жыхарства. Яго маці расказвала, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і "прапаноўвалі там прайсці паліграф". Закрыты працэс над хлопцам распачаўся 29 красавіка ў Брэсцкім абласным судзе пад старшынствам суддзі Мікалай Сянько. У выніку яго асудзілі да шасці гадоў калоніі.

Арцём Макавей
Арцём Макавей

Восенню 2023 года КДБ заявіў, што ў Беларусі затрымалі шэсць чалавек па абвінавачванні ў "падрыхтоўцы тэрактаў", сярод іх — два ўкраінцы. Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Прапагандысты сцвярджалі, што ён нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што "з сакавіка гэтага года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны". Што яму канкрэтна прад'яўляюць — пакуль невядома. На следчых дзеяннях яго вадзілі на ланцугу. Вячаслаў Бародзій змешчаны ў СІЗА. 

Вячаслаў Бародзій на следчым дзеянні
Вячаслаў Бародзій на следчым дзеянні

Таксама затрыманы Іван Ліхалат. Паведамлялася, што яму інкрымінуюць шпіянаж (арт. 358-1 КК).

Напачатку красавіка 2024 года дзяржканал АНТ выпусціў сюжэт пра затрыманні ў памежных з Украінай раёнах. Паведамляецца пра 10 затрыманых, тры з якіх – грамадзяне Украіны. Гэта бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі. Паводле версіі тэлеканала, яны нелегальна перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу і прынеслі ў Беларусь выбухоўку. Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што мужчыны пераходзілі мяжу з цеплавізарамі, правяраючы такім чынам, ці няма каго на іх шляху. У чым іх абвінавачваюць цяпер, працэсуальны статус і месцазнаходжанне ўкраінцаў невядомыя.

Таксама сцвярджаецца, што затрымана грамадзянка Украіны, жыхарка Маларыцкага раёна, Лідзія Грук. Паводле прапагандыстаў, яна са сваім мужам Яўгенам фатаграфавала прымежныя аб'екты ва Украіне. Аўтары роліка сцвярджаюць, што і яе абвінавачваюць у тэрарызме.

Напрыканцы красавіка 2024 года выйшаў прапагандысцкі фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", дзе паведамілі аб затрыманні сямі падлеткаў за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Некаторых з іх абвінавачваюць у "акце тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве". У фільме распавялі, што шэсць падлеткаў нібыта аб'ядналіся ў"анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі", якую "пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны" стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк.

Затрымалі семярых маладзёнаў. Некаторых з іх абвінавачваюць у "акце тэрарызма" і "здрадзе дзяржаве"

Распавядаем, што стала вядома з фільма.

Літоўская Рэспубліка 

3 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе пачнецца судовы працэс за "агентурную дзейнасць" над грамадзянкай Літвы Аленай Романаўскіене. Як стала вядома літоўскаму выданню 15min, затрыманая з'яўляецца ўраджэнкай Беларусі і супрацоўніцай санаторыя "Беларусь". Затрымаць Раманаўскене маглі летась, калі яна вярталася ў Літву з Беларусі, дзе наведвала родных. Сваякі жанчыны ад каментароў літоўскаму выданню адмовіліся. У МЗС Літвы паведамілі, што ёй аказваецца консульская дапамога.

У Мінскім гарадскім судзе 11 чэрвеня 2023 года загадчыцу маркетынгавай службы санаторыя "Беларусь" Алену Романаўскіене асудзілі да шасці гадоў калоніі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, яе абвінавацілі ў тым, што жанчына "неаднаразова падавалі звесткі пра пастаяльцаў, якія прыбывалі на адпачынак, у тым ліку і пра высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў". Паведамляецца, што яе нібыта завербавалі літоўскія спецслужбы больш за 10 гадоў таму.

Латвійская Рэспубліка

У Мінскім гарадскім судзе ў кастрычніку 2023 года асудзілі 57-гадовую грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку. Яе абвінавацілі ў агентурнай дзейнасці паводле арт. 358-1 КК. Справу ў закрытым рэжыме разглядала Анастасія Папко, але вынік суда невядомы.

Ала Сакаленка на допыце. Скрын з фільма АТН
Ала Сакаленка на допыце. Скрын з фільма АТН

У прапагандысцкім фільме, дзе паказвалася і затрыманне жанчыны, паведамлялася, што "Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраментуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі".

Яна адбывае свой тэрмін у гомельскай жаночай калоніі.

У "спісе экстрэмістаў" таксама адзначаецца, што ў Беларусі быў асуджаны 45-гадовы грамадзянін Латвіі Дзмітрый Сіўко. У 2022 годзе ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля яго асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам.

Расійская Федэрацыя

Адным з самых гучных справаў пераследу грамадзянкі Расіі быў кейс Сафіі Сапегі, якую затрымалі з Раманам Пратасевічам у выніку пасадкі Ryanair у 2021 годзе. За адміністраванне праекта "Чорнай кнігі Беларусі" яе асудзілі да шасці гадоў калоніі. 7 чэрвеня 2023 г. Сафія была вызвалена па памілаванні.

sapeha_sofia.jpeg
Сафія Сапега на судзе

Па "справе Ціханоўскага" да 16 гадоў калоніі быў асуджаны грамадзянін Расіі Дзмітрый Папоў. Яго абвінавацілі ў мадэрацыі сацыяльных сетак "Краіны для жыцця" і асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку 2022 г. стала вядома, што палітвязня перавялі на турэмны рэжым. На судзе, які адбываўся наўпрост у СІЗА, яго абараняла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна. У інтэрв'ю блогу "Максімальна" яна распавяла:

"А насамрэч ён проста адзін раз прынёс паўэрбанк Ціханоўскаму. Чалавек атрымаў 16 гадоў за тое, што прынёс паўэрбанк і сябраваў з аператарам Ціханоўскага. І ўсё".

Таксама па "справе Ціханоўскага" быў асуджаны грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Новікаў. Ён цалкам адбыў тэрмін і 31 кастрычніка 2022 г. выйшаў на волю з бабруйскай ПК № 2. Мужчыну адразу дэпартавалі ў Расію і перадалі ФСБ.

У Мінску да 11 гадоў калоніі асудзілі 20-гадовага расейца Ягора Дуднікава. Хлопец затрымалі за тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". Пасля затрымання ён сутыкнуўся з катаваннямі. Летам 2022 года яго перавялі з бабруйскай калоніі на турэмны рэжым.

Ягор Дуднікаў на судзе 20 снежня. Фота
Ягор Дуднікаў на судзе 20 снежня. Фота "Белта"

У ваўкавыскай калоніі ўтрымліваецца асуджаны да дзевяці гадоў калоніі, збіты падчас жнівеньскіх пратэстаў, грамадзянін Расіі Максім Матырка.

Па "справе падрыхтоўкі дыверсій у Гродне" 11 красавіка 2024 года да 23 гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова.

kulikou_1.jpeg

Па версіі КДБ, Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для "ўкраінскіх спецслужб" — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса. Апошняе слова Кулікоў вымавіў па-ўкраінску.

У 2022 годзе за "шпіянаж" (арт. 358 КК) і "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) асудзілі 59-гадовага Сяргея Ботвіча. Вынік суда праваабаронцам невядомы.

Рэспубліка Польшча

На дадзены момант праваабаронцам вядома пра трох асуджаных па палітычных артыкулах грамадзян Польшчы, яшчэ адзін утрымліваецца пад вартай.

У СІЗА КДБ з 19 ліпеня 2022 года ўтрымліваецца ўраджэнец Жабінкі і грамадзянін Польшчы Раман Галуза.

galuza_raman.jpg

Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Вядома, што раман прыехаў у Беларусь і знік: пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома, а пошукава-выратавальны атрад "Паўднёвы Захад" абвясціў яго пошукі. Пазней стала вядома, што Галуза жывы і яго месцазнаходжанне ўстаноўлена-без якіх-небудзь падрабязнасцяў. Але знаёмы рамана ў сацсетках пісаў, што той знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

У Польшчы Галуза скончыў універсітэт, атрымаў польскае грамадзянства, займаўся валанцёрствам, у тым ліку дапамагаў беларускім уцекачам. Паводле яго знаёмага, затрыманне рамана магло быць загадзя спланаванае беларускімі сілавікамі. У Мінгарсудзе 21 сакавіка распачаўся разгляд справы супраць мужчыны. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Падрабязнасці справы невядомыя. Справу разглядае Алена Шылько.

Вясной 2023 года ў Гродне за "агентурную дзейнасць" да чатырох гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага. Яму быў інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Ежы адбывае тэрмін у віцебскай калоніі № 3.

У Мінску 17 красавіка 2023 года 54-гадовага грамадзіна Польшчы Роберта Тампалу асудзілі да трох гадоў калоніі паводле ч.1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады). Тэрмін мужчына адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.

Летам 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі справу Томаша Бярозы, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Вынік суда праваабаронцам невядомы.

Рэспубліка Узбекістан

У "спісе экстрэмістаў" значыцца асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) 62-гадовы грамадзянін Рэспублікі Узбекістан Ільдар Таўхітаў. Па стане на жнівень 2023 года было пазначана, што ён адбывае пакаранне.

За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2022 годзе асудзілі грамадзяніна Узбекістана Віктара Новіка з жонкай Вольгай. Суд Ленінскага раёна прызнаў іх вінаванымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Рэспубліка Казахстан

У наваполацкай калоніі № 1 адбывае тэрмін жыхар Петрыкава, які мае грамадзянства Казахстана, Віталь Скударнаў. 11 лютага 2022 года яго асудзілі ў Гомелі паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Тэрмін невядомы.

Нямеччына

У Мінскім абласным судзе 6 чэрвеня 2024 года распачаўся суд над Рыко Крыегерам. Верагодна, гэта грамадзянін Нямеччыны. Яго абвінавачваюць адразу па шасці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: «наёмніцтве» (арт. 133), «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1), «акце тэрарызму» (ч. 3 арт. 289), «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1), «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (ч. 4 арт. 309), «наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін» (ч. 4 арт. 295). Гэта першы суд у Беларусі за «наёмніцтва», за намер далучыцца да ваенных фармаванняў ва Украіне беларусаў судзяць паводле арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні).

Праваабаронцам невядомая сутнасць абвінавачвання. Афіцыйныя ведамствы нічога не паведамлялі пра затрыманне па такой справе. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра «падрыхтоўку» ці «намер». Мужчыне пагражае да 25 гадоў калоніі. Справу будзе разлядаць Алег Лапека

Амбасада ФРГ у Мінску адказала на запыт "Радыё свабоды", ці вядома ёй пра такі выпадак з грамадзянінам Нямеччыны:

«Амбасада Нямеччыны ў Мінску ведае пра выпадак і аказвае консульскія паслугі. Мы просім вас разумець, што мы ня можам камэнтаваць далейшыя дэталі асобных консульскіх спраў».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства