viasna on patreon

Крымінальная справа супраць праваабаронцы, затрыманні ў Берасці і Слоніме: хроніка пераследу 1-2 снежня Дапоўнена

2023 2023-12-02T12:50:00+0300 2023-12-03T12:43:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hilmanovich-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-2 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Ператрус адбыўся ў сябры Каардынацыйнай рады Розы Турарбекавай

Праваабаронцам стала вядома пра новыя імёны сярод сябраў каманды Каардынацыйнай рады, у якіх адбыліся ператрусы 28 лістапада. Гэта cябра міжнароднай камісіі КР Роза Турарбекава і яе муж, кіраўнік камісіі КР па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч.

"Цяпер гэта дакладна. Кватэру ўзламалі, правялі ператрус і апячаталі. Праходзім па"справе Каардынацыйнай Рады", - напісала Роза ў сваім акаунце ў фэйсбуку.

Нагадаем, па стане на 28 лістапада вядома, што па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду" пераструсы прайшлі ў наступных сябраў Рады:

Павел Латушка;

Сяргей Чалы;

Юрась Губарэвіч;

Артур Фінькевіч;

Міхаіл Таўбе;

Ганна Красуліна;

Раман Кісляк.

Як паведаміў адзін з праўладных каналаў, па “справе Каардынацыйнай рады” правялі каля 200 ператрусаў па ўсёй краіне.


Супраць журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча распачатая крымінальная справа

Яму інкрымінуюць ч.1 і ч.2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Уладзімір ужо два з паловай гады не пражывае ў Беларусі. Тыдзень таму ў кватэры па месцы яго прапіскі, паводле пастановы накладання следчымі органамі арышту на маёмасць, была апісаная мэбля і старая лядоўня.

А 1 снежня ў кватэры жонкі Уладзіміра, дзе ён пражываў з 2014-га па 2021 год, быў праведзены ператрус. У выніку яго забраныя працэсар кампутара, старое пасведчанне, 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, розныя канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, шматлікія газеты. Таксама была апісаная ўся бытавая тэхніка, паведамляе "Гарадзенская Праваабарона".


Палітзняволены Уладзімір Казека зноў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ

Уладальнік гаспадаркі з вёскі Людвінава Драгічынскага раёна Уладзімір Казека зноў быў затрымалі 28 кастрычніка. Па папярэдней інфармацыі, дома ў яго адбыўся ператрус, таксама вынялі аргтэхніку. Пасля праверкі тэлефона яго затрымалі па арт. 19.11 ч. 2 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі) за старыя падпіскі.

Уладзімір Казека. Фота:

30 кастрычніка ў судзе Іванаўскага раёна яго арыштавалі на 15 сутак. Справу разглядаў суддзя Мікалай Стасевіч. З моманту затрымання Уладзіміра ўтрымліваюць у ІЧУ Іванаўскага раёна.

Нагадаем, Уладзіміра раней затрымлівалі 9 траўня 2023 года на памежным пераходзе Тэрэспаль-Брэст, калі ён вяртаўся ў Беларусь. Тады яго тройчы запар судзілі па ч.2 арт. 19.11 КаАП. У чэрвені ён выйшаў на волю пасля 43 сутак арышту. Пасля трэцяга суда Уладзімір абвясціў галадоўку і трымаў яе, пакуль не выйшаў на волю.

Адрас для падтрымкі: ІЧУ АУС Іванаўскага раёна. Іванава, вул. Леніна, 17.


У Слоніме на «Белтрансгазе» адбыліся затрыманні

Пра гэта паведамляе @Grodno_grab.

Колькасць затрыманых і прычыны пераследу ўдакладняюцца.


Па «справе Каардынацыйнай рады» правялі пад 200 ператрусаў па ўсёй краіне

Пра гэта паведаміў праўладны тэлеграм-канал, піша "Зеркало".

Прапагандысты сцвярджаюць, што «ў сілавікоў ёсць пашыраны спіс удзельнікаў»: «А правяраюць яшчэ і ўсе сувязі. Накшталт сваякоў, сяброў і саўдзельнікаў».


Instagram-старонка добраахвотніка "Янкі" прызнаная "экстрэмісцкай"

На яе падпісаныя амаль 230 000 чалавек.

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёну 29 лістапада. Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапіў і Telegram-канал «Беларускі Янкі».

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

Telegram-каналы «SVDK | Słužba Vajarskaj Dapamohi Kalinoŭskaha», «Beer&History»;

Instagram-старонкі «ТОК | TALK», «budzma», «lordiuz».


У Брэсце затрымалі 15 навучэнцаў мясцовых навучальных устаноў — у тым ліку дзяржуніверсітэта імя Пушкіна

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманыя ў сацыяльных сетках, пабліках і чатах распаўсюджвалі нацысцкія, фашысцкія, экстрэмісцкія матэрыялы і парнаграфію.

Паведамляецца, што чацвёра затрыманых змешчаны ў ІЧУ, астатнія — «пакуль яшчэ на волі».


Сілавікамі затрыманы пратэстанцкі пастар з Гародні Васіль Трубчык

Васіль Трубчык – пастар гарадзенскай царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў “Свет мира”.

Васіль з'яўляецца вядомым прапаведнікам і хрысціянскім аўтарам.

На гэты момант невядома, дзе знаходзіцца пастар і якія прычыны ягонага затрымання, піша "Хрысціянкая візія". 


ГУБАЗіК затрымаў дзвюх жанчын

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ўраджэнка Брэста і ўраджэнка Мінска ўдзельнічалі ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства