viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2023

2024 2024-01-04T13:26:28+0300 2024-01-04T13:28:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_snezhan_2023.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі па-ранейшаму з'яўляецца крытычнай; улады працягваюць ажыццяўляць пераслед іншадумцаў і палітычных апанентаў, нагнятаюць атмасферу страху, максімальна абмяжоўваюць правы і свабоды;
  • на канец снежня 2023 года ў Беларусі налічвалася 1 477 палітзняволеных, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю; за месяц палітзняволенымі былі прызнаны 92 чалавекі; акрамя таго, каля 1 395 палітвязняў з 2020 года вызвалены з прычыны завяршэння тэрміна пакарання, змены меры стрымання, прызначэння ў судзе пакарання, не звязанага з пазбаўленнем свабоды, ці з прычыны памілавання;
  • палітзняволеныя ў калоніях зазнаюць надзвычай высокія рэжымныя патрабаванні, жорсткае абыходжанне, ім адвольна і выбарачна прызначаюць пакаранні ў дысцыплінарным парадку, некаторым з іх рэгулярна працягваюць тэрмін пазбаўлення волі падчас ці пасля адбывання пакарання паводле прысуду;
  • праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення свабоды, — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;
  • працягваецца пераслед грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у снежні "Вясне" стала вядома пра не менш як 448 адміністрацыйных судоў, у тым ліку 44 — з прызначэннем штрафу і 53 — з прызначэннем адміністрацыйнага арышту паводле палітычна матываваных адміністрацыйных спраў;
  • праваабаронцамі "Вясны" і іншых праваабарончых арганізацый рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання з затрыманымі ў адміністрацыйным працэсе;
  • працягваецца пераслед грамадзян паводле палітычных матываў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам: спісы асобаў, датычных да экстрэмізму і тэрарызму, папаўняюцца імёнамі асуджаных за пратэсты і рэалізацыю грамадзянскіх і палітычных правоў; аб'яднанні грамадзян і іншыя суб'екты пратэсту прызнаюцца экстрэмісцкімі фармаваннямі;
  • парушаецца права на асацыяцыю і свабоду сумлення: улады ліквідавалі аб'яднанні, сярод якіх рэлігійнае — Царква поўнага Евангелля, і арганізацыя нацыянальных меншасцяў;
  • кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягвае экспертную місію па назіранні за выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання, якія адбудуцца ў Беларусі 25 лютага 2024 года. Кампанія апублікавала справаздачу аб фармаванні тэрытарыяльных і акруговых камісій;
  • 15 снежня 2023 года ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый уручылі прэмію ў галіне правоў чалавека за 2023 год. Сёлета яе атрымалі пяцёра пераможцаў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр "Вясна".

Палітычныя зняволеныя. Пераслед праваабаронцаў

Паводле стану на 30 снежня 2023 года, у Беларусі налічвалася 1 477 палітычных зняволеных, 168 з іх — жанчыны. Акрамя таго, 1 395 палітвязняў вызвалены ў сувязі з адбываннем пакарання, зменай меры стрымання, ужываннем памілавання.

У снежні праваабарончая супольнасць прызнала 92 чалавекі палітычнымі зняволенымі.

Па-ранейшаму знаходзяцца ў няволі асуджаныя да пазбаўлення волі праваабаронцы «Вясны» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк, а таксама праваабаронца Наста Лойка.

У месцах пазбаўлення волі ў дачыненні да палітзняволеных вядзецца мэтанакіраваная палітыка сегрэгацыі і дыскрымінацыі, мэтай якой з'яўляецца максімальнае пагаршэнне ўмоваў іх утрымання ў параўнанні з іншымі зняволенымі. Гэта выяўляецца ў блакаванні ліставання, абмежаванні ў атрыманні прадуктовых пасылак і лекаў, пазбаўленні тэлефанаванняў і спатканняў з роднымі і блізкімі.

У якасці спосабу ціску па-ранейшаму ўжываецца змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ) за нязначныя ці надуманыя правіны. ШІЗА і ПКТ з'яўляюцца формамі асабліва строгага рэжыму ўтрымання зняволеных у калоніі.

У штрафных ізалятарах зняволеныя ўтрымліваюцца ў кепскіх умовах, без пасцельнай бялізны і цёплага адзення, без сувязі з навакольным светам. Вядома аб змяшчэнні ў ШІЗА палітычных зняволеных Вікторыі Кульшы, Дзмітрыя Сушчыка, Ігара Аліневіча і Артура Жвірыдоўскага. У дачыненні да Артура Жвірыдоўскага паведамляецца, што адміністрацыя калоніі плануе ўтрымліваць яго ў штрафным ізалятары на працягу чатырох месяцаў — да заканчэння тэрміна зняволення.

Па-ранейшаму ўтрымоўваецца ў ПКТ лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

У судзе Ваўкавыскага раёна 6 снежня 2023 г. адбыўся суд па замене Паўлу Вінаградаву рэжыму ўтрымання. Згодна з рашэннем суддзі Мікалая Сяргейкі, палітвязня перавялі ў гродзенскую Турму № 1. Турэмнае зняволенне — найболей строгі від пазбаўлення волі.

Па-ранейшаму няма дакладных звестак пра лёс вядомых апазіцыйных палітыкаў, якіх улады трымаюць у строгай ізаляцыі, у сувязі з чым ад іх не паступае карэспандэнцыі, яны пазбаўлены права на тэлефонныя перамовы і спатканні, у тым ліку спатканні з адвакатамі, родныя не маюць звестак пра стан іх здароўя: Марыю Калеснікаву (з 15 лютага), Мікалая Статкевіча (з 10 лютага), Сяргея Ціханоўскага (з 9 сакавіка), Ігара Лосіка (з 20 лютага), Віктара Бабарыку і некаторых іншых палітвязняў працягла — на працягу некалькіх месяцаў — утрымоўваюць інкамунікада.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Мінулі амаль тры з паловай гады пасля пачатку мірных пратэстаў у перыяд правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, але ўлады Беларусі працягваюць весці крымінальны пераслед іх удзельнікаў.

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынесены прысуд Святлане Крывіцкай і Надзеі Бедунько, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту і нядзельных маршах увосень 2020 года. Суддзя Андрэй Млечка прызнаў жанчын вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК) і прызначыў пакаранне: Святлане Крывіцкай — тры гады, Надзеі Бедунько — два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

У тым жа судзе вынесена рашэнне паводле справы Ігара Котава, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, таксама згодна з ч. 1 арт. 342 КК. Справу разглядала суддзя Алена Бушава. Згодна з версіяй абвінавачвання, Ігар Котаў на пачатку жніўня 2020 года неаднаразова размяшчаў і захоўваў у свабодным доступе ў Telegram-групе, пасля прызнанай уладамі экстрэмісцкай, тэкставыя паведамленні са схемамі перасоўвання міліцыі на тэрыторыі Мінска, "з мэтай арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Розныя формы выказвання меркавання таксама падпадаюць пад пераслед: выказванні ў сетцы Інтэрнэт і іншыя формы выказвання пратэсту і незадаволенасці палітыкай уладаў робяцца падставай для крымінальнага пераследу.

Палітвязня Уладзіміра Запольскіх у другі раз асудзілі — цяпер паводле арт. 369 і 368 КК за абразу прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі. Суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк 22 снежня 2023 г. прызначыў яму адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вядома, што гэтым разам хлопца затрымалі ў траўні 2023 года за каментары 2020 года. Першы раз студэнта юрыдычнага факультэта БДУ судзілі паводле "справы Зельцэра". Суддзя Святлана Бандарэнка тады асудзіла яго да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на два гады, а таксама да штрафу ў памеры 200 базавых велічыняў. Уладзімір адбыў тэрмін і ў канцы студзеня 2023 г. выйшаў на волю. Неўзабаве ён быў ізноў затрыманы.

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 14 снежня асудзілі Ірыну Санкоўскую згодна з арт. 370 і 368, 369 КК паводле абвінавачвання ў знявазе дзяржаўных сімвалаў, а таксама абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады. Суддзя Марыя Аліферук прызначыла Ірыне паўтара года пазбаўлення волі. Жанчыну паставілі ў віну тое, што яна пакінула каментары ў Telegram-чаце, і таксама апублікавала выяву чырвона-зялёнага сцяга, на фоне якога знаходзілася нацысцкая сімволіка.

Суд Маскоўскага раёна Брэста 7 снежня 2023 г. разгледзеў крымінальную справу Уладзіміра Лук’янчука, якога абвінавацілі ў публічнай абразе А. Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Яўген Брэган. Як паведамляе "Берасцейская вясна", Лук’янчук быў затрыманы 1 лістапада 2023 года і да суда змешчаны пад варту.

Стала вядома, што разгляд чарговай справы аб здзеку з дзяржаўных сімвалаў адбыўся ў Мінску 28 верасня. Суд Кастрычніцкага раёна пакараў Аляксандра Кандрацьева пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Алена Жывіца. Згодна з версіяй абвінавачвання, Кандрацьеў увечары 31 ліпеня 2023 года, знаходзячыся непадалёк ад будынка аднаго з інтэрнатаў, рукамі схапіў за палотнішча чырвона-зялёны сцяг, замацаваны на фасадзе будынка, пасля чаго сарваў яго з мацавання, зламаўшы пры гэтым дрэўка, якое з'яўляецца часткай сцяга. Пасля, скруціўшы палатно сцяга, забраў яго з сабой. Гэтым ён нібыта "прычыніў шкоду аўтарытэту Рэспублікі Беларусь".

У судзе Першамайскага раёна Мінска суддзя Максім Трусевіч асудзіў 25-гадовага замежнага грамадзяніна Аляксандра Смірнова да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса за тры сарваныя сцягі.

У гарадах Беларусі праводзяцца рэгулярныя затрыманні прадстаўнікоў самых розных сацыяльных і прафесійных груп. Як правіла, вядомыя праваабаронцам затрыманні заканчваюцца адміністрацыйным ці крымінальным пераследам.

Акрамя крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, улады шырока выкарыстоўваюць іншыя віды рэпрэсій: напрыклад, пазбаўляюць права на прафесію, звальняючы з працы з розных фармальных падставаў; звольненыя паводле палітычных матываў сутыкаюцца з немагчымасцю пасля працаўладкавацца.

Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

Згодна са звесткамі БАЖ, на канец снежня ў месцах пазбаўлення свабоды ўтрымліваюцца 32 журналісты і супрацоўнікі СМІ.

У Светлагорску паводле абвінавачвання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання былі затрыманы супрацоўніцы тэлеканала "Ранак". Ён быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, меркавана, праз паведамленні аб гібелі людзей ад выбуху на цэлюлозным заводзе.

Стала вядома пра шэраг затрыманняў у Магілёве, злучаных з дзейнасцю медыя-рэсурсаў 6ТV.bу і "Магілёў Медыя". Сярод затрыманых — былы дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. У журналіста Андрэя Вырвіча адбыўся вобшук, знойдзеная тэхніка і мабільныя тэлефоны былі канфіскаваныя. Пасля вобшуку ён быў дапытаны.

У дачыненні да журналіста Уладзіміра Хільмановіча распачалі крымінальную справу паводле абвінавачвання ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Абвінавачванні, імаверна, злучаныя з ягонай дзейнасцю ў медыя-рэсурсах, якія ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкімі.

Быў затрыманы магілёўскі блогер і актывіст "Таварыства беларускай мовы" Алесь Сабалеўскі, прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Таксама быў затрыманы пасля вобшуку ў сваім офісе і кватэры галоўны рэжысёр Віцебскай тэлерадыёкампаніі Сяргей Арлоў, выстаўленыя яму абвінавачвання на цяперашні момант невядомыя.

Адбыўся вобшук у кватэры глыбоцкага журналіста Дзмітрыя Лупача.

БАЖ адзначае, што ў сувязі з новымі зменамі, што датычаць парадку разгляду зваротаў грамадзян, не праўладным журналістам будзе складаней атрымліваць інфармацыю ад чыноўнікаў: прадстаўнікі дзяржаўных устаноў зараз могуць не адказваць на ананімныя звароты па тэлефоне і спыняць размовы з людзьмі, якія да іх звярнуліся, пры ўзнікненні падазрону, што мэтай звароту з'яўляецца "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь".

Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакарання

Праваабаронцы "Вясны" падзяліліся асаблівасцямі гісторый катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі, задакументаваных у 2023 годзе. У такіх гісторыях паведамлялася пра халодныя камеры з увесь час уключаным асвятленнем уначы, адсутнасць пасцельных прыналежнасцяў і прадметаў гігіены, немагчымасць шпацыраваць ці прымаць душ, а таксама пра праблему з насякомымі-паразітамі. Былі сабраны сведчанні фізічнага гвалту, псіхалагічнага ціску, а таксама пагроз сэксуальнага гвалту і забойства. Задакументаваныя гісторыі закранаюць таксама праблемы, якія ўзнікаюць пасля вызвалення, у тым ліку пагаршэнне здароўя і псіхалагічныя наступствы.

Пра катаванні і негуманныя ўмовы ўтрымання жанчын у месцах няволі падрыхтаваны абагульнены агляд забароненых практык, што сустракаюцца часцей за ўсё, з 2020 года па цяперашні час: розныя віды фізічнага гвалту, пагрозы фізічнага і сэксуальнага гвалту, пагрозы сям'і і дзецям, псіхалагічны ціск, антысанітарыя, адсутнасць сродкаў гігіены і неаказанне медыцынскай дапамогі.

У месцах адбывання пакарання палітычныя зняволеныя працягваюць зазнаваць пераслед, уключаючы неабгрунтаваныя спагнанні і пагаршэнне ўмоваў утрымання. Працягваюць паступаць паведамленні пра такія адвольныя абмежаванні, як пазбаўленне магчымасці здзяйсняць тэлефанаванні, сустракацца з сям'ёй і атрымліваць пасылкі, утрыманне ў адзіноце ў штрафных ізалятарах і памяшканнях камернага тыпу, а таксама беспадстаўныя абвінавачванні, якія прыводзяць да больш строгага зняволення. У сукупнасці гэта характарызуе ўмовы ўтрымання як жорсткія, бесчалавечныя, зневажальныя, якія часта дасягаюць узроўню катаванняў.

Былыя палітычныя зняволеныя падзяліліся гісторыямі жорсткага абыходжання ў месцах няволі. Аляксандр Антанюк распавёў пра негуманнае абыходжанне, уключаючы дрэнныя ўмовы ўтрымання, кепскае харчаванне, недахоп цяпла і дзённага святла, а таксама пра псіхалагічны ціск у ізалятары часавага ўтрымання і следчым ізалятары ў Брэсце. Мікіта Траццякевіч паведамляў аб ужыванні да яго фізічнага гвалту, антысанітарыі, пра адсутнасць базавых выгодаў і псіхалагічны ціск у ізалятары часавага ўтрымання і следчым ізалятары ў Мінску. Былы палітычны зняволены з магілёўскай Папраўчай калоніі № 15 распавёў пра суровыя ўмовы ўтрымання ў штрафным ізалятары, у тым ліку пра неабходнасць спаць на драўляных дошках без аніякай пасцельнай бялізны ў якасці пакарання, халодную тэмпературу і адмову ў выдачы цёплага адзення.

Працягваюць паступаць трывожныя звесткі пра палітычных зняволеных, якія маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем. Хворы на анкалогію 66-гадовы кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў у лісце пра пагаршэнне свайго стану і пра тое, што яму не паведамляюць вынікі апошняга абследавання. У Паўла Кучынскага, які пакутуе на анкалогію, прагрэсуе хвароба, ва ўмовах зняволення ён пазбаўлены магчымасці прайсці неабходнае лячэнне — перасадку касцявога мозгу. Палітвязень з інваліднасцю Уладзімір Гундар, у якога раней у СІЗА адабралі пратэз і прыводзілі ў пасяджэнне суда ў адных майтках, у Турме № 4 не можа перасоўвацца і выходзіць на шпацыры праз тое, што на мыліцах сцерліся гумовыя наканечнікі і няма магчымасці іх замяніць.

Таццяна Канеўская, пераведзеная на турэмны рэжым, мае праблемы з пазваночнікам і апошнім часам сутыкнулася з блакаваннем ліставання, а таксама абмежаваннем спатканняў з сям'ёй.

Парушэнне свабоды выказвання меркавання пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам 

Прадстаўнікі ўлады працягваюць пераследваць беларусаў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам. Такія дзеянні ўключаюць у сябе вядзенне некалькіх спісаў: людзей, прызнаных уладай экстрэмістамі і тэрарыстамі; забароненых інфармацыйных рэсурсаў і матэрыялаў; а таксама прызнанне забароненымі і радыкальнымі арганізацый і ініцыятыў. 

Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў за снежань папоўніўся на восем адзінак: праект "6TV Bielarus", BelPol, Беларускі спартыўны праект "Tribuna", Беларускі добраахвотніцкі корпус, "Дятлово для жизни", Белорусско-грузинско-украинский чат "Россия это зло" ў Telegram, суполка "Письма Солидарности Беларусь 2020", платформа "Новая Беларусь". 

Спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, павялічыўся за снежань на 113 чалавек, гэта амаль у два разы болей, чым у лістападзе. Цяпер у спісе знаходзіцца 3 654 чалавекі. Сярод тых, каго ўлады прылічылі да "экстрэмістаў" у снежні, — палітзняволеныя праваабаронцы ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, якіх асудзілі да 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, і Дзмітрый Салаўёў, які быў асуджаны завочна да 8 гадоў калоніі. Таксама ў спіс трапілі журналісты Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік.

Сярод іншых у спіс дадалі грамадзянку Украіны Кацярыну Бруханаву, праграміста Леаніда Райчонка, якога асудзілі за данат беларускім добраахвотнікам, прадпрымальніка Валянціна Штэрмера, байкера Андрэя Іванюшына, аршанскага прадпрымальніка Аляксея Цыпілёва, асуджанага за грашовы перавод Палку імя Кастуся Каліноўскага Аляксандра Ганчарова.

Прызнанне чалавека датычным да экстрэмісцкай дзейнасці адбываецца згодна з рашэннем МУС або КДБ і на падставе звязанага з экстрэмісцкай дзейнасцю прысуду, які набыў моц. Прыцягненнем да крымінальнай адказнасці, а пасля прызнаннем "экстрэмістамі" улада ажыццяўляе барацьбу з праваабаронцамі, свабоднымі журналістамі, людзьмі, салідарнымі з пацярпелымі ад рэпрэсій, і з тымі, каго ўлады ўжо пераследуюць за рэалізацыю права на выказванне меркавання і права на мірныя сходы. 

Як стала вядома 1 снежня, супраць журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча распачатая крымінальная справа. Яму інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

У Гродзенскім абласным судзе 19 снежня да дзесяці гадоў калоніі асудзілі 30-гадовую палітзняволеную Аляксандру Каско, якую затрымалі па вяртанні з Польшчы на пачатку лютага 2023 г. Цяпер яе асудзілі паводле васьмі артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". Суд над ёй пачаўся 27 лістапада і працягнуўся амаль месяц. 

У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на падставе пастановы суда трапляюць самыя разнастайныя сродкі незалежнай інфармацыі і грамадскай камунікацыі. Улады па-ранейшаму абмяжоўваюць доступ да незалежных СМІ, рэгіянальных выданняў і Telegram -чатаў, актыўнасцяў беларусаў за мяжой, палітычных партый і беларускай культуры.

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 4 снежня за адно пасяджэнне прызнаў "экстрэмісцкімі" рэкордную колькасць матэрыялаў — 89 інтэрнэт-старонак: TikTok-акаўнты, Instagram-старонкі, Telegram-чаты, старонкі ў "Аднакласніках" і YouТube-каналы. Агульны спіс тых, каго ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля за дзень прызналі экстрэмісцкімі, займае 13 старонак.

Прызнанне незалежнай інфармацыі і сродкаў грамадскіх абмеркаванняў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" — дастатковая для ўладаў падстава для палітычнага пераследу і прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці людзей, якія публічна рэагуюць, чытаюць, падпісваюцца, захоўваюць і перасылаюць такія матэрыялы. У снежні ўлады затрымлівалі людзей і прыцягвалі да адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП — "Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў" — не менш за 48 разоў.

Алеся Сабалеўскага затрымалі на працы 12 снежня. Пасля гэтага ў адносінах да яго быў праведзены суд, на якім была вынесеная пастанова аб прыцягненні яго да адказнасці і прызначаны арышт 10 сутак. Але на волю Алесь Сабалеўскі так і не выйшаў, бо супрацоўнікі праваахоўных органаў склалі на яго яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў".

У Гомелі абласной кіраўніцы праўладнага прафсаюза Таццяне Хацковай суд прызначыў арышт на 15 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Facebook.

Працягваецца практыка масавых затрыманняў у рэгіёнах Беларусі и далейшага пераследу на падставе арт. 19.11 КаАП. 

Згодна з хронікай пераследу 1-2 снежня, у Брэсце затрымалі 15 навучэнцаў мясцовых навучальных устаноў — у тым ліку дзяржуніверсітэта імя Пушкіна, за тое, што яны ў сацыяльных сетках, пабліках і чатах распаўсюджвалі "нацысцкія, фашысцкія, экстрэмісцкія матэрыялы і парнаграфію". У адпаведнасці з інфармацыяй "Віцебскай Вясны” аб хроніцы пераследу 4 снежня, у Гомелі адбыліся масавыя затрымання: затрымалі прынамсі пяцярых чалавек за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў у інтэрнэце. Згодна з хронікай пераследу 8 снежня, двух жыхароў Гродна затрымалі за "распаўсюд экстрэмізму"; таксама стала вядома, што 7 снежня супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі яшчэ аднаго мужчыну з той жа нагоды. У праўладных Telegram-каналах з імі з’явіліся відэа з публічнымі выбачэннямі ("пакаяльныя відэа"). У Светлагорску прадстаўнікі праваахоўных органаў затрымалі былых супрацоўніц тэлеканалу "Ранак". Вядома, што гэта адбылося ў межах чарговай хвалі допытаў і затрыманняў супрацоўнікаў тэлеканалу. На шклозаводзе "Нёман" у Бярозаўцы 9 снежня адбыліся палітычныя затрыманні: за падпіскі і "лайкі" праваахоўныя органы затрымалі блізу 10 чалавек.

За снежань Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў Спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, тры разы — там з'явіліся прозвішчы яшчэ 18 чалавек.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" знаходзіцца 1 156 чалавек, з іх 397 — беларусы (у спісе КДБ 1165 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней). Сярод іх са снежня ў ім знаходзяцца былы сілавік Іван Янчук, сын прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Эдуард Бабарыка, жыхар Чыжоўкі Яўген Верхаводкін, 61-гадовы Алег Ермаковіч, прадпрымальнік Валянцін Штэрмер

Юрыдычная служба "Вясны" накіравала зварот Спецдакладчыкам наконт пераследу беларусаў за ахвяраванні ў дабрачынныя фонды. Праваабаронцы звярнуліся да Спецдакладчыка па Беларусі, па пытаннях аб заахвочванні і абароне правоў чалавека і асноўных свабод ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам, а таксама аб свабодзе асацыяцый.

Парушэнне свабоды асацыяцый

Працягваецца пераслед сябраў Каардынацыйнай рады: адбыўся вобшук у кватэры Розы Турарбекавай, улады паведамілі пра дзве сотні вобшукаў у сябраў арганізацыі.

У Полацку і Наваполацку было затрымана каля 40 чалавек паводле справы незалежнага прафсаюза "Нафтан", удзельнікаў якога пераследуюць за заклікі да ўвядзення санкцый супраць Беларусі.

У Наваполацку затрыманы шэраг удзельнікаў аматарскіх велапрабегаў: іх абвінавачваюць у абмеркаванні планаў па звяржэнні дзейснай улады неканстытуцыйным шляхам.

Прайшоў вобшук у Аляксандра Мілінкевіча — кіраўніка "Вольнага Беларускага Ўніверсітэту" і дарадцы па рэалізацыі еўрапейскага выбару Беларусі офіса Святланы Ціханоўскай.

Не выйшаў на волю пасля 15-сутачнага арышту Алег Стахаевіч, былы лідар незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве "Граніт".

На пачатку снежня стала вядома пра ліквідацыю Вярхоўным судом царквы "Новае жыццё", рэлігійнай абшчыны хрысціян поўнага Евангелля. На пачатку 2021 года ўлады горада абвінавацілі абшчыну ў нямэтавым выкарыстанні ўчастка, а яе прадстаўнікі сцвярджалі, што іх незаконна пазбавілі права на зямлю. У канцы месяца стала вядома пра тое, што пастар царквы "Новае жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка быў выкліканы ў Следчы камітэт.

Стала вядома, што Беларускі саюз мастакоў ліквідаваў аб'яднанне "Пагоня", як паведамляецца, згодна з патрабаваннем Міністэрства культуры. Раней мастакі саюза зазнавалі ціск з боку чыноўнікаў.

Гродзенскі абласны суд ліквідаваў міжнародную грамадскую арганізацыю Клуб "Гервечай" — аб'яднанне літоўскай нацыянальнай меншасці. Фармальная падстава — за непадачу ў дзяржаўныя органы неабходных дакументаў на працягу трох гадоў запар. 

Падтрымка беларускімі ўладамі агрэсіі РФ, пераслед за падтрымку Украіны і антываенную пазіцыю

Беларускія ўлады працягваюць бязлітасна помсціць прадстаўнікам уласнага народа за антываенную пазіцыю, падтрымку барацьбы ўкраінскага народа і войска з агрэсарам.

Магілёўскі абласны суд разгледзеў справу Аляксандра Кулікова, якога затрымалі ў чэрвені 2023 года па вяртанні з Польшчы. Мужчына з'ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, аднак вярнуўся, паверыўшы абяцанням сілавікоў не пазбаўляць волі. У выніку мужчыну затрымалі на мяжы і змясцілі ў СІЗА. Праз два месяцы палітвязня асудзілі за каментары ў "экстрэмісцкіх" чатах. А ў снежні пачаўся разгляд справы паводле абвінавачвання Аляксандра ў спробе далучыцца да Палка Кастуся Каліноўскага ва Украіне, а таксама за "праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці". Суддзя Дзяніс Кічыгін 20 снежня прызначыў палітзняволенаму чатыры гады пазбаўлення свабоды. Праз тое, што раней мужчыну ўжо асудзілі на тры гады калоніі, шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова вызначана чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі.

У Мінскім абласным судзе 18 снежня Чэслава Канановіча асудзілі за дзесяць данатаў Палку Каліноўскага. Мужчыну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-3 КК у "фінансаванні дзейнасці для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, або ва ўзброеных канфліктах" — так улады звычайна кваліфікуюць ахвяраванні ў разнастайныя пратэсныя ініцыятывы і падраздзяленні беларусаў, якія ваююць за Украіну. Суддзя Вячаслаў Тулейка асудзіў Чэслава Канановіча да пяці гадоў зняволення.

Мінскі абласны суд 1 снежня вынес прысуд Аляксандру Ганчарову, якога абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-3 КК. Судовы працэс вяла суддзя Алена Міснік, але падрабязнасці пакуль невядомыя. Ганчарова абвінавацілі ў тым, што ён праз банк перавёў грашовыя сродкі на фінансаванне дзейнасці Палка Каліноўскага. Аляксандру Ганчарову было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў у папраўчай калоніі.

Пераслед адвакатаў

Чарговая атэстацыя адвакатаў тэрытарыяльных калегій адвакатаў была праведзена 21 снежня. У адпаведнасці з яе вынікамі Кваліфікацыйнай камісіяй прынятыя рашэнні аб немагчымасці выканання сваіх прафесійных абавязкаў адвакатамі Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Бірылавай С. Л. і Мінскай абласной калегіі адвакатаў Навіцкім А. А.

Кваліфікацыйнай камісіяй таксама прыняты рашэнні пра магчымасць спынення ліцэнзій у дачыненні да Лазарэнкі А. У. — з прычыны выключэння з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў у сувязі з тым, што набыў моц прысуд суда аб прызнанні адвакаткі вінаватай у здзяйсненні наўмысных злачынстваў, і Тарасюк Н. І. — у сувязі з немагчымасцю выканання адвакаткай сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем Кваліфікацыйнай камісіі ад 22 лістапада 2023 года.

Адвакатка Анастасія Лазарэнка — палітзняволеная, адвольна асуджаная за ўдзел у пратэстах і перадачу інтэрнэт-рэсурсу звестак сілавікоў, датычных да рэпрэсій. Наталля Тарасюк — дасведчаная адвакатка з бездакорнай рэпутацыяй, якая брала ўдзел у абароне фігурантаў палітычна матываваных спраў.

Згаданыя меры з'яўляюцца адвольным і празмерным умяшаннем у дзейнасць адвакатуры, якое не адпавядае ролі адвакатуры ў грамадстве, як правіла прымаюцца Міністэрствам юстыцыі выключна паводле палітычных матываў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства