viasna on patreon

"Спрабаваў далучыцца да палка Каліноўскага, праходзіў вайсковую падрыхтоўку пад Кіевам": за што судзяць Аляксандра Кулікова

2023 2023-12-13T13:06:35+0300 2023-12-13T13:08:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kulikou_film2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёўскім абласным судзе 6 снежня распачаўся суд над магілёўцам Аляксандрам Куліковым, якога затрымалі ў чэрвені 2023 года па вяртанні з Польшы. Мужчына з'ехаў за мяжу праз палітычны пераслед, але пазней сілавікі паабяцалі яму, што калі той вернецца, то яго не пазбавяць волі. Але ў выніку палітвязня затрымалі на мяжы і змясцілі ў СІЗА. Праз два месяцы яго асудзілі да трох гадоў калоніі за каментары ў "экстрэмісцкіх" чатах. А нядаўна стала вядома, што Аляксандра зноў пачынаюць судзіць — за спробу далучыцца да палка Каліноўскага ва Украіне, а таксама за "праходжанне навучання для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці". Па дзяржаўным тэлебачанні 12 снежня паказалі прапагандысцкі сюжэт пра Кулікова, у якім распавялі падрабязнасці ягонай справы. Вясна сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед палітзняволенага магілёўца. 

Аляксандр Кулікоў у прапагандысцкім фільме
Аляксандр Кулікоў у прапагандысцкім фільме

53-гадовы Аляксандр з 2002 года працаваў начальнікам аховы ў Магілёве. У красавіку супраць Кулікова склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і прызначылі яму арышт. У траўні Аляксандр з'ехаў за мяжу праз крымінальны пераслед, паведамлялі MAYDAY.TEAM.

Па інфармацыі праваабаронцаў, праз некаторы час яму патэлефанавала састарэлая маці, якая паведаміла пра званок ад следчага, які пагражаў вышукам сына. Кулікову паабяцалі, што калі вернецца, то яму будзе абраная мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі.

Пасля гэтага палітвязень вярнуўся ў Беларусі.Аляксандра затрымалі 1 чэрвеня 2023 года па вяртанні з Польшы — наўпрост на мяжы.

Супраць яго склалі яшчэ адзін пратакол паводле арт. 19.11 КаАП, а затым узбудзілі крымінальную справу за каментары ў тэлеграм-чатах.

У выніку мужчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК) і паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК).

Суд Ленінскага раёна Магілёва 13 ліпеня прызнаў магілёўца вінаватым і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядала суддзя Наталля Панасенка.

Паверыў абяцанням і вярнуўся… на тры гады калоніі

Суд Ленінскага раёна Магілёва 13 ліпеня вынес прысуд Аляксандру Кулікову, якога затрымалі адразу пасля вяртання з-за мяжы.

Напрыканцы лістапада 2023 года праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа, а яго працягваюць утрымліваць у следчым ізалятары Магілёва.

Магілёўскі абласны суд 6 снежня ў закрытым рэжыме пачаў разглядаць справу Кулікова. Судовы працэс вядзе Дзяніс Кічыгін. Гэтым разам палітвязня абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 361-1 — удзел у экстрэмісцкім фармаванні;
  • ч. 1 арт. 361-3 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;
  • арт. 361-5 — праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

Адзначым, што гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак, калі чалавека судзяць паводле арт. 361-5 КК. 

Аляксандр Кулікоў у прапагандысцкім фільме
Аляксандр Кулікоў у прапагандысцкім фільме

На БТ 12 снежня выйшаў прапагандысцкі фільм пра Кулікова, які распавядае пра сваю спробу далучыцца да палка Кастуся Каліноўскага і пра праходжанне вайсковай падрыхтоўкі пад Кіевам.

У сюжэце сам палітвязень распавядае, што з дапамогай кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава ён выехаў у Варшаву, дзе паехаў у Беларускі дом і запісаўся ў полк Каліноўскага. Узяў пазыўны "Ленакс" у гонар баксёра Ленакса Льюіса. Праз некалькі дзён ён паехаў ва Украіну, у навучальны цэнтр пад Кіевам.


Падтрымайце Аляксандра грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі: 

Турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Аляксандр Уладзіміравіч Кулікоў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства