viasna on patreon

"Пусціўся ў слэм пад "Груз", а ў галаве — ўспаміны пра тыдзень у халодным ШІЗА..." Вялікая размова з экс-следчым, асуджаным па "справе карагодаў"

2023 2023-12-08T11:30:48+0300 2023-12-08T14:03:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/antonuk_aliaksandr_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З Аляксандрам Антанюком з Брэста, былым следчым і былым палітзняволеным, мы сустрэліся 28 лістапада ў дзень, калі споўнілася роўна 10 месяцаў, як ён на волі. Берасцеец адбыў увесь тэрмін у паўтары гады па "справе карагодаў" і пакінуў Беларусь праз рызыку новага пераследу. Каля дзевяці месяцаў ён знаходзіцца ў эміграцыі. "Вясна" паразмаўляла з былым палітвязнем пра працу следчым, папярэджанне за канцэрт Dzieciuki, затрыманне на праўладным мітынгу, успрыняцце кратаў з двух бакоў, пра тое, з якімі выклікамі прыходзілася сутыкацца ў зняволенні, каштоўнасць свабоды, "брэсцкі працэс" і многае іншае.

leu_9.jpg
Леў. Фота: spring96.org

"Начальнік напісаў, што я "выбіраю еўрапейскія каштоўнасці"

З 2020 года Аляксандр называе сябе іншым імем Леў. Менавіта так яго ведае ўжо блізкае атачэнне, таму ён ужо звык да яго. Таму Аляксандр папрасіў і нас так яго называць.

Да ліпеня 2020 года Леў працаваў следчым, але сышоў з органаў па сканчэнні кантракту. Пры гэтым у вольны час ён наведваў шмат мерапрыемстваў, якія ў Беларусі лічыліся апазіцыйнымі, напрыклад, святкаванні Дня Волі ці канцэрты адпаведных музычных гуртоў. У апошні год Льва падвысілі на працы — перавялі ў вобласць — яму падабалася там працаваць, ён нават задумаўся аб працягненні кантракту, але вясна 2020 года дала яму надзею на перамены ў краіне і ён звольніўся.

"Увесь час працы следчым я думаў, што ўсё ж такі гэта не маё. Напачатку 2020 года я зразумеў, што ніякіх зменаў не будзе. Але ў траўні нечакана пачаліся палітычныя і сацыяльны змены ў грамадстве. Вось тады я і зразумеў, што кантракт у следчых органах я працягваць не буду. Хаця ў маім атачэнні сярод калегаў не было заўзятых лукашыстаў гэта былі дасведчаныя юрысты, годныя і адукаваныя людзі. Хаця час паказаў, што напэўна, маё стаўленне да іх было занадта пазітыўным. Але такое маё ўспрыняцце было тады".

Былы следчы распавядае, калі дазволілі Brutto ў Беларусі, то ён наведаў усе іх канцэрты па ўсёй краіне.

"На ўсе канцэрты я хадзіў з бел-чырвона-белым сцягам. Гэта было цікава: праца — ў дзяржаўных органах, жыццё — на такіх мерапрыемствах. Заўсёды баяўся, што мяне могуць затрымаць праз гэта. Але такое жыццё мяне зрабіла больш аб'ектыўным у сваіх поглядах, я разумеў розныя працэсы ў грамадстве".

Але праз удзел у такіх мерапрыемствах у следчага ўсё ж такі былі праблемы на працы:

"Падаецца, у 2018-м годзе я пісаў тлумачальную праз удзел у канцэрце Dzieciuki — праз тое, што патрапіў на фота "Бінокля". Маё фота змясцілі на галоўную матэрыяла — гэта заўважыў пракурор раёна.

Таксама на адным з фотаздымкам быў побач з нацыянальнымі сцягамі — "займаў актыўную пазіцыю", так бы мовіць. Як мне тады распавёў кіраўнік, пракурор даслаў гэта фота старшыні Следчаму камітэту, а той распачаў праверку па мне. Ён прапанаваў мне "пакаяцца" і выбачыцца, а таксама напісаць рапарт на звальненне. Я адмовіўся гэта рабіць тады, бо я сваімі дзеяннямі не здзейсніў ні адміністрацыйнае, ні крымінальнае правапарушэнне. Праверка сапраўды адбывалася. Мяне выклікалі ў УСБ на размову. Вынікам праверкі стала вынясенне "папярэджання". У сваіх тлумачэннях па праверцы мой начальнік напісаў, што я "западнік", "выбіраю еўрапейскія каштоўнасці", "з'яўляюся прадстаўніком апазіцыйнага ўплыву" і г.д. Але мне насамрэч вельмі падабаецца гэтая характарыстыка, бо яна сапраўды пра мяне, толькі пад савецкім лоскам".

"Атрымлівалася рабіць ідэалагічную працу ў органах"

Напрыканцы ліпеня 2020 года з'явілася інфармацыя пра тое, што ў краму "Князь Вітаўт" у Брэсце прыйшлі супрацоўнікі "АБЭЗ" (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі). Гэта абурыла Льва:

"Памятаю, я прачытаў гэтую навіну на абедзе ў Следчым камітэце. Галоўная прэтэнзія была да цішотак з аўтазакам і подпісам "Welcome to Belarus". Супрацоўнікі абгрунтоўвалі гэта тым, што нібыта такая выява псуе імідж краіны. Тады я, спасылаючыся на заканадаўства, напісаў шэраг контраргументаў на гэта, і прынёс гэтую паперу ў краму. Я перадаў гэта дырэктару, як ад ананіма, каб ён змог абараніць сябе. Бо гэтая крама — вельмі важны досвед для берасцейцаў. Бо памятаю, як у 2013-м годзе прыходзілася амаль таемна набываць у Мінску вокладку для пашпарту з "Пагоняй". А тут ужо адкрыта прадавалі прадукцыю з нацыянальнай сімволікай. І я тады вырашыў, дапрацоўваючы апошнія дні следчым, што мой абавязак — іх хоць неяк падтрымаць". 

Хаця, як адзначае былы следчы, сярод яго калегаў было шмат разумеючых людзей:

"Памятаю, як падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе, мой калега сказаў, што "баба ніколі не можа быць прэзідэнтам". Гэта было пра Таццяну Караткевіч. Але замест крытыкі ягоных словаў я тады параіў яму паглядзець дэбаты, пасля якіх ён змяніў сваё меркаванне. Ён сказаў, што яна яму спадабалася і нават паказаў дэбаты сваім родным. Вынікам стала тое, што ён і ўся ягоная сям'я прагаласавалі за Таццяну Караткевіч. Тады я зразумеў, што людзям трэба паказваць альтэрнатыву без крытыкі і гвалту. Вось такую ідэалагічную працу ў мяне атрымлівалася рабіць у праваахоўных органах". 

Леў яшчэ заспеў пачатак выбарчай кампаніі падчас працы ў дзяржаўнай структуры. Ён узгадвае, што на той час постаць блогера Сяргея Ціханоўскага не была такой цікавай і папулярнай сярод яго калегаў, як банкіра Віктара Бабарыкі.

"На яго ўсе ставілі стаўкі. Кампанія Ціханоўскага была пабудавана на крытыцы, а ў Віктара Бабарыкі ўсё ж такі былі канструктыўныя прапановы, ён быў больш зразумелы для маіх калег".

"Прадпрымаў столькі мер бяспекі, а ў выніку затрымалі на праўладным мітынгу"

Леў. Фота: spring96.org
Леў. Фота: spring96.org

Пасля звальнення Леў ужо актыўна далучыўся да пратэснага руху Беларусі, за што неаднаразова трапляў пад пераслед. Упершыню яго затрымалі восенню 2020 года ў Мінску на праўладным мітынгу:

"Мы з сябрам вярталіся з музея, як убачылі на вуліцы Валадарскай, як з некалькіх аўтобусаў высаджваюцца людзі з чырвона-зялёнымі сцягамі. Мы пачулі, як адзін з іх сказаў: "Ну, Фёдаравіч, за тое бясплатна ў Мінск з'ездзілі". Нам стала цікава, і мы пайшлі з гэтай калонай. Гэта быў панядзелак. Мы прайшлі праз Марш пенсіянераў — я ім падзякаваў і пайшоў далей з праўладнай калонай. Я думаў, што мітынг "ябацек" — самае бяспечнае для мяне месца, і я нават не дапускаў думкі, што там мяне могуць затрымаць. Памятаю, прыехала шмат аўтобусаў з нумарамі з усіх вобласцяў, але людзей на Плошчы незалежнасці усё роўна нешмат назбіралася. Я адкрыта ўсё фатаграфаваў і здымаў на тэлефон. Да нас падышлі па каментар журналісты Onliner, але мы адказалі, што мы не тыя, хто ім патрэбен. Праз нейкі час за спінай я пачуў ад кагосьці: "Не нашыя". Калі мы вярталіся з мітынга, то ў пераходзе нас ужо чакалі міліцыянты. Нас акружылі некалькі чалавек і сказалі, што мы вельмі падобныя на людзей, якія знаходзяцца ў вышуку. Я зразумеў, што гэта проста нагода, каб нас затрымаць. У РУУСе ўчастковы не ведаў, што пісаць у пратакол, бо сітуацыя дзіўная — затрыманне на праўладным мітынгу. Акрамя гэтага, я яму паказваў фота з чырвона-зялёным сцягам — сфоткаўся дзеля прыколу, а потым гэта стала маім доказам. Першы час мне было смешна з гэтай сітуацыі, бо на іншых акцыях я прадпрымаў столькі мераў бяспекі, а ў выніку затрымалі на праўладным мітынгу".  

Праз некаторы час за Львом прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, у тым ліку сумнавядомы Іван Тарасік. Ён быў з начальнікам у балаклаве, узгадвае берасцеец. У РУУСе з ім спрабавалі зняць "пакаяльнае" відэа:

"Але на камеру я сказаў толькі сваё імя, прозвішча і тое, што я незаконна затрыманы і адмаўляюся сведчыць супраць сябе паводле арт. 27 Канстытуцыі. Губазікавец, які здымаў гэта, сказаў: "Ну я не магу гэта начальніку паказаць". Тады Тарасік сказаў, што прыйдзе да мяне ў Акрэсціна, але гэтага не адбылося. Тады на судзе я ўбачыў упершыню, як суддзі свядома парушаюць правы. Памятаю, я кажу Таццяне Мотыль пра фотаздыкі з праўладнага мітынга, а яна запытваецца: "Вы можаце прадставіць іх?" Я ёй кажу, што я затрыманы,  знаходжуся цяпер на Акрэсціна, а тэлефон —  у РУУСе. Але гэта не стала  для яе аргументам і яна вырашыла, што я не магу прадставіць доказы. Памятаю, я гляджу праз Skype на гэту Мотыль і разумею, што калі б ёй сказалі расстраляць чалавека —  яна бы гэта зрабіла. Бо яна ўпэўнена рабіла выгляд, што не разумее маіх юрыдычных аргументаў".

Вынікам працэсу стала 13 сутак адміністрацыйнага арышту, якія былы следчы адбываў на Акрэсціна і ў жодзінскай турме.

"Калі сядзеў у камеры ў Жодзіне, то разумеў, якая навокал склалася сюррэалістычная карціна. Са сваімі сукамернікамі — навукоўцам і хірургам — мы чулі, як раніцай і днём за дзвярыма праходзяць суды, увечары па гэтым калідоры на электрасамакаце ездзяць прадольныя, а потым нам уключаюць тэлеканал "СПАС" і праграму пра Святога Луку. Калі начальнік ІЧУ на Акрэсціна дазнаўся, што я былы следчы, то прыйшоў пазнаёміцца. Ён выклікаў мяне з камеры, запытаў, дзе мяне затрымалі, а потым сказаў нешта пра здрадніка і сышоў".

"Пераходзіў дарогу на святлафоры, як з бусу выскачылі людзі ў масках" 

leu_20.jpg
Леў. Фота: spring96.org

Другі раз Льва затрымалі праз некалькі месяцаў у Брэсце падчас дваравога чаепіцця. Яшчэ 15 сутак ён адбыў у брэсцкім ІЧУ. 

"Пасля масавых пратэстаў мы паспелі зрабіць некалькі дваравых акцый. Мяне затрымалі супрацоўнікі АМАПу пасля такой акцыі".

У студзені 2021 года, калі міліцыянты прыйшлі да Льва па месцы рэгістрацыі і па месцы жыхарства, Леў 10 месяцаў не жыў дома: ночыў у знаёмых і нідзе не працаваў, каб зноўку не падпасці пад пераслед. Але пры гэтым ён ўсё роўна працяўгваў хадзіць на суды і пісаць лісты палітзняволеным, хоць не жыў дома. Леў узгадвае, што ў яго за ўвесь гэты час нават думкі не было, каб з'ехаць з Беларусі. Трэці раз, 2 лістапада 2021 года, берасцейца затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). За пару дзён да гэтага па месцы ягонай рэгістрацыі прыходзіў АМАП, але ён тады ўсё роўна не з'ехаў.

"Раніцай я правёў сябра, які з'язджаў з Беларусі, і вяртаўся з вакзала дадому. Тады быў апошні раз, калі я цвёрда вырашыў, што нікуды не паеду. Я пераходзіў дарогу на святлафоры на ажыўленым перакрыжаванні, як з бусу выскачылі людзі ў масках і, заламаўшы, павялі мяне ў машыну. Я тады не напужаўся, але ў галаве круціліся дзіўныя думкі: "Я ж лозунгі не крычаў апошнім часам..." Таксама я ўладкоўваўся на працу ў вядомае спартовае СМІ, таму хваляваўся, што праз дзве гадзіны не патраплю на сумоўе і падвяду чалавека. У машыне мяне пасадзілі на сядзенне і ціснулі на спіну, каб галавой я быў на ўзроўню падлогі каб я нікога з іх не пабачыў. У бусе ў мяне прасілі прадставіцца, але я маўчаў. На гэта адзін з тых, хто ажыццяўляў затрыманне, запытаў: "Александр, чего ты молчишь?" Тады я сказаў, што лічу іх бандытамі, бо яны пад'ехалі знянацку і зацягнулі ў машыну ў масках, і папрасіў адразу прадставіцца іх. Гэты чалавек сказаў, што ён оперупаўнаважаны РАУС Маскоўскага раёна Брэста, і дадаў, што я падазраваны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Мне было смешна, што затрымліваць мяне прыехалі ажно сем чалавек! Хаця, калі я працаваў следчым, памятаю, як міліцыянты не хацелі кагосьці затрымліваць і прыходзілася ледзь не ўгаворваць іх. Памятаю, як адзін падазраваны па гвалтоўным артыкуле кідаўся на нас, а міліцыянты ў мяне ўсё перапытвалі: "Сапраўды яго затрымліваць?" 

"Супрацоўнікі закінулі інфармацыю да маіх калегаў, што я ўдзельнік Bypol"

Адразу пасля затрымання з берасцейцам ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася яго аднаго змясцілі ў камеру. Але праз два дні яго прыйшлі два супрацоўнік КДБ, якія запытваліся яго пра ўдзел у Bypol аб'яднанні былых супрацоўнікаў сілавых структур. У час "размовы" рукі Льва ўвесь час былі закаваны ў кайданкі за спінай.

"Памятаю, як у 2020-м адзін з аднакурснікаў пажартаваў па тэлефоне са сваім калегам,, што я быццам у Bypol  — пасля гэтага іх паставілі на праслухоўку. У сакавіку 2021 года да яго прыйшлі з ператрусам, а пасля прапанавалі зладзіць са мной неафіцыйную аператыўную сустрэчу. Я не камунікаваў з ім ужо доўгі час, і з Bypol таксама не быў звязаны. Было б дзіўна, калі б ён пачаў са мной знянацку размаўляць, таму нічога не атрымалася. Але супрацоўнікі закінулі інфармацыю да маіх калегаў, што я ўдзельнік Bypol. Таму, калі я сустракаў апошніх на вуліцы ў Брэсце, яны мяне баяліся. Думаю, гэта было зроблена спецыяльна".

Супрацоўнікі КДБ пагражалі былому следчаму за ўдзел у Bypol крымінальнай справай паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).

"Я казаў, што ў гэтым плане "я чысты". Тады яны пачалі са мной гуляць у "злога і добрага паліцэйскага". Казалі, паглядзець, кім я стаў пасля звальнення са следчых органаў: што нідзе не працую, жыву на выпадковыя грошы, а там у мяне быццам было ўсё. Калі яны ўбачылі, што пра Bypol я нічога не кажу, то пачалі пужаць, што распаўсюдзяць плёткі ў турме, што я гей і "адправяць мяне па камерах, як былога супрацоўніка". Калі яны пачалі зняважаць мяне, я сказаў, што больш з імі размаўляць не буду". 

"Калі мяне кінуць у камеру да вязняў з "нізкім сацыяльным статусам", каб я зубамі разгрызаў сабе вены" 

Леў. Фота: spring96.org
Леў. Фота: spring96.org

Пастанову аб заключэнні пад варту былому следчаму ўручылі акурат на яго Дзень народзінаў 11 лістапада.

"Гэта было невыпадкова, бо час магчымага затрымання ў мяне сканчваўся толькі на наступны дзень. Таксама доўгі час да мяне не прыходзілі. Гэта на мяне не ціснула, я толькі пасмяяўся, як нізка яны зрабілі. За ўвесь час утрымання за кратамі ў мяне, акрамя "размовы" з кдбшнікамі, быў яшчэ адзін допыт, дзе я толькі назваў свае асабістыя дадзеныя і пералічыў працэсуальныя парушэнні, якія назбіраліся да таго часу. Потым я сказаў, каб допыт працягваўся ў выглядзе пытання-адказу. На кожнае пытанне я адказваў артыкулам 27 Канстытуцыі. Так я зразумеў, што ў іх ёсць на мяне — нічога. Следчы спадзяваўся, што я распавяду штосьці на сябе".

Так Леў апынуўся ў брэсцкім СІЗА. Там яго адразу завялі да оперупаўнаважанага, які нібыта вучыўся на год раней яго, але былы палітвязень яго не памятае.

"Ён сказаў звяртацца да яго, калі будуць нейкія праблемы ў камеры. Але я расцаніў гэта як магчымую правакацыю і вырашыў, што так не трэба рабіць ні пры якіх абставінах. У камеры галоўны вязень у мяне адразу запытаў: "А ты можаш сябе абараняць? Ну, калі што, я магу і е*ало зламаць. Так пачаўся мой першы дзень у СІЗА. Але надалей усё было нармалёва. Гэты галоўны сядзеў за вымагальніцтва — грошы з чачэнцамі вымагалі. Ён празваў мяне Робін Гудам, бо я абараняў палітычных ад яго. Ён паводзіў сябе ў манеры 90-х. Я думаю, што мяне спецыяльна кінулі да яго ў камеру. Але я да калоніі нікому з сукамернікаў не казаў, што я былы следчы. Я разумеў, што мяне слухаюць [супрацоўнікі] у камеры. І калі мяне неяк выклікаў опер да сябе, то ён сказаў: "Ну так, Вы нікому не прызналіся, што Вы былы супрацоўнік структур".

У першыя дні ў СІЗА мне адразу ўляпілі два парушэнні [за тры парушэнні змяшчаюць у карцар] і выклікалі з рэчамі на выхад. Усе вельмі здзівіліся, а адзін палітычны сукамернік падышоў і сказаў, што, калі мяне кінуць у камеру да вязняў з "нізкім сацыяльным статусам", каб я зубамі разгрызаў сабе вены, бо ў мяне не было "мойкі" [ляза] з сабой. А мяне перавялі ў меншую камеру да вязняў, якія праходзілі паводле "наркатычнага" арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Тады я зразумеў, што мяне хочуць раскруціць на гэты артыкул, бо мае сукамернікі заўсёды размаўлялі пра наркотыкі: што і колькі ўжывалі, дзе хавалі "закладкі" і г.д. Я не ўжываў наогул, але мне было цікава паслухаць. Дарэчы, пасля зняволення я звярнуў увагу, што ў Брэсце зафарбаваны ўсе "пратэсныя" надпісы, нацыянальныя сцягі, а вось рэклама наркатычных інтэрнэт-крамаў — не".

"Мае праўнукі, калі ўбачаць маю справу ў архівах, будуць ганарыцца мной"

Падчас азнаямлення з крымінальнай справай Льва ўтрымлівалі ў карцары. Яго туды змясцілі на тыдзень. У карцары нельга мець пісьмовыя прыналежнасці, таму былы палітвязень не змог нармалёва азнаёміцца са справай. У СІЗА берасцейца паставілі на прафілактычны ўлік, як "схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці".

"Мне сказалі, што гэты ўлік толькі для СІЗА, але ж насамрэч ён аўтаматычна пераходзіць у калонію, а потым —  калі ты ўжо вызваліўся перацякае на два гады ў прафілактычны надгляд. У Віктара Гюго ў "Адрынутых" ёсць гісторыя пра жоўты пашпарт, які галоўнаму герою выдаюць пасля катаргі. Па гэтым жоўтым пашпарце ў Францыі ён нікуды не мог патрапіць. Ён толькі паказваў свой пашпарт — яго адпраўлялі далей. Гэта вельмі падобна на нашу жоўтую бірку.

Потым у калоніі па жоўтай бірцы мы маглі ідэнтыфікаваць палітвязняў. Часам здавалася, што нам прасцей было з ёй праз гэта, бо адразу ты бачыў жоўтую бірку, потым глядзеў на артыкулы і можна было паразмаўляць з чалавекам. Таксама добра, што яны не хаваюць, а адкрыта цяпер пазначаюць людзей, бо гэта ж тая самая зорка Давіда. У трэцім рэйху таксама гэта было законна паводле нарматыўных актаў. Але ў будучыні такому закону будзе дадзена прававая і, што больш важна, маральная ацэнка".

Што характэрна, крымінальную справу супраць Льва вёў яго аднакурснік Латышэвіч.

"Калі я запытаў у яго, ці лічыць ён мяне злачынцам, ён сказаў, што не можа адказаць мне на гэтае пытанне. Потым дадаў: "Ну ты же всё понимаешь". Я тады яму на гэта сказаў, што час расставіць усё па сваіх месцах: тое, што ён добры хлопец, у матэрыялы справы не пакладзеш, а подпіс пад фальсіфікаваным абвінавачваннем — так. Думаю, мае праўнукі, калі ўбачаць маю справу ў архівах, будуць ганарыцца мной, а вось яго — не".

Берасцеец дзеліцца, што ніводнага разу не пашкадаваў, што далучыўся да пратэснага руху і падтрымліваў усё беларускае.

"Калі аналізаваў свой 2020-ы, то цікава атрымлівалася: пачынаў яго як следчы, да якога ў сістэме ўсе добра ставяцца, а скончыў двума затрыманнямі і "суткамі" на Акрэсціна, Жодзіне і Брэсце. Такі розны 2020-ы... А ў 2021-м я ўжо пазітыўна ўспрыняў тое, што мяне адправілі ў СІЗА — я мог спакойна кнігі пачытаць ды не думаць, дзе ўзяць паесці".  

"Справу карагодаў" прыдумалі, каб падушыць пратэст у Брэсце і перанакіраваць сілы ў Мінск"

Льва асудзілі 116-м па "справе карагодаў". Ягоную крымінальную справу вынеслі ў асобную вытворчасць. Былы палітвязень распавядае, што ў яго не было надзеяў, што яго выпусцяць пасля суда, прызначыўшы пакаранне, не звязананае з пазбаўленнем волі.

"Мне гэта было дзіўна — я падумаў, што мяне схаваць хочуць, бо звычайна ж пачкамі судзілі. А потым да мяне на працэс дадалі яшчэ аднаго чалавека — ён захварэў на свой суд, таму яго перанеслі. 

"Справа карагодаў" была спецыяльна ўзбуджана і раследвалася палёгка. Звычайна міліцыянты не вельмі добра кваліфікуюць адразу дзеянні, а тут я звярнуў увагу, што адразу ў рапарце супрацоўнік АУС кваліфікаваў паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Думаю, што гэтую справу прыдумалі, каб падушыць пратэст у Брэсце і перанакіраваць сілы ў Мінск. І, калі мяне затрымалі напрыканцы кастрычніку ў Мінску, то там я сустрэў супрацоўнікаў абласнога брэсцкага УУС. 

Калі ж паглядзець юрыдычна на яе, то таксама ўзнікае шмат пытанняў, бо ў абвінавачванні яны пішуць, што праз акцыю пратэсту не працавала KFC, напрыклад, а кіраўнік і відэа з камер назірання кажуць аб адваротным. Яны нават не пастараліся сабраць і сфармуляваць нармалёва доказы. Я свайго следчага на суд запрашаў, але ён так і не прыйшоў. Я казаў яму, што не буду пазначаць памылкі пры азнаямленні справы, каб ён хутка іх не выправіў, а я адразу агучу ў судзе — няхай чырванее. Я гэта зрабіў у апошнім слове, каб слова апошняе сапраўды было за мной. Было бачна, як сорамна пракурорцы, а ў суддзі пры агалошванні вырака трэсліся рукі. У яе на прозвішчы "Антанюк" аж голас прасядаў — так яна хвалявалася. Пасля абвяшчэння прысуду яна запытала ў мяне, як паложана, ці зразумела мне ўсё? На што я сказаў: "Дзякуй за такое рашэнне — яно мяне зробіць больш цвёрдым і жалезным". Пасля гэтага, не перапытаўшы мяне, яна хутка збегла. Яны мусяць разумець, што Лукашэнка сыдзе, а гэтыя крымінальныя справы ў такім выглядзе застануцца, усё задакументавана".

"Рыхтаваўся да гэтага — да самага цяжкага, таму прысуд я прыняў лёгка" 

Леў. Фота: spring96.org
Леў. Фота: spring96.org

Апошняе слова Леў прамаўляў каля 30 хвілін на беларускай мове. Апроч усяго, ён заявіў, што "пракурорка здзекваецца на працэсе з беларускай мовы", а таксама называла нацыянальны сцяг "бчб-полотнищем". Былы палітвязень узгадвае, як на гэта адрэагавала дзяржаўная абвінаваўца:

"Пасля агалошвання прысуду, калі ўсе сышлі з залі, яна пачала мне эмацыйна крычаць: "Я не зневажала беларускую мову". Хаця на працэсе яна любіла неяк зневажальна ўстаўляць у сказы беларускія словы, як гэта робіць Лукашэнка. Напрыклад, казала: "Ну адкажыце мне на вопрос!" І вось, калі я прайшоўся па гэтым у апошнім слове, яе гэта так эмацыйна зачапіла, што падышла да мяне і нібыта пачала апраўдвацца".

Палітвязень на судзе віну не прызнаў, настойваў, што справе няма доказаў ягонай віны, але яго ўсё роўна асудзілі на максімальныя паўтары года. Пры гэтым, мужчыну, якога судзілі са Львов і які прызнаў віну, прызначылі два гады “хатняй хіміі”.

“Але я рыхтаваўся да гэтага — да самага цяжкага, таму прысуд я прыняў лёгка. На судзе я быў у кофце LSTR "Менск". Я хацеў апрануць дзелавы касцюм, каб ва мне не бачылі зэка. Але вырашыў усё ж такі, што кофта больш практычная".

Чытаць апошняе слова былога палітвязня цалкам:

Апошняе слова экс-следчага Антанюка, якога судзілі па "карагоднай справе"

Сваё апошняе слова на судзе 14.03.2022 ён прамовіў на беларускай мове — "Берасцейская Вясна" прыводзіць яго цалкам.

"У СІЗА, акрамя "раснічак" на вокнах, я амаль нічога не бачыў"

Былы палітвязень падаваў на прысуд апеляцыйную скаргу, хаця ведаў, што яна нічога не зменіць, але такім чынам ён хацеў больш часу затрымацца ў СІЗА. Адбываць тэрмін берасцейца накіравалі ў "Віцьбу"   калонію, якая лічыцца для былых дзяржаўных служачых. Дабіраўся туды самым працяглым этапам   Брэст-Гомель-Магілёў-Віцебск. Ехаў амаль два дні. Гэта адбывалася напрыканцы траўня 2022 года.

"Увесь гэты час я быў у кайданках. Нават у прыбіральню хадзіў з імі. Цікава, што людзі, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны за забойства, пры гэтым не былі ў кайданках у адрозненні ад палітвязняў. Палітычных каментатараў вязуць у кайданках, а агрэсіўнага гандляра наркотыкамі побач — без.

Калі нас вывезлі, я быў рады, нават нягледзячы на гэтыя ўсе абставіны. Бо ў СІЗА, акрамя "раснічак" на вокнах, я амаль нічога не бачыў. Таму я з такой асалодай назіраў за людзьмі, дрэвамі, птушкамі. Я наогул люблю вандроўкі, таму мне было радасна паехаць ужо кудысьці". 

Але той этап Леў узгадвае з нейкай пяшчотай, бо паводле яго там ён зазнаў сапраўдную падтрымку і салідарнасць:

"Там было шмат нейкага хуткага сяброўства. Усе адзін аднога падтрымлівалі — можа ведалі, што кожнаму трэба падтрымка. Гэта была нейкая сямейная атмасфера. Калі мы елі, то кожны дастаў, што ў каго ёсць і падзяліўся з іншымі. Гэта былі асуджаныя па розных артыкулах — салідарнасць была сярод усіх вязняў. У Гомелі, калі мы чакалі цягнік, нас 20 чалавек пасадзілі ў камеру без вокан — там мы па-сяброўску дзяліліся сваімі гісторыямі.

Ведаеце, у мяне было, як у кнізе Яўгеніі Гінзбург "Круты маршрут. Хроніка часоў культу асобы" — яна ўзгадвала свой этап на поўнач, як і ў мяне. Я таксама зазначыў тое пачуццё, калі ты праязджаеш вакзалы, гарады, а людзі ў вокнах займаюцца сваім жыццём і нават не ведаюць, што ў цягніку вязуць незаконна асуджаных, не ўсведамляюць, што гэта дзеецца тут і цяпер".

"Вясна ў калоніі ў мяне асацыюецца з холадам"

У калоніі № 3 былы палітвязень прабыў восем месяцаў і застаў усе поры году. Напрыканцы вясны Леў знаходзіўся на "каранціне".

"Цікава, што наша пляцоўка заўсёды знаходзілася ў цені. Мы выходзілі на вуліцу — паўсюль сонца, а ў нас цень. І ад гэтага было вельмі халодна. Я памятаю, што я пастаянна вельмі мёрз. Таксама я не мог памыцца, бо была халодная вада і не было часу. Таму вясна ў калоніі ў мяне асацыюецца з холадам. Першы чалавек, які да мяне падышоў на каранціне — наркабарон з Турцыі. З ім потым я трошкі павучыў турэцкую мову. А да гэтага ў СІЗА я вучыў чачэнскую мову са сваім сукамернікам.

На каранціне мне сказалі, што другі атрад — самы дрэнны. Але я падумаў, што калі мяне туды накіруюць, то гэта будзе добра, бо там мусіць быць не так шмат "стукачоў". Так яно і здарылася. У іншых атрадах гэта праблема стаяла востра — не хаваючыся стаяць у чэргах да адміністрацыі, каб "здаць" іншых асуджаных".

"Віцьба" — вельмі каларытная калонія"

Льва вызначылі на працу на разборку метала — адну з самых цяжкіх прац у калоніі. Там ён правёў усё лета.

"На прамысловай зонай трэба было на разборцы метала здаваць норму, але гэта было немагчыма зрабіць: табе казалі сабраць 30 кг, а магчыма было толькі 10. Гэта раздражняла. І ўмовы працы там кепскія — не давалі пальчаткі і форму, таму нешта трэба было прыдумляць. Летам было цікава, як людзі загаралі. Ведаеце, гэта выглядала, як у дакументальных фільмах пра прыроду — як цюлені вылазілі грэцца на бераг. Летам мяне паднялі ў атрад, і калі я выйшаў у дворык, то я ўбачыў амерыканскую турму, як у фільмах. "Віцьба" — вельмі каларытная калонія, бо там сядзяць былыя чыноўкі, сілавікі, палітвязні, замежнікі і асуджаныя з АПГ. І ўсе імкнуцца камунікаваць са сваімі. І вось у гэтым дворыку ты бачыш людзей, якія падзелены на групы паасобку. І ты мусіш падысці да сваіх — у маім выпадку гэта "бчбшнікі". Памятаю, стаю ў групе, і каля нас праходзяць два чалавекі — іх абліччы мне здаліся вельмі знаёмымі. Апынулася, што гэта былы дырэктар "Мотавела" Аляксандр Мураўёў і былы начальнік службы аховы Лукашэнкі Андрэй Уцюрын — яны хадзілі толькі ўдвох. Але салідарнасць там не залежыць ад прыналежнасці да груп. У мяне вязні адразу запыталі, чаго мне не хапае і падзяліліся з гэтым. Напрыклад, азербайджанец даў мне зімовыя шкарпэткі, а цыган даў падкоўдранік". 

"На вуліцы было больш цёпла, чым у бараку"

Леў. Фота: spring96.org
Леў. Фота: spring96.org

Восень былы палітвязень запомніў тым, што тады пачаў ісці павольна час, а зіма ў яго асацыюецца з навагоднімі святамі:

"Я бы не сказаў, што я сачыў за тэрмінам, але кажуць, што такое ва ўсіх, калі сканчваецца тэрмін. Свой час я бавіў за вывучэннем французскай мовы, чытаннем кніг, займаўся спортам, і на гэтага заўсёды не хапала часу. Вельмі халодна было — на вуліцы было больш цёпла, чым у бараку. Да кастрычніка там не ўключалі ацяпленне.

Зіма ў калоніі — гэта падрыхтоўка да Новага года. На свята мы рабілі вельмі смачныя торцікі — са згушчонкай і вафлямі. Дарэчы, у калоніі вафлі называюць "печеньем в клеточку", бо вафельны торт гучыць “ як завафлены торт”. Быў вельмі святочны і салідарны настрой. Праўда, палітвязня Максіма Вінярскага, з якім мы гатавалі навагоднія торты, спецыяльна кінулі ў ШІЗА. Але мы яму зрабілі асабісты торцік па вызваленні з ізалятара. Зімой мне далі "злоснага парушальніка рэжыму". Мне крыху толькі не хапіла да ШІЗА".

Былы палітвязень не змог адказаць на пытанне, што было самым складаным у зняволенні, бо ён да ўсяго стараўся ставіцца як да выпрабавання і ўспрымаць, як выклік:

"Я не дазваляў сабе праяўляць слабіну, бо гэта было б эгаістычна ў адносінах да іншых".

Леў адзначае, што для яго быў вельмі важны статус палітвязня: 

"Мне важна было афіцыйнае пацверджанне, што я зняволены па палітычных матывах. Каб гэта было не толькі ў маіх думках. Я ганарыўся, што стаю ў адным шэрагу з такімі годнымі беларусамі, як Эдуард Пальчыс, Віктар Бабарыка, Мікола Дзядок, Дзмітрый Дубоўскі, Максім Вінярскі і іншых. У аўтарытарным рэжыме статус палітвязня сведчыць аб шмат чым — для грамадскасці, для сябе, для патомкаў. І для большасці, як я ўбачыў на ўласныя вочы, гэта важна. Важна адзначыць, што для супрацоўнікаў гэты статус не з'яўляецца паказчыкам і не пагаршае становішча палітвязня".

"У людзей ёсць свабода, але яны яе нібыта не цэняць і не ведаюць, што з ёй рабіць"

28 студзеня 2023 года палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Былы палітвязень распавядае, што першае, што яго моцна ўразіла на волі — гэта людзі ў гарадскіх маршрутках.

"Здавалася ж, што на волі мусіць быць больш свабоды, чым у калоніі. Але першае, калі я вызваліўся, то заўважыў у маршрутках незадаволеныя твары — у людзей ёсць свабода, але яны нібыта яе не цэняць і не ведаюць, што з ёй рабіць. Я тады думаў: "Людзі, радуйцеся, што вы можаце проста ў краму схадзіць". Таксама я зазначыў тады, што ў калоніі больш супраціву, чым на волі". 

Праз паўтары месяцы пасля вызвалення Леў з'ехаў з Беларусі ў Польшчу. Ён дзеліцца, што гэта было складаным рашэннем для яго:

"Я цэлы месяц вагаўся, ці з'язджаць, ці не. Але я зразумеў, што я пазначаны і не змагу нармалёва жыць. Мне не было чаго там рабіць — я толькі сеў бы яшчэ раз, напэўна". 

Былы палітвязень узгадвае, калі ён выехаў у бяспечную краіну, то ўсё роўна першы час ён азіраўся на бусікі, якія яму нагадвалі спецтранспарт сілавікоў. Акрамя гэтага, ён доўгі час не адказваў на званкі з невядомых нумароў. 

"Нейкія меры бяспекі засталіся на падсвядомасці. Яны настолькі ўкараніліся ў наша жыццё, што цяжка ад іх пазбавіцца нават у бяспецы".

"Пусціўся ў слэм, а ў галаве былі ўспаміны пра тыдзень у халодным ШІЗА..."

Леў кажа, што ў яго няма адмоўнага стаўлення да турэмнага досведу. Але, каб цалкам аднавіцца пасля яго, былому палітвязню спатрэбіліся месяцы на рэсаалізацыю:

"Я заўважыў, што толькі дзесьці ў кастрычніку, я змог пачаць шчыра радавацца нейкім рэчам".

Пасля пераезду ў Польшчу Леў здзейсніў адну са справаў са свайго WishList пасля вызвалення (свой такі спіс ён называў "ШЗ" што зрабіць) схадзіў на канцэрт любімага музычнага гурта "Пятлі Прыхільнасці":

"Мая любімая песня ў іх — "Груз". Памятаю, я яе спяваў у ШІЗА. Яна мяне там вельмі бадзёрыла і падымала настрой. Пад гэтую песню я думаў у ізалятары, што, калі вызвалюся, то ў мяне ўсё будзе добра, што цяпер, не так усё цяжка, а потым наогул гэта застанецца толькі ўспамінам. І гэтыя думкі мяне вельмі грэлі. І на канцэрце я пусціўся ў слэм пад "Груз", а ў галаве былі ўспаміны пра тыдзень у халодным ШІЗА..."

Былы палітвязень з усмешкай узгадвае, як яму пасля вызвалення дзяўчына падарыла цішотку гэтага гурта і паштоўку падпісаную імі спецыяльна для Льва. На інтэрв'ю ён прыйшоў у дарагім для сябе падарунку.

"Спадзяюся, што ў нашым судзе пройдуць суды над тымі, хто сапраўды здзяйсняў злачынствы"  

Леў. Фота: spring96.org
Леў. Фота: spring96.org

Леў заўважае, што пасля выезду з Беларусі ў яго з'явілася злосць на міліцыянтаў пачуццё, якога ў яго не было нават падчас зняволення. Былы палітзняволены тлумачыць гэта тым, што падчас следства ён перасякаўся з былымі калегамі і зняволенымі крымінальную справу супраць яго, напрыклад, вёў яго аднакурснік.  А, калі пасля вызвалення з калоніі, яго пачалі выклікаць у інспекцыю і крымінальны вышук, то гэта яго ўжо стрыгерыла. Леў адзначае, што яму было цікава параўнаць сітуацыю з двух бакоў: з-за стала следчага і з-за кратаў.

"Гэта цікавы досвед, бо я быў і з таго боку, і з таго. Асабліва гэты момант я гэта адчуў у СІЗА. Калі следчым я прыязджаў у ізалятар, то калі сыходзіў ад абвінавачаных, то заўсёды спачуваў ім, што яны застаюцца там і не могуць сысці, гэтак жа як я.

Дарэчы, цікава, што ў мяне заўсёды было адчуванне, што я сам апынуся ў гэтым СІЗА за свае погляды. Калі бацькі сыходзілі на працу каля СІЗА, то я глядзеў на яго і быў перакананы, што я там сам апынуся. Калі пазней лавіў сябе на гэтых думках, то бянтэжыўся, бо мой план жыцця не прадугледжваў гэтыя моманты".

Берасцеец кажа, што ў будучыні, калі гэтага стане бяспечна для яго, ён хоча вярнуцца ў Беларусь. У вольным Брэсце ён бачыць сябе культурніцкім актывістам ён хоча прасоўваць беларускую культуру. Таксама Леў марыць пра "брэсцкі працэс".

"Вельмі спадзяюся, што ў нашым судзе пройдуць суды не над нацыянальна арыентаванымі беларусамі, а над тымі, хто сапраўды здзяйсняў злачынствы — міліцыянты, пракуроры, суддзі пры рэжыме Лукашэнкі".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства