viasna on patreon

Рвуць і паляць дзяржаўныя сцягі: суды за знявагу дзяржаўных сімвалаў Фота Дапоўнена

2020 2020-11-05T16:47:16+0300 2020-11-06T07:36:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zelenko-arciom-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адразу дзве крымінальныя справы за знявагу дзяржаўнага сцяга пачалі разглядаць у Берасці  пятага лістапада. На чарзе – суды ў Гомелі.

Арцём Зелянкоў з маці ў судзе.
Арцём Зелянко з маці ў судзе.

У судзе Ленінскага раёна Брэста 5 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы заведзенай на жыхара Кобрына 17-ці гадовага Арцёма Зелянкова. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Шурын.

Юнак абвінавачваецца ў тым, што зганьбаваў дзяржаўны сімвал – сцяг. Такое злачынства падпадае пад дзеянне артыкула 370 Крымінальнага кодэкса.

Як устаноўлена следствам, 27 верасня каля фантана на вул. Савецкай у Брэсце хлопец, падобны на Зелянкова, спачатку спрабаваў падпаліць дзяржаўны сцяг, а калі гэта не атрымалася, то ён пачаў дзерці яго на кавалкі.

Скрыншот з відэа.
Скрыншот з відэа.

З боку абвінавачвання прысутнічаў адзіны сведка, оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку, Пазняк Аляксандр Сяргеевіч. Ён дастаўляў Арцёма на допыт да следчага, але на месцы падзей 23 верасня не прысутнічаў, а відэа з абвінавачаным "знайшоў у Інтэрнэце", на падставе якога і склаў рапарт. На пытанне суддзі, хто ўстанавіў асобу абвінавачанага, супрацоўнік адказаў: "Шчыра, не памятаю". У якасці законнага прадстаўніка выступала мама Арцёма. Таксама ў судовых разглядах удзельнічала сацыяльны педагог, якая прысутнічала на допытах абвінавачанага, але асабіста з ім не знаёмая.

Арцём віну прызнаў цалкам. Са слоў абаронцы, супрацоўнічаў са следствам (дапамог высветліць асобу і адрас знаёмага, які прынёс сцяг і здымаў працэс на відэа). У зробленым раскаяўся. На пытанне, чым ён можа пацвердзіць свае раскаяння, Арцём Зелянкоў адказаў: "Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь і павінен мець павагу да сваёй краіны і нацыянальных сімвалаў. Я яшчэ буду даваць прысягу пад гэтым сцягам".

Абаронца спытаў у сведкі абвінавачвання, ці былі падчас таго, што адбывалася побач супрацоўнікі органаў і чаму яны не перашкаджалі спаленню сцяга. Сведка сцвярджаў (хоць там не знаходзіўся), што ўсё адбывалася вельмі хутка і супрацоўнікі маглі не заўважыць гэтага здарэння.

На пытанне суддзі, чаму ён вырашыў падпаліць сцяг, Зелянкоў адказаў, што зрабіў гэта пад ціскам пратэстнага натоўпу. Суддзя таксама спытаў, ці ведае абвінавачаны, у сувязі з чым адбываюцца пратэсты ў краіне. Зелянкоў адказаў: "супраць дзейнай улады". Тады суддзя пацікавіўся, навошта ж усё ж такі знаёмы Зелянкова ўзяў з сабой дзяржаўны сцяг, які «ў пратэстах не выкарыстоўваецца». Адказу не было.

shuryn-brest.jpg
Суддзя Дзмітрый Шурын і народныя засядацелі.

Пасля вывучэння матэрыялаў абвінавачвання суддзя Шурын прыняў рашэнне аб накіраванні Арцёма Зелянкова на судова-псіхіятрычную экспертызу. Пра дату наступнага судовага паседжання пакуль нічога невядома.

"Дэманстрацыя зняважлівага, блюзнерскага стаўлення да дзяржаўнага сцяга"

Адначасова ў Брэсце ў гэтым жа Ленінскім судзе сёння разглядаецца яшчэ адна справа па артыкуле 370 КК. Справу вядзе суддзя Грушко А.В.

smolski-2020-1.jpg
Ілля Смольскі з бацькамі Фота: ПЦ "Вясна".

Следствам было ўстаноўлена, што 16 верасня каля гадзіны ночы нехта падышоў да будынка харэаграфічнай школы ў Брэсце і, падскочыўшы, тузануў дзяржаўны сцяг, пры гэтым дзяржала зламалася і сцяг упаў на зямлю. Затым чалавек пайшоў далей.

Абвінавачванне лічыць, што гэта быў Смольскі Ілля Андрэевіч. Дзеянні мужчыны кваліфікуюцца  як знявага над дзяржаўным сімвалам.

Пракурор Ціхановіч на судзе сцвярджала, што Смольскі, будучы нападпітку, груба сарваў сцяг, рабіў гэта для дэманстрацыі зняважлівага, блюзнерскага стаўлення да дзяржаўнага сцяга.

Абвінавачаны Смольскі зрабіў заяву, што віну прызнае цалкам. Аднак да гэтага на пытанні аб прычынах свайго ўчынку казаў, што зрабіў гэта "па дурасці" і што "не хацеў паказаць блюзнерскага стаўлення да сцяга".

Пракурор запрасіла 1 год абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы закрытага тыпу - максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле..

Прысуд будзе агучаны 6 лістапада  ў 9.30.

Хто наступны?

Дарэчы, адразу дзве крымінальныя справы за знявагу дзяржаўных сімвалаў узбуджаныя ў Гомелі.

Так, 16 жніўня невядомыя на плошчы Леніна спусцілі з флагштока дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, абматалі вакол шаста, а праз некаторы час скруцілі яго і змясцілі каля агароджы Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.  На ягонае месца паднялі бел-чырвона-белы сцяг.

Зараз Следчы камітэт вывучае відэазапісы, канфіскаваныя з камер вулічнага відэаназірання, і дапытвае сведак, каб высвятліць людзей, якія гэта здзейснілі.

А зусім нядаўна, падчас акцый пратэсту жыхар абласнога цэнтра, Георгій Васіленка 16 жніўня спусціў з флагштока дзяржсцяг і падняў, як піша следчы, «сімвал, які не з'яўляецца атрыбутам улады». 46-гадовы прадпрымальнік сарваны сцяг выкінуў ў сметніцу на суседняй вуліцы Сялянскай. Літаральна праз дзень следчыя ўстанавілі ягоную асобу.

Слуханні пачнуцца 17 лістапада ў 10.00 у судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.

Між тым, праваабарончая супольнасць лічыць, што артыкул 370 Крымінальнага кодэксу павінен быць дэкрыміналізаваны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства