Затрыманні ў Баранавічах, Лідзе, Браславе. Хроніка пераследу 24-27 снежня Дапоўнена
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-27 снежня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мікашэвічах затрыманы Алег Стахаевіч — былы лідар незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве "Граніт"
З 2020 году мужчына жыў у Літве, часам ездзіў у Беларусь. У Беларусі прымаў удзелы ў розных забегах. Вось і ў лістападзе ён паехаў на радзіму «на тры тыдні» (як сказаў сябрам).
12 лістапада ў Сілічах прыняў удзел у кросе Bison XC на 5000 метраў. А недзе праз тыдзень быў затрыманы. Спачатку па адміністрацыйным артыкуле на 15 сутак. Але па сканчэнню тэрміна не выйшаў. Па інфармацыі ад блізкіх, у дачыненні да Алега распачалі афіцыйную праверку «на магчымую датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці».
Нагадаем, што у пачатку 2010-х Стахаевіч працаваў на мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт». У 2011 годзе рабочыя спрабавалі зладзіць незалежны прафсаюз, Стахаевіч стаўся лідарам гэтай суполкі. Хутка яго звольнілі з прадпрыемства, як і іншых актывістаў.
За ўдзел у пратэстах сілавікі затрымалі маці і бабулю 4-гадовага дзіцяці
На «пакаяльным відэа» жанчын прымусілі сказаць, што яны нібыта ўдзельнічалі ў вулічных акцыях і бралі з сабой малое дзіця. Гэта зафіксавала камера тэлеканала АНТ.
Маці дзіцяці, мяркуючы па допісе праўладных тэлеграм-каналаў, арыштаваная на 15 сутак.
За "распаўсюд экстрэмізму" ў Віцебску аштрафавалі грамадзянку Расіі
Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 6 снежня за распаўсюд публікацый «экстрэмісцкай» накіраванасці пакараў штрафам у памеры 740 рублёў грамадзянку Расіі, вядучую дзяржэкспертку Ніну Жураву.
У судовым пасяджэнні была агучаная інфармацыя аб тым, што Ніна, выкарыстоўваючы свой акаўнт у Instagram, стала падпісантам «экстрэмісцкіх» суполак «Радыё Свабода», «Люстэрка» і «Белсат».
На судзе жанчына сваю віну не прызнала і адмаўляла намер на распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Сілавікі затрымалі вартаўніка аднаго з гаражных кааператываў
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманы — Павел Малынаў.На «пакаяльным відэа» ён кажа, што захоўваў дома «пратэсную сімволіку» і адзін раз удзельнічаў у маршах, а таксама нібыта пісаў каментары «для падтрымкі пратэсных настрояў». У відэа сілавікоў дэманструюцца гэтыя каментары: «Бога нет, РПЦ — говно», «Усіх у расстрэльны спіс!!!», «Жыве Беларусь! Слава Украине!».
За распаўсюд "экстрэмісцкіх" публікацый арыштавалі жыхара Наваполацка
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 24 лістапада за распаўсюд "экстрэмізму" ў супольнасцях месэнджара пакарала адміністрацыйным арыштам на 15 сутак Андрэя Баравіцкага.
У судовым паседжанні Андрэй не адмаўляў, што ён увосень 2020 года, выкарыстоўваючы акаўнт у мэсэнджэры «Telegram», распаўсюджваў інфармацыйную прадукцыю з каналаў «Баста» і «Хопіць Баяцца! – Таццяна Мартынава», сярод падпісчыкаў тэлеграм-канала «Полацк/Наваполацк/Краіна для жыцця/Чат /Свабоду Сяргею Ціханоўскаму///Полацк Краіна для Жыцця». Гэтыя каналы ўлады ўключылі рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Улічваючы прызнанне віны і на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП суддзя Балаболава пастанавіла арыштаваць Баравіцкага арыштам на пятнаццаць сутак.
Асуджанага на 15 гадоў калоніі палітвязня Ігара Лосіка «тэрмінова» выклікаюць у аддзел прымусовага выканання Баранавічаў
26 снежня на імя палітзняволенага журналіста «Радыё Свабода», які ўжо 3,5 гады знаходзіцца ў няволі, прыйшла позва, у якой ён названы «даўжніком». Судовы выканаўца патрабуе тэрмінова спагнаць з Лосіка «выдаткі на ўтрыманне дзіцяці, кіруючыся артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб выканаўчай вытворчасці“».
У выпадку няяўкі да судовага выканаўцы «бяз важкіх прычынаў» Лосіка могуць «прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 25.6 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях», пазначана ў позве.
Хапун у Баранавічах: затрыманыя не менш за восем чалавек
Сярод затрыманых — 37-гадовы Дзмітрый Міхальцэвіч, 25-гадовы Дзмітрый Філіповіч, 32-гадовы Мікалай Лосік, 31-гадовы Арцём Дзёгцеў і, па звестках "Медыязоны", Іван Дрык, якому мусіць быць каля 20 гадоў.
Таксама паказалі траіх іншых затрыманых, сярод якіх ёсць зусім маладыя людзі. Усіх васьмярых вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе. Імаверна, вылічылі іх па відэазапісах з пратэстаў, якія дэманструюцца ў кадры.
Сярод затрыманых у Баранавічах — і 43-гадовы Віталь Наўгародскі.
У Лідзе барда Сяргея Чарняка адправілі за краты за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Па інфармацыі "Гродзенскай Вясны", 59-гадовага Сяргея затрымалі яшчэ два тыдні таму наўпрост на працы. У суд яго везлі ў кайданках на падлозе службовага буса. Але адтуль у кардыялогію яго забарала хуткая дапамога, бо Чарняку стала кепска з сэрцам.
Цяпер Чарняка зноў затрымалі. У судзе Лідскага раёну 20 снежня суддзя Наталля Лобан прызначыла яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП). Навагоднія святы Сяргей правядзе за кратамі, а на волю паводле тэрміну павінен выйсці толькі 3 студзеня.
ГУБАЗіК затрымаў вядоўцу мерапрыемстваў Сяргея Туманава
На «пакаяльным відэа» ён кажа, што «падтрымліваў пратэсныя настроі», а таксама што ў 2020 годзе «быў падпісаны на дэструктыўныя каналы, у якіх патрабаваў прызнаць АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі».
Сужэнцам інкрымінуюць "народны" артыкул
Алену і Пятра Патаповіча падазраюць у "актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК). Мужа і жонку затрымалі 5 снежня. Пасля 10 сутак на Акрэсціна іх перавялі ў СІЗА №1. Патаповічаў затрымлівалі ў 2020 годзе падчас "Маршу супраць тэрору".
Сілавікі затрымалі інжынера-праграміста з Ліды
Сцвярджаецца, што ён нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
Магілёўскі блогер Алесь Сабалеўскі не выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту
Як паведамляе MAYDAY, на яго склалі новы адміністрацыйны пратакол за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Нагадаем, Алеся Сабалеўскага затрымалі на працы 12 снежня.
Дырэктарку браслаўскага Музея традыцыйнай культуры Элеанору Зінкевіч арыштавалі на 15 сутак
На такі ж тэрмін арыштаваныя яе муж і сямейная пара Рулевічаў.
Людміла Рулевіч — знакамітая ў рэгіёне майстрыха, закавальніца майстэрства традыцыйнага ткацтва.
Яшчэ тром людзям уручаны позвы ў суд. Усё гэта - вынікі начнога «хапуну», які адбыўся ў Браславе ўночы з 21 на 22 снежня. Сілавікі затрымалі 7 чалавек, у іх дома правялі ператрусы.
Сілавікі на мяжы затрымалі берасцейца за меркаваны ўдзел у пратэстах
Паводле інфармацыі "Медыязона", затрыманы — Дзмітрый Федаровіч. На «пакаяльным відэа беларус кажа, што раней быў асуджаны па адміністрацыйным артыкуле «за ўдзел у мітынгу і хуліганства».
Федаровіча затрымалі на мяжы. У тэлефоне берасцейца сілавікі заўважылі фатаграфіі з БЧБ-сцягам.