viasna on patreon

"Нас і не замянілі, проста нікога не ўзялі на нашыя месцы". Працоўны кантракт як метад рэпрэсій

2023 2023-12-22T12:32:43+0300 2023-12-23T13:59:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/palitychnyja-zvalnenni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітычна матываваныя звальненні праз непрацягненне працоўнага кантракта і забарона права на прафесію праз існаванне пэўных спісаў, і ціск на тых, хто у прафесіі застаецца — з такім сутыкаюцца беларусы, якія удзельнічалі ў акцыях салідарнасці 2020 года. Дзве выкладчыцы адной з беларускіх ВНУ распавялі "Вясне" пра свой досвед — у мэтах бяспекі, іх імёны змененыя.

Не проста праца

Крысціна прапрацавала ў сваёй ВНУ больш за дзесяць гадоў, а да гэтага вучылася там яшчэ дзевяць. Яна мае навуковую ступень.

"Я вельмі любіла сваю працу, праўда, – кажа Крысціна. –  Вельмі любіла калектыў на маёй кафедры. Гэта тое, чым я планавала займацца ўсё жыццё. Вельмі любіла студэнтаў, у нас былі цудоўныя адносіны з усімі. І праўда, я разглядала гэта як сваю місію, таму што гэта рабілася не за грошы, а — за задавальненне. А таксама я хацела, каб беларуская навука стала лепшая – гэта было для мяне важна, таму што ясна, што ў беларускай навуцы свае праблемы".

Ніна прапрацавала ў свёй ВНУ яшчэ больш — амаль 20 гадоў. Ніна — кандыдатка навук.

"Прафесія — гэта не проста гук, — кажа Ніна. —  Усё ж такі ўсімі фібрамі душы я хацела застацца ў прафесіі, таму што туды я прыйшла на покліч сэрца, сапраўды для мяне гэта было вельмі важна, і я разумею, што гэта мая місія: што я даю не проста веды, а натхненне, энергію, і пэўны досвед. Таму для мяне важна было б захавацца ў прафесіі, а не пайсці, да прыкладу, адміністратарам у салон прыгажосці ці прадаваць вопратку — канешне, я б змагла гэта рабіць, бо я вельмі люблю камунікаваць, таму я б была вельмі файным кансультантам, але ўсё роўна хацелася заставацца ў прафесіі, бо я проста ведала: Бог жа надзяліў мяне гэтым талентам, таму трэба змагацца за яго".

Як усё пачыналася

На пачатку верасня 2020 года студэнты ВНУ, дзе працавалі выкладчыцы, праяўлялі сваю палітычную актыўнасць — да іх далучыліся і самі Крысціна з Нінай.

"Мы выходзілі на ганак універсітэта з плакатамі, нас здымалі СМІ, узгадваюць яны. Паказвалі сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне".

На хвалі гэтага выкладчыкі, студэнты і выпускнікі пайшлі да рэктара, “каб сказаць, што трэба неяк рэагаваць”.

"Але рэктар сказаў, каб мы не лезлі, узгадвае Крысціна. — І што мы не маем права выказвацца, не маем права выкарысоўваць лагатып, бо мы — гэта не ўніверсітэт… Мы ўсё зразумелі пра яго з гэтай кароткай размовы".

Некаторыя далучыліся да ўсеагульнага страйку, але Крысціна вырашыла так:

"Страйкануць — значыць не займацца студэнтамі. Таму мы зладзілі тыпу італьянскай забастоўкі. Мы праводзілі заняткі, напрыклад, у дачыненні да нашых тэм у разрэзе палітыкі. Карацей, мянялі тэмы проста, ішлі не па праграме, а распавядалі пра тое, як гісторыя і палітыка, напрыклад, была звязана з  нашай тэмай, як яны былі звязаны з жыццём грамадства ў пэўныя перыяды… Глядзелі фільмы на чуллівыя палітычныя тэмы, размаўлялі шмат. А студэнты ладзілі кожны абедзенны перапынак акцыі — яны стаялі на ганку ўніверсітэта".

Неўзабаве пачаліся адлічэнні студэнтаў, якія адседзелі адміністратыўныя суткі.

"Гэта былі лепшыя студэнты, а засталіся якраз горшыя”, успамінае Крысціна і дадае: “А пасля на вахту пасадзілі міліцыянера. Ніколі раней такога не было. А таксама павесілі відэакамеры".

Пачаліся звальненні і саміх супрацоўнікаў ВНУ.

"Ну як звальненні… ім не працягвалі кантракт, — кажа Крысціна. – І далей яны дзейнічалі проста такімі метадамі. І не падкапаешся нібыта: кантракт скончыўся — і ўсё. І далей яны так працягнулі метадычна рабіць.

Але мы пачалі збіраць подпісы супраць таго, каб звальнялі выкладчыкаў і адлічвалі студэнтаў, і з гэтымі лістамі хадзілі да рэктара. Рэктар быў са страшнымі вачыма: ён з намі ні разу не паразмаўляў, але ўсё шукаў, хто нас узглаўляе… То на мяне думаў, то на выпускнікоў, то на іншую маю калегу думаў… Не верыў, што мы самі можам неяк шчыра арганізавацца і супраціўляцца".

Кантракт Крысціны сканчаўся. І яго не працягнулі. Гэта было ў лютым 2021 года.

"Я набрала свой першы курс як кіраўніца курса, я збіралася паступаць у дактаратуру — мне там ужо было месца падрыхтаванае… І прыйшла такая цыдулка, што праз месяц у вас заканчваецца кантракт, і мы вам яго не працягваем.

Мае калегі і студэнты пачалі збіраць подпісы, каб мяне не звальнялі. Мая загадчыца кафедры хадзіла да рэктара, намагалася неяк падтрымаць мяне… Улічваючы мае адносіны да сваёй працы, гэта такая была траўматычная гісторыя", — узгадвае Крысціна і плача.

Крысціна пацягвала наведваць сваю ВНУ, бо ў яе засталіся добрыя адносіны з калегамі.

"Рэктар пабачыў мяне, асабіста нічога мне не сказаў, але пабег уніз да мянта і пачаў там скандал, чаму прапусцілі няведама каго. Уявіце. Пасля я проста падыходзіла да ганку ўніверсітэта, чакала там сваю сяброўку, яна там працавала, і мы шлі на каўку… Потым звольнілі і яе.

Як кажуць, “незаменімых няма”… Так нас і не замянілі, проста нікога не ўзялі на нашыя месцы — і ўсё".

"Мая кафедра паступова вымывалася, гэта было раз на семестр, пару разоў на вучэбны годзвальненні ці непрацягненні кантрактаў", — узгадвае Ніна.

КДБшнік у ВНУ

Яшчэ адно новаўвядзенне ў ВНУ — гэта пасада прарэктара па кадравай палітыцы і дысцыпліне.

"А насамрэч гэта пастаўлены КДБшнік, — упэўнена Ніна.— Чаму я так думаю? Даследаванне я не праводзіла, але па ім было бачна, што ён няпросты чалавек. Асабліва, як ён вёў са мной размову. Яна была падобная хутчэй на нейкі допыт".

Да гэтага прарэктара выклікалі людзей, калі трэба было працягнуць кантракт ці ўзяць на работу, ці падпісаць пагадзінавыя дамовы на выкладанне, ці — на навуковае кіраўніцтва магістрантамі і аспірантамі.

"То бок усе падзеі, якія былі звязаныя з загадамі пра працу, праходзілі праз яго, — узгадвае Ніна. — Ці можна так сказаць: ніводзін загад не падпісваўся без яго подпісу і гэты подпіс менавіта ён і ставіў. То бок ён як вярхоўны суддзя вырашаў, хто годны, а хто не".

Неўзабаве надыйшоў час і Ніны — тэрмін яе кантракта падыходзіў да завяршэння. Яе выклікалі на размову з прарэктарам. Гэта быў канец 2021-га года.

"Мы размаўлялі, мне падаецца, хвілін 10—15. І за гэты час ён цэлыя чатыры разы мне пагражаў.

Першае, што ён стаў распытваць, калі я зайшла: ці ўдзельнічала я? Ну што уж тут адпірацца, калі мы першага верасня 2020 года стаялі і нас здымалі СМІ, акрамя саміх ціхароў… то бок ужо быў засвечаны твар. І таму я яму кажу: “Так, я ўдзельнічала”. І адразу наступнае пытанне: “Хто вас туды запрасіў?”. Праз год пасля падзей я разумею, што калі я называю ну хаця б адно імя, то юрыдычна для гэтага чалавека будзе ўжо крымінальная справа, бо гэта ўжо арганізацыя групы! І я адразу зразумела, у які бок усё рухаецца. Таму я пачала: “Ну я не памятаю, сапраўды год прайшоў…”. І вось тут пачаліся пагрозы: “Вы ведаеце, што я зараз магу з міліцыі выклікаць супрацоўніка, мы пратаколы пачнем складаць”. Я кажу: “Гэта вашае права, выклікайце, складайце”. Пасля пагроз ён убачыў, што на іх я ніяк не рэагую, і пачаў з іншага боку: “А ў вас вучоная ступень ёсць?” — “Ёсць”. “Ну вось бачыце, гэта ж не кожнаму даецца, а толькі разумным”. Я таксама пачала: “Ну ведаеце, калі гэта было!..” Ён расказвае: "Мы можам з вамі супрацоўнічаць на далейшай будучыні, толькі калі мы будзем ведаць, што вы рабілі ўчора, у мінулым". Вось якая фармулёўка. І ён ізноў пачаў па гэтым коле: "Хто вас туды запрасіў, а чаму вы туды ішлі, а што вы там рабілі?" Я кажу: "Ну я пайшла, таму што мы традыцыйна збіраліся з выкладчыкамі на пачатку года. Да таго ж я разумела, што там хутчэй за усё будуць студэнты. А гэта такія людзі — максімалісты. А калі выходзіш на вуліцы, можа быць невядома што. Канешне, каб і ім спакайней было". — "І чаму вы іх не адгаворвалі?". Я кажу: "Як вы адгаворыце чалавека, які першы, другі ці нават пяты курс, гэта максімалісты". Ён пачынае ўжо: "Усё, я зразумеў, што ў нас з вамі гаворка (не ладзіцца)". І апошняя заходка, якую ён зрабіў: "Вось я вам раздрукоўваю паперы, з якімі азнаёміцеся, і я вас чакаю заўтра з раніцы, падумайце, прачытайце, можа ўсё ж такі вы перадумаеце". Я ўзяла іх пагартаць. Першы ліст там быў па фармулёўках нармалёвы, а вось адзін з апошніх пунктаў: хто падпісвае гэтую паперу, той абавязуецца данасіць, можна так сказаць простымі словамі, на сваіх: выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў, калі вось нядобранадзейныя нейкія дзеянні ці нават калі не проста публічныя выступы, але і нават у сацсетках — там гэта не прама было напісана, але было ўжо зразумела, што ва ўсіх аспектах дзейнасці, калі штосьці там не ў іх палітыцы. І я адразу кажу: "Дзякуй-дзякуй", пакінула гэтыя паперы на месцы, з сабой не брала гэтую мярзоту. Але ён самае апошняе, што сказаў, калі я ўжо сыходзіла: "Я вас чакаю заўтра з раніцы". Гэта ў пачатку лістапада мы з ім размаўлялі 2021 года. А мой кантракт скончваўся ў сярэдзіне снежня, і за месяц павінна было нешта юрыдычна вырашацца. Але чамусьці мяне прымусілі раней, каб гэта працэдура пачалася. І пасля гэтай размовы мяне выклікалі, каб я забрала гэты ліст, што там ужо за подпісам рэктара, што адмаўляюць мне ў працягненні кантракта".

Ніна падазрае, што яна не адзіная, каму прарэктар па кадравай палітыцы і дысцыпліне прапаноўваў падпісаць такую паперу аб супрацоўніцтве, бо тыя, каго звольнілі з універсітэта, таксама распавядалі пра такую ж прапанову.

"Але, хутчэй за ўсё, яны падпісвалі — гэта так", — кажа Ніна.

Пасля звальнення Ніна пачала працаваць на сябе — яна перайшла ва анлайн-адукацыю.На сталую працу Ніна ўладкоўвацца не спрабавала, бо чула пра пэўныя спісы людзей, якіх забаронена прымаць на працу. І з гэтым сутыкнулася Крысціна.

Палітычныя спісы

Як адзначае Крысціна, яны неаднаразова чулі, што існуюць спісы. А потым, калі яна і яе калега прыйшлі ўладкоўвацца на працу па спецыяльнасці, працадаўца ім наўпрост і паведаміў пра гэта.

"Мы ўдзячны таму чалавеку, таму што ён хаця б праўдзіва сказаў. І мы зразумелі, што не трэба марнаваць час і ісці кудысьці спрабаваць працаўладкавацца яшчэ. Ён сказаў, што з задавальненнем нас возьме, калі гэта ўсё скончыцца, і будзе вельмі рады, але зараз мы можам нават не спрабаваць", — кажа Крысціна.

Салідарнасць

Крысціна адзначае, што ёй вельмі дапамагла салідарнасць замежных калег, калі яна страціла працу.

"Гэта нечакана і неверагодна важна, таму што, праўда, у мяне былі нейкія зберажэнні, канешне, нейкі час я б пратрымалася, але яны не былі вялікімі. А тут і там былі прапановы і артыкулы напісаць, і павыкладаць для дыяспар дзесьці анлайн, шмат адкуль пасыпалася такіх прапаноў, што так нечакана і прыемна. Я думаю, гэта з-за павагі да таго, як мы, беларусы, адрэагавалі на тое, што здарылася ў краіне. З-за павагі за тое, што мы не прамаўчалі".

Пасля Крысціну запрасілі выкладаць у адзін з еўрапейскіх універсітэтаў.

“Гэта была траўматычная гісторыя для мяне, бо я не збіралася з’язджаць з Беларусі. Усё жыццё я пражыла там. Я любіла ездзіць у Еўропу, але я абажала вяртацца”.

Кантрактная сістэма — заганная практыка

Крысціна прызнаецца, што ніколі не думала пра кантрактную сістэму як заганную практыку.

!Я думаю, гэта адмыслова рабілася, каб можна был так потым зрабіць. Бо гэта сістэма кантрактная калісьці з’явілася, не заўсёды так было. Бачыце, вось заднім чыслом можна зразумець, навошта!.

А Ніна сваё звальненне не адразу ўсвядоміла як рэпрэсію ў дачыненні да яе.

"І я вельмі доўга вось гэтую юрыдычную фармулёўку, калі “Ой, цябе ж звольнілі, ты рэпрэсаваная, палітычная, пішы ў фонды, табе можа дапамога якая”, а я так сціпла: “Ды не, мяне ж не звальнялі, мне проста кантракт не працягнулі...” То бок як хітра было абстаўлена. І сапраўды я ведаю шмат людзей, якія сапраўды, як і я, так думалі і не звярталіся нікуды ні па  якія дапамогіі. І толькі пасля таго, як мы з'ехалі, і я расказвала сваю гісторыю замежнай праваабаронцы, яна мне сказала гэтую фармулёўку: "Вы таксама рэпрэсаваная, вас звольнілі, проста гэта было так абстаўлена, бо на самой справе гэта рэпрэсўна машына так працуе, каб іх потым не абвінавацілі, што яны нешта там прымусова і неюрыдычна зрабілі"".

А праваабаронца Леанід Судаленка даўно нагадваў пра заганнасць кантрактнай сістэмы працы:

"Наколькі я памятаю, дэкрэт пра працоўныя кантракты быў прыняты Лукашэнкам яшчэ ў 1999 годзе. А недзе шырока пачала ўсталёўвацца вось гэта практыка загонаў у кароткачасовую кантрактную сістэму найма на працу дзесьці з 2003-2004 года. І фактычна недзе на сярэдзіну 2010 года амаль у 90 адсоткаў усяго працаздольнага насельніцтва Беларусі працавала менавіта па кароткачасовых кантрактах, якія заключаюцца ад аднаго года да пяці гадоў. Але чамусьці ў Беларусі такой практыкі не было, каб на пяць гадоў з кімсьці заключалі — наадварот, існуе гэта практыка кароткачасовых кантрактаў. Я магу прывесці свой прыклад, калі ў 2006 годзе я працаваў у Гомельскім упраўленні ААТ Белтрансгаз, тады са мной таксама не працягнулі працоўныя адносіны пасля года, таму што я тады ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча на выбарах 2006 года, стаў яго даверанай асобай у Гомельскім рэгіёне, і мяне тады паклікаў наймальнік і кажа: "З Мінска на цябе прыйшла такая вось папера, што цябе трэба звольніць". Я адмовіўся. Ён сказаў: "Усё роўна па заканчэнні кантракта ты ведаеш, што будзе". І менавіта так гэта здарылася: са мной не працягнулі кантракт з такіх палітычных прычын.

То бок наймальнік проста вось, зыходзячы са свайго суб'ектыўнага меркавання, пазбаўляе людзей працы. Нажаль, кантрактная сістэма найму на працу застаецца ў Беларусі да сённяшняга дня і, як я лічу, гэта зроблена менавіта дзеля таго, каб усіх людзей, якія працуюць па найме, паставіць у залежнасць ад наймальніка. Улада праз такую кантрактную сістэму найму на працу кантралюе і хоча далей кантраляваць паводзіны кожнага работніка".

 Калі вы сутыкнуліся з палітычна-матываванымі звальненнямі і хочаце распавесці сваю гісторыю, пішыце нам на Email: viasna@spring96.org альбо ў тэлеграм @Viasnainfo

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства