viasna on patreon

Недахоп паветра, перапоўненая камера, ноч са святлом. Пра што беларусы распавядалі падчас дакументавання ў 2023 годзе

2023 2023-12-29T14:19:17+0300 2023-12-30T12:33:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/starazhenka_ill.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У 2023 годзе праваабаронцы "Вясны" задакументавалі 194 пацярпелых ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі. Людзі распавядалі, што сутыкнуліся з нечалавечымі ўмовамі ўтрымання ў месцах зняволення, жорсткім абыходжаннем з боку супрацоўнікаў міліцыі, палітычна матываванымі судамі, адвольнымі затрыманнямі, пагрозамі гвалтам і наступствамі ад гэтага – фізічнымі і псіхалагічнымі. Праваабаронцы распавялі пра асаблівасці дакументавання ў 2023 годзе.

Катаванні Мікіты Старажэнкі. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыйнае фота

Дакументаванне пацярпелых у 2023 годзе ўключала ў сябе гісторыі, якія адбыліся ў 2020-2023 гадах. Некаторыя пацярпелыя ад дзеянняў міліцыянтаў у 2020 годзе, напрыклад, толькі цяпер вырашаюць задакументаваць свой пераслед. У многіх пацярпелых гісторыі пачаліся год ці больш таму, якая скончылася толькі іх вызваленнем у 2023 годзе. 

Узрост пацярпелых, якія падзяліліся сваёй гісторыяй – ад 20 да 70 гадоў. Каля 37 % задакументаваных – жанчыны, 63% – мужчыны. Значная частка пацярпелых падчас дакументавання знаходзілася ўжо ў бяспечных краінах, такіх як Польшча, Літва, Грузія, Італія, Германія, Нідэрланды і іншых.

"Многія пацярпелыя, успамінаючы ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі (ІЧУ, ЦІП, СІЗА, калонія, КПЗ), распавядалі, што ў камерах было халодна і не было ацяплення, па начах гарэла святло і людзей будзілі, не давалі пасцельныя прыналежнасці і прадметы гігіены. Таксама пацярпелыя дзяліліся, што іх не вадзілі на прагулкі і ў душ, у камерах не было гарачай вады. У гісторыях часта згадваліся насякомыя ў камерах, самыя распаўсюджаныя – блашчыцы", – адзначаюць дакументатары.

Таксама многія пацярпелыя распавядалі пра неаказанне медыцынскай дапамогі або неналежнае яе аказанне. Напрыклад, лячэнне ангіны адбывалася тымі ж лекамі, што і прастуда. Пры гэтым, людзі нярэдка распавядалі, што ім своечасова аказвалі медыцынскую дапамогу і давалі таблеткі.

"Пацярпелыя распавядалі пра фізічны гвалт, які быў ужыты да іх пры затрыманні або ў месцах пазбаўлення волі. Дзяліліся інфармацыяй таксама пра пагрозы сэксуальнага гвалту і забойствы. Да некаторых пацярпелым ўжываўся электрашокер, задушлівы прыём або знаходжанне ў ненатуральнай позе працяглы перыяд часу. Да многіх пацярпелых ужываўся псіхалагічны гвалт".

Але з вызваленнем гісторыя пераследу не заўсёды сканчваецца. Былыя вязні нярэдка сутыкаюцца з падвышанай увагай супрацоўнікаў розных органаў (праверкі, званкі), адмовай у працы, звальненнем і эміграцыяй у сувязі з пагрозай паўторнага затрымання альбо ціскам з боку супрацоўнікаў. Згадваючы пра наступствы затрымання і працяглага зняволення, пацярпелыя адзначалі пагаршэнне здароўя: псаванне зроку, складанасці са сном, страта вагі, праблемы з зубамі, пастаянная стомленасць, выпадзенне валасоў, праблемы з памяццю. Таксама пацярпелыя распавядалі пра псіхалагічныя наступствы: панічныя атакі, паранойі, замкнёнасць, праблемы з сацыялізацыяй, трывога. 

Каманда дакументавання сабрала 23 найбольш сустракаемых словаў і выразаў у гісторыях людзей, якія прайшлі дакументаванне ў 2023 годзе: эміграцыя, затрыманне, ператрус, Мінск, кайданкі, аўтазак, суд, пагрозы, ноч са святлом, АМАП, крымінальная справа, РУУС, СК, не было матрацаў, фізічны гвалт, допыт, міліцыя, "стакан", Акрэсціна, не вадзілі ў душ, перапоўненая камера, КДБ, недахоп паветра.

"Любому перыяду самавольства надыдзе канец, і адказнасць немінуюча дагоніць вінаватых"

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка распавёў пра новыя віды катаванняў у Беларусі, чаму важна фіксаваць факты катаванняў і на што гэта можна паўплываць, што канкрэтна робяць вясноўцы для барацьбы з жорсткім абыходжаннем з боку ўладаў, а таксама ці варта апублічваць факты ціску на палітвязняў у месцах няволі.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі

Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC . Email: viasnadoc@spring96.org. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства