viasna on patreon

Эдуарда Бабарыку асудзілі да 8 гадоў калоніі. Ён не прызнаў віну Дапоўнена

2023 2023-07-05T15:08:07+0300 2023-07-05T17:09:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babaryka_eduard.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінскі абласны суд 5 ліпеня агучыў прысуд палітзняволенаму Эдуарду Бабарыку, якога пад вартай утрымліваюць больш за тры гады, — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэкса. Дзяржаўнае абвінавачванне адмовілася ад прад’яўленага Эдуарду Бабарыку абвінавачвання ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК (легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам). Акрамя гэтага, п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 293 (пасобніцтва ў арганізацыі масавых беспарадкаў) перакваліфікавалі на п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя Уладзімір Арэшка прызначыў яму на два гады менш, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Справу разглядалі ў адкрытым рэжыме у выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні Мінскага раённага суда з 22 траўня.

Эдуард Бабарыка на судзе 22 траўня 2023 года
Эдуард Бабарыка на судзе 22 траўня 2023 года

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года. Менавіта тады Эдуард стаў падазраваным па новай крымінальнай справе, па якой яго сёння асудзілі. Да гэтага яго ўтрымлівалі максімальныя 18 месяцаў паводле ч. 2 арт. 243 КК ("Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры").

Нагадаем, што Эдуард быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года, разам з бацькам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. У абвінавачванні гаворыцца, што ён "абавязаны быў дэклараваць даходы і валодаў рэальнай магчымасцю выканаць свае абавязацельствы, але не прадставіў у інспекцыю падатковую дэкларацыю". Што характэрна, у Эдуарда ў зняволенні былі праблемы з ліставаннем, таму не зразумела, як ён мусіў прадаставіць у падатковую дэкларацыю аб падатках у СІЗА за два гады. Паводле версіі абвінавачання, Эдуард Бабарыка, затрыманы 18 чэрвеня 2020 года, садзейнічаў Сяргею Ціханоўскамузатрыманаму 29 траўня 2020 года, у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Акрамя таго, палітвязня абвінавацілі ў аказанні дапамагання ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб па папярэдняй змове. Адзначаецца, што гэтыя дзеянні пацягнулі іншыя цяжкія наступствы ў выглядзе ўзнікнення масавых беспарадкаў, прычынення шкоды ў асабліва буйным памеры.

Эдуард Бабарыка не прызнаў віну. Ён заявіў, што не разумее сутнасці прад'яўленага яму абвінавачвання. Таксама ён падкрэсліў, што асабіста не быў знаёмы з Ціханоўскім.

Эдуард на судзе вырашыў даваць паказанні:

"Я не здзяйсняў ніводнага злачынства, у якіх мяне абвінавачваюць. Следствам не было здабыта ніводнага доказу маёй віны".

Ён таксама распавёў, што тыя 1,8 мільёна рублёў, якія фігуруюць у справе і лічацца атрыманымі незаконным шляхам, падарылі яму бацькі.

На судзе ў якасці сведкаў мусілі дапытаць палітзняволеных Віктара Бабарыку і Сяргея Ціханоўскага, ад якіх некалькі месяцаў няма ніякіх вестках, але на працэсе яны так і не з'явіліся — нават па відэаканферэнцсувязі.


У СІЗА для Эдуарда стваралі "жудасныя ўмовы". У 2020 годзе ён два тыдні сядзеў у адзіночцы, а "потым, па вяртанні да суседзяў, ня мог нагаварыцца". У ягонай камеры былі такія спёка і вільгаць, што адзенне пакрывалася цвіллю. Яму моцна абмяжоўваюць ліставанне.

Эдуард кіраваў краўдфандынгавымі платформамі Ulej і MolaMola.

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Эдуард Віктаравіч Бабарыка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства