viasna on patreon

У Драгічыне суд прызначыў падлетку прымусовыя меры выхаваўчага характара за сарваны сцяг з Дому культуры Дапоўнена

2021 2021-01-12T10:23:00+0300 2021-01-12T11:07:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_nesciaruk1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Драгічынскага райна. Фота spring96.org

Суд Драгічынскага райна. Фота spring96.org

У судзе Драгічынскага раёна раніцай 11 студзеня пачаўся разгляд крымінальнай справы 16-гадовага Аляксандра Несцярука, якога вінавацяць у здзеку над дзяржаўнымі сімваламі за сняты сцяг з Дому культуры (арт. 370 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае старшыня суда – Лявонцій Станкевіч, у складзе судовай калегіі – народныя засядацелі Уладзімір Грыцук і Мікалай Данілюк.

Бок абвінавачванне прадстаўляе намеснік пракурора Драгічынскага раёна А. Камянец.

prakuror_sud_nesciaruk.jpg
Пракурор А. Камянец

Абаронца заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы квітанцыі аб сплаце ўрону.

Згодна абвінавачванню, Аляксандр Несцярук увечары 7 лістапада знаходзіўся на ганку сельскага Дому культуры гарадскога пасёлка Антопаль без прычыны, з хуліганскіх памкненняў з мэтай дэманстрацыі сваёго непаважлівага негатыўнага стаўлення да дзяржаўнага сцягу Рэспублікі Беларусь наўмысна і неаднаразова хапаўся і цягнуў за палотнішча і дрэўка сцяга, усталяванага на фасадным крайнштэйне каля галоўнага ўваходу, у выніку чаго наўмысна сарваў дзяржаўны сцяг, знішчыўшы пры гэтым дрэўка коштам 10 рублёў, прычыніўшы аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Драгічнага райвыканкама маёмасную шкоду на ўказаную суму. 

Па словах пракурора, віна падсуднага даказаная праз паказанні сведак, пратакол агляду месца здарэння, пратакол выемкі і агляду сцяга, заключэння эксперта, пратакол выемкі і агляду адзення абвінавачанага, пратакол агляду відэазапісу камер назірання, звесткі аб прычыненай шкодзе.

Аляксандр Несцярук віну прызнаў часткова: дрэўка зламалася ад яго дзеянняў, але здзекаў над сцягам з яго боку не было.

sud_nesciaruk.jpg
Аляксандр Несцярук у залі суда. Фота spring96.org

Абвінавачаны распавёў, што прыйшоў у клуб на дыскатэку, там сустрэў сваіх сяброў. Потым танцавалі, выйшлі паразмаўляць на вуліцу, бачылі як хлопцы з разбегу падпрыгвалі да сцягу. Аляксандр Несцярук таксама паспрабаваў дапрыгнуць. Потым папрасіў сябра яго падсадзіць да флагштока.

"Я страціў раўнавагу, ухапіўся за флагшток, сябар адышоў, флагшток нагнуўся. Я хацеў зняць флагшток - дзергаў рукой, каб потым аднесці, каб яго ўсталявалі роўна. Але дрэўка сцяга зламалася, я спалохаўся і збег".

Аляксандр Несцярук сцвярджае, што сцяг упаў на зямлю, сам ён пабаяўся, што яго будуць ругаць за зламанае дрэўка, таму не падняў яго, а просто збег.  

Урон за зламанае дрэўка абвінавачаны сплаціў.

Што казалі сведкі ў судзе? 

Загадчыца Дома культуры Ірына Гупалік выступіла сведкай у судзе. Яна распавяла, што ў суботу 7 лістапада ў Доме культуры адбывалася дыскатэка, як звычайна дзеці танцуюць і выходяць на вуліцу. У нейкі момант моладзь прынесла сарваны сцяг, сказалі, што гэта зрабіў Аляксандр Несцярук. Загадчыца пайшла праглядзець відэазапісы з камераў відэаназірання і пазнала абвінавачанага. Пазней яна сустрэла хлопца, Ірына Гупалік запытала, навошта ён сарваў сцяг, але Аляксандр Несцярук адмаўляў сваю датычнасць і казаў, што гэта быў не ён. Тады загадчыца паказала падсуднаму відэазапісы, але ён усё адно адмаўляўся. Сам сцяг быў не парваны, паламаным было толькі дрэўка. Флагшток замацаваны на двух самарэзах, даволі высока.

Загадчыца звярнулася ў міліцыю толькі на наступны дзень: сам сцяг быў цэлы, а яна не надала шмат ўвагі, бо не разглядала зламанае дрэўка як элемент сцяга. Таму папрасіла ўчастковага правесці прафілактычную гутарку.

Ірына Гупалік распавяла, што ў падсуднага такі ўзрост, калі хлопцы хочуць пахуліганіць, часам ён мог і нагрубіць ёй, але яна заўжды спрабуе знайсці кантакт з падлеткамі.

Сведка Давід Унанян распавёў, што менавіта ён па просьбе абвінавачага падсадзіў яго, каб той змог дацягнуцца да флагштока. Але ўвогуле яны нічога не абмяркоўвалі, навошта Аляксандр Несцярук хацеў зняць сцяг. Сведка сказаў, што падсудны схапіўся за палатнішча, пацягнуў, сцяг нахіліўся, і пасля гэтага Давід не падтрымліваў Аляксандра. Сведка адышоў у бок, размаўляў з іншымі сябрамі, а падсудны яшчэ раз падпрыгнуў і схапіўся за тканіну, тады сламалася дрэўка, а сцяг проста ўпаў. Падсудны пабег за клуб, і сведка пабег за ім, бо таксама спужаўся. Кажа, што ніякай мэты зрываць сцяг не было.

Давід Унанян сказаў, што сябруе з Аляксандрам Несцяруком некаторы час, і “ён здольны на выхадкі, але ўсведамляе, што робіць”, мае шкодныя звычкі – паленне, можа нагрубіць і выказаць сваё меркаванне.

Дмітрый Іванюк распавёў, што таксама ў той дзень прыйшоў у Дом культуры, бачыў, як на ганку Аляксандр Несцярук аддаў сваю куртку Ілле Куліку, падпрыгнуў, але не дацягнуўся да сцяга. Пасля падышоў Давід Унанян да яго, падсадзіў Аляксандра Несцярука, апошні пацягнуўся за сцягам, схапіў яго і пацягнуў уніз, флагшток нахіліўся. Пасля гэтага абвінавачаны падпрыгнуў яшчэ раз, схапіўся за палатно сцяга, дрэўка зламалася, сцяг упаў, падайшла дзяўчына і падняла сцяг. Несцярук збег за клуб.

Яшчэ адзін сведка Ілля Кулік паведаміў у судзе, што сапраўды Аляксандр Несцярук перадаў яму сваю куртку, а Давід Унанян падсажваў яго, каб той дацягнуўся да сцяга. Сказаў, што чуў, нібыта падсудны хацеў зняць сцяг назло загадчыцы клубам за тое, што тая выгнала яго з клуба – сітуацыя адбылася ў верасні 2020 года.

Пасля допыту сведак суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. 

У судзе выступіла спецыяліст – педагог-псіхолаг, якая сказала, што асабіста не была знаёмая з падсудным, але за той кароткі перыяд, што з ім камунікавала, Аляксандр Несцярук зарэкамендаваў сябе станоўча, думае, што ён раскайваецца ў здзейсненным. Згодна з характарыстыкай са школы, сам падсудны са шматдзетнай сям’і, родны бацька не прымае ўдзел у яго выхаванні, у сям’і нізкі выхаваўчы патэнцыял, хлопцу цяжка даецца вучоба, ён нідзе па-за школай не ўдзельнічае, хаця раней наведваў гурток па інфарматыцы, часцей за ўсё вольны час праводзіць з сябрамі, бывае рэзкім, нетактоўны, паліць, адносіны з аднакласнікамі – роўныя. Раней ужо стаяў на прафілактычым уліку.

Пасля выступіла і маці падсуднага, якая сказала, что Аляксандр не ўсведамляў свой учынак, не ведаў, што гэта нясе абразлівы характар для сцяга, для яе сына гэта быў хутчэй хуліганскі матыў, ніякіх іншых намераў ён не меў. Распавяла, што кантралявала сына, дома ён не паліць і не ўжывае спіртныя напоі. Наконт вучобы адзначыла, што ў дзяцінстве часта хварэў і шмат заняткаў прапускаў, таму стаў адстаючым у класе. Аднак характарызуе хлопца як здольнага да працы – усё лета працуе і зарабляе грошы. Кажа, што сын яе слухаецца, прыходзіць у прызначаны час, дапамагае па гаспадарцы.

Сказала, што гатовая паручыцца за сына, бо гэта яе абавязак.

Сарваны сцяг не адпавядаў эталону дзяржаўнага

У спрэчках бакоў, пракурор указаў, што хоць абвінавачаны не прызнаў віны, яна была даказаная паказаннямі сведкаў, запісамі відэакамер, заключэннем эксперта і іншымі пісьмовымі матэрыяламі справы.

Прасіў суд прызнаць Аляксандра Несцярука вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам у шесць месяцаў.

Абаронца лічыць, што наўмысных дзеянняў, накіраваных менавіта на здзек над дзяржаўным сцягам падабаронны не здзяйсняў, што падцвяржаецца паказаннямі сведкаў. Звярнуў увагу на тое, што ніхто з апытаных у судзе асобаў – сябраў Несцярука – не ўказваў, што ў гэты дзень яны размаўлялі на якія-небудзь палітычныя тэмы, указаў і на юны ўзрост падабароннага.

Сказаў, што на яго думку ў дзеяннях Аляксандра Несцярука адсутнічае склад прычыненнага злачынства, а таксама і прадмет здзейсненнага злачынства – сарваны сцяг – не можа разглядацца ў якасці складу арт. 370 КК. Згодна з арт. 3 Закона “Аб дзяржаўных сімвалах”, дзяржаўны сцяг і яго выявы незалежна ад іх памераў павінны дакладна адпавядаць эталону дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. А ў арт. 4 згаданага закона ўказваюцца прапорцыі – шырыня паласы чырвонага колеру адносіцца да шырыні паласы зялёнага колеру як 2:1. Сыходзячы з пратакола агляду сарванага сцяга маюцца разыходжанні як у суадносінах колераў, так і ў шырыні і даўжыні, у тым ліку шырыні сцягу да даўжыні дрэўка, якое павінна складаць 1:3.

Прасіў справу ў дачыненні да Аляксандра Несцярука спыніць.

Пасля гэтага суддзя Лявонцій Станкевіч узнавіў судовае следства і патрабаваў ад дзяржаўнага абвінаваўцы даставіць сцяг для агляду ў працэсе.

У судзе былі праведзеныя замеры сцяга, які быў вывешаны на Доме культуры і які сарваў Аляксандр Несцярук. Агледжанае было і паламанае дрэўка сцяга. 

Зноў адбыліся спрэчкі бакоў. У апошнім слове Аляксандр Несцярук адзначыў, што ўразумеў тое, што зрабіў. 

Прысуд быў агучаны 12 студзеня ў 9.30.

Суддзя Лявонцій Станкевіч пастанавіў прызнаць Аляксандра Несцярука вінаватым ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 370 УК, - у здзеку над дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь. Згодна з ч. 1 і п. 4 ч. 2 арт. 117 Крымінальнага кодэкса, суд пастанавіў прымяніць замест пакарання прымусовыя меры выхаваўчага характара ў выглядзе абмежавання волі непаўналетняга на шэсць месяцаў, абмяжоўваючы яму на гэты тэрмін знаходжанне ў месцы жыхарства з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы наступнага дня і ўскладаннем на яго абавязку з'яўляцца раз у месяц для рэгістрацыі ў орган, які ажыццяўляе кантроль за яго паводзінамі.

17-гадовага падлетка асудзілі да 6 месяцаў "хатняй хіміі" за спробу спаліць дзяржсцяг у Брэсце

Суд Ленінскага раёна Брэста 6 студзеня асудзіў па крымінальнай справе па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса 17-ці гадовага кобрынца Арцёма Зелянкова. Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў хлопца да 6 месяцаў "хатняй хіміі" за спробу спаліць 27 верасня дзяржаўны сцяг у Брэсце каля фантана на цэнтральнай вуліцы горада.

Рвуць і паляць дзяржаўныя сцягі: суды за знявагу дзяржаўных сімвалаў

Адразу дзве крымінальныя справы за знявагу дзяржаўнага сцяга пачалі разглядаць у Берасці пятага лістапада. На чарзе – суды ў Гомелі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства