viasna on patreon

"Калі я лёг, то пачуў гук перадзёрнутага затвора пісталета". Расіянін Ягор Дуднікаў распавёў з СІЗА пра сваё затрыманне

2021 2021-06-02T08:18:49+0300 2021-06-02T10:13:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/egor_90_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінску па падазрэнні ў «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» быў затрыманы 20-гадовы грамадзянін Расіі Ягор Дуднікаў. Пазней стала вядома, што крымінальную справу супраць яго распачалі з-за таго, што ён агучваў ролікі для беларускай апазіцыі. Хлопцу пагражае да трох гадоў турмы. Мама Ягора расказвала, што ён падпрацоўваў на розных работах, у тым ліку займаўся агучкай відэаролікаў. МЗС Расіі пасля працяглага маўчання заявіла, што адправіў да Дуднікава консула — гэтым дапамога расійскага боку і абмежавалася. Адвакат Антон Гашынскі пасля двух тыдняў нядопуску да Ягора, нарэшце змог трапіць да свайго падабароннага. Ягор праз яго распавёў, як яго затрымлівалі, збівалі, дапытвалі ў СІЗА КДБ і ў чым канкрэтна яго абвінавачваюць. "Новая Газета" публікуе словы Ягора цалкам.

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва
Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

"Мяне затрымалі 4 траўня 2021 года жорстка. Паспець уцячы не было сіл. Іх было шмат — я адзін. Я адразу зразумеў "што да чаго": працаваў ГУБАЗ, не шкадуючы рук, — білі нагамі і рукамі пры затрыманні. Крычалі: "Мразь, дабегаўся?" У мяне ўсё ў вачах пацямнела... Былі і супрацоўнікі КДБ. Яны паводзілі сябе інтэлігентна ў адрозненне ад ГУБАЗа — размаўлялі і здымалі на відэа. Яны сказалі, што я — Злойбэт (гэта акаўнт у тэлеграм-канале «ОГСБ», адзін з каналаў беларускай апазіцыі — рэд.). Наступствамі затрымання сталі сінякі і расколаты зуб. Мне сказалі, што я заклікаў людзей да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама тое, што я агучваў відэаролікі, якія ў наступным размяшчаліся на ютуб-канале Ботогсб/ артызанскібот.

Пасля затрымання мяне павялі дадому, там быў ператрус. Завялі ў здымную кватэру, дзед, у якога я здымаў яе, спаў. Мяне два разы ўдарылі нагой у вобласць грудзей і пасля гэтага завялі панятых. Пачаўся ператрус. Канфіскавалі маю апаратуру, два тэлефона, тры асабістых дзённіка, дакументы, карту і 60 беларускіх рублёў. Потым надзелі мяшок на галаву і павялі. Я быў у паніцы, мяне падванітоўвала, але пры гэтым істэрыкі не было. Калі "шманалі", пасадзілі на калені, сказалі маўчаць. Але я зрэдку гаварыў з дзедам і паглядаў на котку Аэліту. Я разумеў, што магчыма яе больш не ўбачу, і развітваўся з ёй. Пасля ператрусу ізноў мяшок на галаву — і павялі да аўтамабілю.

У машыне закінулі на задняе сядзенне, рукі былі пастаянна ў кайданках. Сказалі, што паедуць закопваць мяне. "Саджаць бульбу", — так пажартаваў адзін з іх.

Казалі, каб я сказаў тое, што ім трэба на камеру, і тады, магчыма, мяне дэпартуюць дадому.

Мяне білі, бо я віну не прызнаваў. Білі жорстка. Праўда, праз ужо амаль месяц сінякоў зусім не засталося.

Мяшок быў няшчыльны, і я ўбачыў, што мяне вязуць да будынка КДБ у Мінску. Завялі ў кабінет на трэцім паверсе, пасадзілі на крэсла, рукі шчыльней перадавалі кайданкамі, з-за чаго я ўскрыкнуў. Знялі мяшок і сказалі, што калі я буду выдзелывацца, то павязуць у аддзяленне АМАПу, і тады мне ўзгадаюць усе мае словы (у агучаных роліках). Я моцна спалохаўся, бо ведаю, што рабіў АМАП у жніўні 2020 года.

Пасля гэтага ў гадзіну ночы пачалося відэадапытанне без адваката, дзе мне далі тэкст, які я зачытаў. Прысутнічала двое мужчын у балаклавах, адзін "чэкіст" і адзін мужчына, падобны на парася (здалося, што гэта фээсбэшнік).

На камеру мяне распытвалі пра дзейнасць, я баяўся і казаў тое, што ім трэба. Яны прынеслі гіру 32 кг. і паставілі каля мяне.

Пасля гэтага сталі пытацца, якое я маю дачыненне да Вольгі Карач і Ігара Макару. Я быў жудасна напалоханы, усё рабіў беспярэчна. Пасля допыту з відэакамерай з мяне знялі кайданкі, далі папіць і прынеслі сумку з ежай (мяне затрымалі як раз, калі я ішоў з крамы з пакетам).

Пасля гэтага да раніцы мы сядзелі і размаўлялі з чэкістамі "па душах". Ад страху ў мяне кружылася галава. Я іх ужо стаў успрымаць як таварышаў, таму што яны сталі мне спачуваць, прапаноўваць папаліць або папіць гарбаты з шакаладкай. Яны запатрабавалі даць доступ да тэлефонаў, да сваіх акаўнтаў у сацсетках і тэлеграме. Я падпарадкоўваўся, успамінаючы важкія ўдары нагамі ў грудзі за адмову. Потым мне дазволілі паспаць на крэсле. Я прыхінуўся да халоднага сейфа і падрамаў. Пакуль я спаў, ахоўнікі ўвесь час мяняліся. Мабыць, ім патрабаваўся адпачынак у больш камфортных умовах. Каля 11 раніцы мне прынеслі лісты паперы, ручку і сказалі пісаць яўку з павіннай. Чэкісты фактычна прымусілі мяне напісаць яўку.

Сказалі, што калі не напішу, то мяне прызнаюць тэрарыстам і згнояць у турме, я не ўбачу маму, сваю дзяўчыну. А калі напішу, то дэпартуюць у Расію, і я ўсё забуду як страшны сон. Пыталіся, ці бачыў я Дзяніса Хофмана, Вольгу Карач, Ігара Макара і іншых адміністратараў тэлеграм-канала "ОГСБ", каб завербаваць мяне. Калі даведаліся, што я іх не бачыў, знерваваліся. У яўцы я напісаў, што нібыта заклікаў да гвалтоўных дзеянняў, прамога фізічнага кантакту з праваахоўнымі органамі, таксама напісаў пра мой удзел у ботах тэлеграм-канала «ОГСБ» (меў зносіны з людзьмі, адказваў на пытанні). Пазначыў, што з Карач адзін раз звязваўся, з Макарам не звязваўся ні разу. Пасля гэтага я прасіў даць доступ да тэлефона, каб патэлефанаваць маці і дзяўчыне.

Яны казалі, калі я не буду ісці на кантакт, прыедуць да маёй дзяўчыны, і мала ёй не падасца.

Потым сказалі мне, што я паеду ў апартаменты з двума супрацоўнікамі. Калі буду паводзіць сябе добра, то размова працягнецца. За мной прыйшлі два супрацоўніка, надзелі мяшок на галаву, закінулі ў аўтамабіль, і мы паехалі. Мы даехалі досыць хутка, і як пазней я ўбачыў, Мяне размясцілі ў двухпакаёвай кватэры з выглядам на помнік Якуба Коласа. Там мяне засялілі ў адзін пакой, а супрацоўнікі знаходзіліся ў іншым пакоі. Кайданкі з мяне знялі, і я змог паесці. У 23.00 мне сказалі "адбой". Калі я лёг, то пачуў гук перадзёрнутага затвора пісталета. Я жудасна спалохаўся і ўжаўся ў канапу. Але за мной ніхто не прыходзіў. Праз некаторы час паспрабаваў схадзіць у туалет, аднак дзверы звонку была зачыненая. Пасля гэтага я адрубіўся.

Раніцай мяне разбудзілі і сказалі збірацца. Надзелі зноў мяшок на галаву і адвезлі, як аказалася пазней, у будынак КДБ. Завялі ў кабінет, пасадзілі на крэсла і сказалі зноўку пісаць яўку з павіннай. Мабыць, за гэты час вывучылі мой мабільны тэлефон, і ў іх з'явіліся дадатковыя пытанні. Пасля гэтага сказалі, што прыйдзецца пасядзець у "Амерыканцы", бо я "здаў" Дзяніса Хофмана (яго асабістыя дадзеныя знайшлі ў мяне ў тэлефоне).

Пасля гэтага зноў надзелі мяшок на галаву і павялі да следчага, які сказаў, што я падазраюся ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак у горадзе Мінску, і яшчэ я парушыў рэжым знаходжання ў краіне.

Пасля гэтага прыйшлі салдаты і адвялі мяне ў СІЗА КДБ. Там мяне неаднаразова вадзілі на допыты, дзе прысутнічалі розныя адвакаты.

Допыты здымалі на відэа, дзе я ўжо паўтараў завучаны тэкст. Праз два тыдні пачалі прыходзіць першыя лісты ад маёй дзяўчыны і адзін ліст ад маці.

25 траўня да мяне прыйшлі ў камеру і сказалі з паперамі на выхад. Завялі ў кабінет, дзе далі загадзя падрыхтаваныя адказы на пытанні тэлевізіёншчыкаў з "АНТ". Далі час вывучыць адказы — і 28 траўня прыехалі людзі з тэлеканала "АНТ" і зрабілі запіс. Прасілі сказаць так:

"Я, Дуднікаў Ягор, вядомыяк Злойбэт. Вы лохі, балаболы, я расчараваны ў вас і я супрацоўнічаю са следствам".

Пасля гэтага мяне адвялі ў камеру, а ў панядзелак 31 траўня перавялі ў СІЗА на Валадарскага. У СІЗА КДБ я сядзеў у адной камеры з Віктарам Бабарыка і Рыгорам Кастусёвым. Яшчэ быў бізнэсмэн Размус. Праўда, яго потым прыбралі. Адносіны з сукамернікамі добрыя, яны сталі мне ледзь не дзядулямі, падвучыў беларускую мову.

Я толькі агучваў відэаролікі, тэксты даваў Дыз — адміністратар телеграм-канала. Гэта рабіў за ўзнагароджанне. Аўдыёпаведамленні ў телеграм-канале "ОГСБ" агучваў з сярэдзіны лістапада 2020 па май 2021 года. У роліках і паведамленнях былі заклікі выходзіць на вуліцу і на прамы фізічны кантакт з супрацоўнікамі праваахоўных органаў".

Пяць расейцаў, якіх утрымліваюць па «палітычных артыкулах» у беларускіх СІЗА. Распавядаем, што вядома пра іх цяпер

«Вясна» ўзгадвае гісторыі пераследу расейцаў беларускімі ўладамі і распавядае, што з імі адбываецца цяпер.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства