Магілёўцу Аляксандру Кулікову, затрыманаму па вяртанні з Польшы, дадалі яшчэ паўтара года зняволення
У Магілёўскім абласным судзе з 6 снежня праходзіў суд над магілёўцам Аляксандрам Куліковым, якога затрымалі ў чэрвені 2023 года па вяртанні з Польшы. Мужчына з'ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што калі той вернецца, то яго не пазбавяць волі. Але ў выніку палітвязня затрымалі на мяжы і змясцілі ў СІЗА. Праз два месяцы яго асудзілі за каментары ў "экстрэмісцкіх" чатах. А нядаўна Аляксандра пачалі судзіць за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за "праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці". Суддзя Дзяніс Кічыгін 20 снежня прызначыў палітвязню чатыры гады пазбаўлення волі. Паколькі раней мужчыну ўжо асудзілі на троў гадоў калоніі, шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Аляксандру прызначылі чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Нагадаем, 53-гадовы Аляксандр у траўні з'ехаў за мяжу праз крымінальны пераслед. Па інфармацыі праваабаронцаў, праз некаторы час яму патэлефанавала састарэлая маці, якая паведаміла пра званок ад следчага, які пагражаў вышукам сына. Кулікову паабяцалі, што калі вернецца, то яму будзе абраная мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі. Пасля гэтага палітвязень вярнуўся ў Беларусі.
Аляксандра затрымалі 1 чэрвеня 2023 года па вяртанні з Польшы — наўпрост на мяжы. Супраць магілёўца ўзбудзілі крымінальную справу за каментары ў тэлеграм-чатах паводле ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) Крымінальнага кодэкса. Суд Ленінскага раёна Магілёва 13 ліпеня прызнаў магілёўца вінаватым і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядала суддзя Наталля Панасенка.
Напрыканцы лістапада 2023 года праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа, а яго працягваюць утрымліваць у следчым ізалятары Магілёва.
"Спрабаваў далучыцца да палка Каліноўскага, праходзіў вайсковую падрыхтоўку пад Кіевам": за што судзяць Аляксандра Кулікова
Гэтым разам палітвязня абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 3 арт. 361-1 — удзел у экстрэмісцкім фармаванні;
- ч. 1 арт. 361-3 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;
- арт. 361-5 — праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.
Адзначым, што гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак, калі чалавека судзяць паводле арт. 361-5 КК.
Магілёўскі абласны суд напачатку снежня ў закрытым рэжыме пачаў разглядаць справу Кулікова. Судовы працэс вядзе Дзяніс Кічыгін.
У выніку суд 20 снежня прызнаў Аляксандра вінаватым і прызначыў яму чатыры гады пазбаўлення волі. З улікам таго, што раней мужчыну ўжо асудзілі на троў гадоў калоніі, шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Аляксандру прызначылі чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Падтрымайце Аляксандра грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі:
Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А
Аляксандр Уладзіміравіч Кулікоў