viasna on patreon

Масавыя ператрусы па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду": хроніка пераследу 28 лістапада Дапоўнена

2023 2023-11-28T09:30:00+0300 2023-11-29T21:07:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chaly-pieratrus-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі" матэрыяламі і фармаваннямі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 лістапада збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску праходзяць масавыя ператрусы па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду"

Раніцай 28 лістапада з’явілася інфармацыя пра масавыя ператрусы ў Мінску. Пра пераслед людзей, звязаных з Каардынацыйнай радай, паведамляюць і праўладныя тэлеграм-каналы — яны назвалі гэта «папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у "Каардынацыйную раду".

Пастановы на ператрус выдадзеныя паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • здрада дзяржаве (арт. 356 КК);
    • змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады (арт. 357 КК);
    • заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК);
    • стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (арт. 361-1);
    • фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК);
    • садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК).

Пазней Следчы камітэт Беларусі заявіў, што ў якасці падазраваных па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду" прыцягнутыя звыш ста асоб.

Па стане на 14 гадзін вядома, што па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду" праходзяць у тым ліку:

  • Павел Латушка;
  • Сяргей Чалы;
  • Юрась Губарэвіч;
  • Артур Фінькевіч;
  • Міхаіл Таўбе;
  • Ганна Красуліна;
  • Раман Кісляк.

Па месцах іх ранейшага жыхарства ці рэгістрацыі ў Беларусі прайшлі ператрусы.

Следчы камітэт: У якасці падазраваных па "справе КР" прыцягнутыя звыш ста асоб

У прапагандыскай манеры ведамства піша, што «зайграўшыся ў пабудову сваёй дзяржавы па «заходніх лекалах», «беглыя» на чале з самаабвешчаным лідэрам пазіцыянуюць сябе альтэрнатыўнымі органамі ўлады, праводзяць выбары, распрацоўваюць пашпарты, узнагароды і іншае.

У прыватнасці, «Офіс Ціханоўскай» яны прыраўнялі да адміністрацыі прэзідэнта, «Каардынацыйную раду» да пратапарламента, а «Аб'яднаны Пераходны Кабінет» да ўрада».

СК сцвярджае, што спіс сябраў КР нібыта прадставіў чалавек, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні.

Улады хочуць канфіскаваць маёмасць падазрваных па "справе выбараў у Каардынацыйную Раду"

Пра гэта паведамляе Следчы камітэт.

«Устанаўліваецца наяўнасць у падазраваных маёмасці і нерухомасці на тэрыторыі нашай краіны з мэтай наступнага накладання арышту. З улікам атрыманых доказаў будзе разгледжана пытанне аб запуску працэдуры спецыяльнай вытворчасці для забеспячэння прынцыпу непазбежнасці пакарання і кампенсацыі шкоды, прычыненай злачыннымі дзеяннямі».


ГУБАЗіК правёў ператрус у аналітыка і сябра КР Сяргея Чалага

Фотаздымкі ператрусу апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.


Сілавікі прыходзілі па месцы прапіскі кіраўніка руху "За свабоду" Юрася Губарэвіча

Пра гэта палітык напісаў у сваім Facebook:

"Дзіўныя людзі прыходзілі шукаць маю маёмасць па месцы прапіскі. Ведаючы бандыцкую сутнасць гэтага рэжыму, усё распрадаў яшчэ да канца 2021 года".


Ператрус таксама адбываецца ў Артура Фінькевіча

З вобшукам прыходзілі таксама да Артура Фінькевіча. Колішні лідар "Маладога фронту" паведаміў, што на яго завялі некалькі крымінальных спраў, паведамляе "Еўрарадыё".

"Мяне ў Беларусі няма 3 гады, не жыў па месцы рэгістрацыі каля 9 гадоў, ні рэчаў, ні маёмасці ў Беларусі не маю", — піша Артур Фінькевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Сёння ў Беларусі праходзяць масавыя вобшукі па былых адрасах сяброў Каардынацайнай рады і НАУ — па ўсім, каб сарваць выбарчую кампанію ў КР, якая нават не пачыналася.


Ператрус у аднаго з прадстаўнікоў Народных амбасадаў Беларусі

Ператрус таксама адбыўся ў аднаго з прадстаўнікоў Народных амбасадаў Беларусі і дэлегата КС ад суполкі "Беларусы Замежжа" Міхаіла Таўбэ.

“Сёння па маёй прапісцы ў Мінску прыйшлі з ператрусам”, паведаміў ён.


Ператрус сёння адбыўся і ў праваабаронцы Рамана Кісляка

Працягваўся ён некалькі гадзін.


ГУБАЗіК апублікаваў фотаздымкі з ператрусу ў прэс-сакратаркі Ціханоўскай Ганны Красулінай


«Мировые Конфликты» і «Бомжи в Париже» — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

Telegram-каналы і чаты «Мировые Конфликты», «Говорит Беларусь», «Бомжи в Париже», «Беларусь Без Цензуры»;
Instagram старонка «belarus2belarus»;
Facebook старонкі «Усё аб Дуброўна», «Цэнтр Беларускай Салiдарнасцi/Centrum Bialoruskiej Solidarnosci»;
Інфармацыйная прадукцыя, размешчаная на старонцы ў «Беларусь. Всё обо всём» у «Аднакласніках» [у спісе Мінінфарма спасылка не працуе];
TikTok-старонкі «_Prosto_Belarus_», «Klim Zlobich».


Пенсіянеры і адвакатка — яшчэ 8 беларусаў унеслі ў "Спіс тэрарыстаў"

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ васьмі чалавек.

Сярод іх асуджаная да 12 гадоў калоніі Яна Пінчук, 68-гадовая пенсіянерка Наталля Пятровіч, адвакатка Анастасія Лазарэнка, 69-гадовы пенсінер Барыс Вітко, Андрэй Ігнатовіч, Андрэй Лаўрыновіч, 65-гадовы пенсіянер Пётр Старацітараў, а таксама Віктар Жаваранак.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1138 чалавек, з іх 383 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1147 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


Затрыманы віцебскі пастар Іван Вялічка

Абставіны затрымання пастара Царквы хрысціян поўнага евангелля невядомыя, піша "Хрысціянская візія".


У Вярхоўным судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд Эдуарду Бабарыку

Эдуарда Бабарыку прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) КК.

Эдуард Бабарыка на на агалошванні прысуду 5 ліпеня 2023 года

Нагадаем, Мінскі абласны суд 5 ліпеня вынес прысуд па справе Эдуарда Бабарыкі —  8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцнега рэжыму. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года па першапачатковаму абвінавачванню.

Як паведамляе тэлеграм-канал Вярхоўнага суда, прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення.


Баранавіцкі праваабаронца Аляксандр Вайцешык не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Па інфармацыі @viasna_brest, Аляксандр застаецца ў ізалятары.

Аляксандр Вайцешык падчас валанцёрства каля СІЗА-6 у Баранавічах. Фота: spring96.org

Праваабаронцу затрымалі 9 лістапада і арыштавалі на 15 сутак — яго мусілі вызваліць 24 лістапада, але гэтага не адбылося. Не вызвалілі Вайцешыка і 27 лістапада (то бок калі б яго "перазатрымалі" на 72 гадзіны).

На якой падставе Аляксандра застаецца затрыманым, берасцейскай "Вясне" на дадзены момант невядома.


Сярод затрыманых на Гомельшчыне – вядомы актывіст і звычайныя рабочыя

Аднога з рабочых завуць Мельнічэнка Павел. Ён працуе на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Мужчыну затрымалі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе і знялі «пакаяннае» відэа, прымусіўшы стаць нагамі на бел-чырвона-белы сцяг, піша "Гомельская Вясна".

Калегу Паўла, таксама супрацоўніка НПЗ Лапіцкага Андрэя затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. На «пакаянным» відэа мужчына прызнаўся, што сапраўды быў падпісаны і паабяцаў «усё павыдаляць».

Акрамя іншага «сілавікі» змусілі затрыманых назваць суму, якую складае іх заробак. Як далей склаўся лёс затрыманых – невядома, праваабаронцы толькі валодаюць інфармацыяй, што адзін з мужчын трапіў у ІЧУ.


Былога відэааператара Андрэя Толчына вінавацяць у экстрэмізме

Крымінальную справу супраць палітзняволенага былога відэааператара-фрылансера Андрэя Толчына следчыя перадалі ў пракуратуру для вывучэння і накіравання ў суд.

Журналіст Андрэй Толчын. Фота з сайта baj.by

Як стала вядома, гомельскага журналіста вінавацяць не ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы, як меркавалася раней, а ў экстрэмізме паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса РБ. Гэта – «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».

Што канкрэтна ставіцца ў віну Андрэю Толчыну, дагэтуль невядома, паколькі абвінавачанне трымаецца ў таямніцы. У лістах на волю з прычыны турэмнай цэнзуры напісаць пра гэта адкрыта вязень не можа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства