Новыя затрыманні і ператрусы: хроніка палітычнага пераследу 16-18 снежня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-18 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Магілёўскі блогер і журналіст Аляксей Бацюкоў, імаверна, затрыманы
Паводле сяброў Аляксея, пасля ператрусу ў яго жыллі і допыту ў КДБ 5 снежня ён не вярнуўся дахаты. Дзе ён зараз — невядома,паведаміла 18 снежня "БАЖ".
"У перадачу ўключаныя фрагменты маіх гутарак з Бацюковым праз Тэлеграм. Першая размова адбылася 6 снежня: Аляксей распытваў мяне, як можна з’ехаць з Беларусі. Але мяне насцярожыла, што ён падрабязна распытвае пра тое, чым людзі з падобнымі намерамі звычайна не цікавяцца.
7 снежня ад яго быў яшчэ адзін падобны званок, і пасля прагляду перадачы я практычна перакананы, што Бацюкоў звяртаўся да мяне проста ў службовым кабінеце падчас допыту. Што яго змусілі так зрабіць, каб выпытаць інфармацыю", — распавёў магілёўскі актывіст Зміцер Салаўёў, які зараз жыве за мяжой пасля вымушанай эміграцыі.
Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка перавялі ў калонію. Цяпер ён утрымліваецца ў ШІЗА
У судзе Ленінскага раёна Гродна з 10 жніўня па 1 верасня разглядалі новую крымінальную справу супраць Дзмітрыя. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы).
Суддзя Наталля Козел прызнала яго вінаватым і прызначыла ў дадатак да паўтара года зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі.
Пры гэтым Дзмітрый павінен быў у жніўні выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў перазатрыманы па новай справе і змешчаны пад варту.
Стала вядома, што палітвязень ужо знаходзіцца ў аршанскай калоніі № 8. Адміністрацыя ўстановы змясціа Сушчыка ў ШІЗА, але тэрмін і прычыны — невядомы.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 8. 211388, Віцебская вобл., г. Орша, вул. Леніна, 195А, Дзмітрый Васільевіч Сушчык
ГУБАЗіК затрымаў намесніка дырэктара фірмы па вытворчасці дронаў
На "пакаяльным відэа" 18 снежня затрыманы кажа, што мае пасаду намесніка дырэктара па развіцці фірмы, якая займаецца праектаваннем сістэм кіравання і беспілотнымі сістэмамі. Мужчыну прымусілі прызнацца ва ўдзеле ў пратэстах, а таксама сказаць, што ў яго дома была знойдзена марыхуана.
Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Вадзім Чараўко.
Беларуска вярнулася з-за мяжы праз "камісію па вяртанні" — з ёй знялі «пакаяльнае відэа» і ўсё роўна будуць судзіць
Прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з Таццянай Собаль, якая, як паведамляецца, вярнулася на радзіму праз "камісію па вяртанні". Жанчыну прымусілі распавесці пра тое, як ёй было дрэнна за мяжой і як яна, "паддаўшыся ўплыву", удзельнічала ў пратэстах у 2020-ым годзе.
Нягледзячы на вяртанне праз камісію, Таццяну чакае суд — ёй інкрымінуюць «народны» артыкул 342 КК. Яна знаходзіцца на волі пад закладам.
Адбыўся ператрус у доме палітыка Аляксандра Мілінкевіча ў Берштах
Паводле інфармацыі "Белсат", па стане на 18 снежня дзверы ў доме палітыка апламбаваныя. Пра прычыну ператрусу, ці пра тое, што на яго заведзеная крымінальная справа, Мілінкевіч не ведае.
Сам палітык знаходзіцца за мяжой.
Сілавікі затрымалі мінчука за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
На "пакаяльным відэа", якое апбулікаваў 18 снежня праўладны тг-канал, затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у мітынгах і да гэтага часу не выдаліў фотаздымкі ў сацсетках.
Паводле інфармацыі "Медыязоны", затрыманы — Уладзіслаў Федаровіч.
ГУБАЗіК затрымаў хакейнага трэнера, які жартам напісаў у бацькоўскім чаце, што аддае перавагу прозвішчу Зяленскі
Мужчына — дзіцячы трэнер ХК "Лакаматыў-Орша", ён трэніруе дзяцей 2015 года нараджэння. На "пакаяльным відэа" 17 снежня ён кажа, што жартам напісаў, што аддае перавагу прозвішчу Зяленскі.
Праўладныя тэлеграм-каналы таксама апублікавалі каментар, да яго ўзніклі прэтэнзіі. З кантэксту вынікае, што гаворка ідзе пра прозвішча Лукашэнкі: "Прозвішча мне яго не цікавае. Зяленскі прыгожае прозвішча".
Прапагандысты паабяцалі таксама паскрадзіцца на мужчыну ў Федэрацыю хакея, каб "больш не дапускаць яго да трэнерскай дзейнасці".
На шклозаводзе "Нёман" у Бярозаўцы адбыўся чарговы рэйд сілавікоў
Тэлеграм-каналу "Задержания, суды в Лиде" паступіла інфармацыя, што 15 снежня на шклозаводзе "Нёман" за падпіскі і лайкі затрымалі 8 чалавек.
У жніўні на шклозаводзе затрымалі не меней за 9 чалавек, у лістападзе — каля 10 чалавек.
Сілавікі затрымалі жыхара Гродна
"Пакаяльнае" відэа з затрыманым з'явілася 16 снежня ў праўладным тэлеграм-канале. У відэа мужчына кажа, што прымаў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту і распаўсюджваў "экстрэмісцкія матэрыялы".