Агляд навінаў палітвязняў з 27 лістапада па 5 снежня
Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.
Палітвязнямі за мінулы тыдзень былі прызнаныя 14 чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1451 чалавек. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю 10 палітвязняў: Віктар Шаура, Данііл Дзіткоўскі, Павел Белаголаў, Павел Дворак, Генадзь Мажэйка, Дзмітрый Лукашэвіч, Павел Мазько, Раман Паўленка, Павел Бабчанок і Вадзім Чапялевіч.
Праблемы з хрыбетнікам, блакаванне ліставання. Навіны палітзняволенай Таццяны Канеўскай
Таццяна — актывістка ініцыятывы “Матчын рух 328”. Змагалася за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. У траўні 2021 года яе асудзілі да 6 гадоў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і арт. 292 (захоп будынкаў).
У калоніі Таццяну змяшчалі ў ШІЗА і ў ПКТ. У студзені 2022 Таццяне ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.
Па інфармацыі праваабаронцаў, яна пазбаўленна спатканняў, а за год ёй дазволена толькі адна маленькая бандероль. Лісты ад яе даходзяць рэдка. У турме яе будуць утрымліваць да сакавіка, а потым мусяць перавесці ў гомельскую калонію.
Акрамя гэтага, у яе праблемы з хрыбетнікам.
Палітвязень Рыгор Кастусёў у лісце на волю скардзіцца на пагаршэнне здароўя
Пра настрой Кастусёва ў івацэвіцкай калоніі "Воўчыя норы" расказаў "Свабодзе" ягоны зяць Дзмітрый Антончык:
"Вельмі непакоіцца наконт лекаў, якія перадаюць з волі — што могуць да яго не дайсці. Бо адчувае пагаршэнне стану ў сувязі з анкалагічнай хваробай. Паводле пляну, які склалі дактары падчас абследавання, у лістападзе-снежні яму павінны рабіць аналіз крыві. Але ці будзе ён, невядома. Вынікаў абследаваньня дагэтуль не паведамляюць. Ён арыентуецца на самаадчуванне, а яно ня робіцца лепшым. Яшчэ вельмі спадзяецца на медычную бандэроль".
Таксама палітык расчараваны тым, што не адбылося спатканне. Яно мусіла адбыцца 29 лістапада, але ў ПКТ сустрэчы не дазволены.
У Ваўкавыску пачаўся чарговы суд над блогерам Уладзімірам Цыгановічам
43-гадовага аўтара Youtube-канала "MozgON" толькі тры месяцы таму перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення. За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11 ініцыявала ўзбуджэнне другой запар крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).
Цяпер палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў калоніі.
Судзіць Уладзіміра пачынаюць 30 лістапада ў Ваўкавыску. Справу вядзе суддзя Мікалай Сяргейка.
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу зноў змяшчалі ў ШІЗА. За апошнія паўгода яна правяла там 70 дзён
Вікторыю двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі.
22 чэрвеня пасля чарговага жанчыну зноў этапавалі ў жаночую калонію № 24. Цяпер стала вядома, што нядаўна яе ў чарговы раз змяшчалі ў ШІЗА, за паўгода яе ўтрымлівалі там не менш за 70 дзён. Пры гэтым некалькі месяцаў таму яе змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.
Нагадаем, раней у зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгода ў ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
Палітзняволенага Яна Папковіча зноў будуць судзіць
Ян — экс-спецназавец, былы інкасатар "Белгазпрамбанка", які звольніўся і збіраўся разам з жонкай і братам Алесем у верасні 2022 года з'язджаць у Польшчу. Але напярэдадні быў затрыманы групай "Альфа". Падчас затрымання Яна моцна збілі, таксама стрэлам паранілі ягонага сабаку.
Яго асудзілі да 4 гадоў калоніі. Яна прызналі вінаватым паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК (падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні).
Цяпер стала вядома, што па ініцыятыве адміністрацыі магілёўскай калоніі № 15 супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суд над Янам распачнецца ў Магілёве 14 снежня. Справу будзе разглядаць суддзя Таццяна Міхайлава.
Пасля доўгага перапынку аднавіўся суд над палітвязнем Яраславам Саковічам
Яраслаў быў затрыманы 5 жніўня 2022 года. Да 2021 года ён жыў ва Украіне, жанаты на ўкраінцы. Па вяртанні ў Беларусь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія катавалі яго і выбівалі прызнанне ў тым, што ён раней ваяваў ва Украіне. Пазней яго адпусцілі, але праз год затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы.
У Мінску 4 траўня яго асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Але ў жніўні Яраслава пачалі судзіць ужо за "здраду дзяржаве" паводле арт. 356 КК. Меркавана, з 11 верасня ў судзе быў абвешчаны перапынак, але сёння судовыя пасяджэнні аднавіліся.
У Вярхоўным судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд Эдуарду Бабарыку
Нагадаем, Мінскі абласны суд 5 ліпеня вынес прысуд па справе Бабарыкі — 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года па першапачатковаму абвінавачванню.
Яго прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 (ухіленні ад выплаты падаткаў) КК.
Як паведамляе тэлеграм-канал Вярхоўнага суда, прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення.
Палітзняволены Уладзімір Казека зноў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ
Уладальнік гаспадаркі з вёскі Людвінава Драгічынскага раёна зноў быў затрымалі 28 кастрычніка. Па папярэдней інфармацыі, дома ў яго адбыўся ператрус, таксама вынялі аргтэхніку. Пасля праверкі тэлефона яго затрымалі па арт. 19.11 ч. 2 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі) за старыя падпіскі.
30 кастрычніка ў судзе Іванаўскага раёна яго арыштавалі на 15 сутак. Справу разглядаў суддзя Мікалай Стасевіч. З моманту затрымання Уладзіміра ўтрымліваюць у ІЧУ Іванаўскага раёна.
Нагадаем, Уладзіміра раней затрымлівалі 9 траўня 2023 года на памежным пераходзе Тэрэспаль-Брэст, калі ён вяртаўся ў Беларусь. Тады яго тройчы запар судзілі па ч.2 арт. 19.11 КаАП. У чэрвені ён выйшаў на волю пасля 43 сутак арышту. Пасля трэцяга суда Уладзімір абвясціў галадоўку і трымаў яе, пакуль не выйшаў на волю.
Адвакатку Анастасію Лазарэнку перавялі ў гомельскую калонію
Палітзняволеную затрымалі 2 чэрвеня 2022 года. У Мінгарсудзе 11 траўня яе асудзілі да 6 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Анастасію прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за «зліў дадзеных сілавікоў і суддзяў у ЧКБ», а таксама за ўдзел у «Маршы за свабоду» ў жніўні 2020-га. Сваю віну Лазарэнка на судзе не прызнала. На волі ў яе засталіся сталы бацька і сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона.
Стала вядома, што напачатку лістапада Анастасію ўжо этапавалі ў гомельскую жаночую калонію № 4. Днямі КДБ унёс жанчыну ў «спіс тэрарыстаў».
За тры месяцы знаходжання ў гомельскім СІЗА Паліна Шарэнда-Панасюк атрымала больш за 150 вестачак з волі
Па інфармацыі ад мужа Паліны Андрэя Шарэнды, такая хваля салідарнасці вельмі падтрымлівае жанчыну, піша "Берасцейская Вясна".
У той жа час лісты, якія дасылаюць Паліне, знішчаюць (калі ліст заказны, то знішчаюць проста ў прысутнасці жанчыны, а простыя лісты нават без яе ведама).
Таксама вядома, што да палітзняволенай не дайшлі і фотакарткі яе дзетак, якіх жанчына не бачыла ўжо 3 гады.
Нагадаем, што 15 снежня будзе разглядацца апеляцыя на апошні прысуд Паліне. Да таго часу яна будзе знаходзіцца ў гомельскім СІЗА, дзе яе можна падтрымаць. Калі апошні прысуд пакінуць без зменаў, то далей у калонію ані грошы, ані бандэролькі іншыя людзі не змогуць даслаць (гэта будзе дазволена толькі блізкім сваякам).