18 вясноўцаў падвергліся пераследу за праваабарончую дзейнасць у 2020 годзе Дапоўнена
У 2020 годзе 18 сябраў і валанцёраў Праваабарончага цэнтру “Вясна” падвергліся пераследу і рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў. Вясноўцы пры выкананні імі выключна мірнай праваабарончай дзейнасці пераследуюцца дзяржавай рознымі спосабамі: затрыманні па надуманых прычынах, крымінальны і адміністрацыйны пераслед, вобшукі, суды і іншыя формы ціску. Рэпрэсіі ўзмацніліся ў выбарчы і поствыбарчы перыяд: на “суткі” адпраўлялі назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, на дадзены момант двое вясноўцаў утрымліваюцца ў следчых ізалятарах па справе “аб масавых беспарадках”. Няма ніякіх сумневаў, што такім чынам улады ціснуць за выкананне імі праваабарончай дзейнасці ў Беларусі, каб запалохаць арганізацыю і наогул усю беларускую праваабарончую і грамадзянскую супольнасць.
Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі адзначае, што сёлета беларускія ўлады развязалі сапраўдную вайну з беларускім народам.
«Праваабаронцы "Вясны" ў гэтых цяжкіх умовах мужна змагаюцца за правы чалавека, трапляюць пад рэпрэсіі і пераслед. Але нас не спыніць!» — заяўляе Алесь Бяляцкі.
Распавядаем, як беларускія ўлады пераследавалі нашых калегаў і каляжанак у 2020 годзе за праваабарончую дзейнасць.
Двое вясноўцаў знаходзяцца за кратамі па крымінальных артыкулах, адзін быў вымушаны бегчы за мяжу
На дадзены момант пад вартай па крымінальных справах аб "масавых беспарадках" знаходзяцца каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова і валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала іх палітычнымі зняволенымі, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International — вязнямі сумлення.
Каардынатарка Валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтра "Вясна" Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня ў Мінску разам са сваім мужам, калі вярталася з урачыстага ўзнагароджання "Вясны" польскай прэміяй “Арол” імя Яна Карскага.
Ёй прад'явілі абвінавачванне па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. У абарону Марфы і з заклікам да беларускіх уладаў аб неадкладным вызваленні праваабаронцы выступіла беларуская праваабарончая супольнасць, спецдакладчыкі ААН і шэраг міжнародных арганізацый. Amnesty International абвясціла тэрміновую акцыю, патрабуючы ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення актывісткі ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай. Марфа ўтрымліваецца ў СІЗА №1 у Мінску ўжо чацвёрты месяц.
Валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка затрымалі 2 кастрычніка, праз два тыдні пасля затрымання Марфы. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў “масавых беспарадках” па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. У снежні Андрэя перавялі з СІЗА-1 у следчую турму ў Жодзіна.
31 жніўня таксама па гэтым артыкуле быў затрыманы валанцёр “Вясны” Павел Гарбуз. Але абвінавачванне прад’явіць яму не змаглі — Паўла вызвалілі праз 10 дзён. Неўзабаве Павел Гарбуз у мэтах бяспекі сваёй сям'і пакінуў Беларусь.
Усе тры затрыманні Марфы Рабковай і валанцёраў "Вясны" ў межах крымінальных справаў аб "масавых беспарадках" ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Павел Гарбуз пасля таго, як з'ехаў за мяжу, распавёў пра пагрозы ў адрас усіх праваабаронцаў “Вясны”, якія гучалі ад супрацоўнікаў ведамства. Яны казалі, што хутка арыштуюць усіх сябраў арганізацы і пакладуць канец яе дзейнасці.
"Хутка іх усіх закрыем, проста час не прыйшоў". Валанцёр "Вясны" – пра тое, як стаў фігурантам справы "аб масавых беспарадках"
Як адзначаюць праваабаронцы Беларусі, уся дзейнасць затрыманых Марфы Раковай і валанцёраў "Вясны" Андрэя Чапюка і Паўла Гарбуза мела выключна мірны, праваабарончы характар і была скіраваная на дапамогу людзям, якія церпяць за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону правоў чалавека ў Беларусі. Іх пераслед расцэньваецца як працяг кампаніі па запалохванні і ціску на прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” і ўсю праваабарончую супольнасць краіны ў цэлым.
Пераслед праваабаронцаў па “народным” артыкуле 23.34 КаАП
Самы распаўсюджаны спосаб ціску ўладаў на сябраў і валанцёраў арганізацыі — прыцягненне іх да адміністрацыйнай адказнасці па "народным артыкуле" 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Суд карае вясноўцаў за тое, што на акцыях яны ажыццяўляюць маніторынг мірных сходаў ці наогул не бяруць у іх удзел. А затрыманні адбываюцца нават за раздачу ў горадзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека на Міжнародны дзень правоў чалавека.
Так, 2 лістапада па гэтым артыкуле асудзілі на 15 сутак арышту незалежную журналістку і праваабаронцу "Вясны" Марыну Кастылянчанка. Суд Заводскага раёна абвінаваціў яе у тым, што яна нібыта прымала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пры затрыманні не падпарадкоўвалася супрацоўнікам міліцыі. 30 кастрычніка праваабаронцу затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў кавярні разам з сямю іншымі людзьмі. На самой справе ніякага ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце ў той дзень у пазначаным пратаколе месцы яна не прымала і, адпаведна, інкрымінаванага ёй правапарушэння не здзяйсняла. На судзе Марына назвала абвіначванні, якія ёй ставіліся ў віну, поўнай выдумкай.
Праваабаронцы "Вясны" расцанілі гэтае затрыманне як адвольнае і незаконнае. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders заклікала ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць незалежную журналістку і праваабаронцу "Вясны" Марыну Кастылянчанка, а таксама зняць усе абвінавачванні.
Але пасля 15-сутачнага арышту 14 лістапада Марына Кастылянчанка з баранавіцкага СІЗА-6 не выйшла. Мясцовыя міліцыянты паведамілі блізкім праваабаронцы, што яна зноў затрыманая ў межах адміністрацыйнага працэсу. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа даслалі за паўгадзіны да вызвалення журналісткі рапарт аб тым, што Марына нібы брала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка на Партызанскім праспекце ў Мінску. Хаця ў той дзень ніякай акцыі там не праводзілася. Праваабаронцу "Вясны" 17 лістапада суддзя суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч Мікалай Кміта асудзіў паводле арт. 23.34 КаАП яшчэ на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд адбываўся ў сценах ізалятара, патрапіць на яго для маніторынгу не было ніякай магчымасці. Па сутнасці, гэта было закрытае судовае паседжанне. Улады назвалі яго "выязным". Такім чынам, пад арыштам праваабаронца агулам правяла 30 сутак.
У Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня ў Маладзечне быў затрыманы праваабаронца “Вясны” Алесь Капуцкі. У гэты дзень ён выйшаў у цэнтр горада, каб раздаваць мінакам тэксты Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У аддзяленні міліцыі Капуцкі правёў некалькі гадзін. У праваабаронцы вынялі 35 асобнікаў Дэкларацый правоў чалавека як сродак здзяйснення правапарушэння. Але пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на Алеся не склалі, сказалі, што выклікаюць у міліцыю для разбіральніцтва. Але праз тыдзень міліцыянты самі прыйшлі да праваабаронцы дадому з аглядам. У выніку агляду супрацоўнікі міліцыі нічога не забралі. Адміністрацыйная права на праваабаронцу так і не была ўзбуджаная.
У Мазыры 15 лістапада на акцыі памяці па забітым у Мінску Рамане Бандарэнку быў жорстка затрыманы праваабронца "Вясны" Уладзімір Целяпун. Яго даставілі ў РАУС, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 1 арт. 23.34 КаАП і павезлі да суда ў ізалятар. Аднак праз некаторы час у той жа дзень паведамілі, што затрымліваць не будуць, а на суд выклічуць позвай. 27 лістапада суддзя Мазырскага суда Аляксандр Град аштрафаваў праваабаронцу за ўдзел у акцыі на 30 базавых велічыняў, што складае 810 рублёў.
14 лістапада ў Смаргоні затрымалі праваабаронцу "Вясны" Алеся Дзергачова нібы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. У мясцовым ізалятары яго пратрымалі 72 гадзіны і адпусцілі. Па інфармацыі "Гарадзенскай вясны", на Алеся Дзергачова складзены пратакол паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП за знаходжанне ў горадзе Смаргонь 8 лістапада сярод людзей з паветранымі шарыкамі. Начальнік смаргонскага ізалятара паведаміў Дзергачову, што яго справу не разглядалі ў панядзелак, таму што ведаюць, што ён заўсёды патрабуе весці адміністрацыйны працэс на беларускай мове, а суд да гэтага не падрыхтаваны. 30 лістапада смаргонскі суд асудзіў Алеся за ўдзел у акцыі на трое сутак — на тэрмін, які праваабаронца ўжо адбыў за кратамі да суда.
6 лістапада была асуджаная на 5 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23.34 КаАП валанцёрка "Вясны" Кацярына Чхарцішвілі. Яе абвінавацілі ў тым, што яна прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля дому вядомай актывісткі Ніны Багінскай. Увечары 5 лістапада людзі прыйшлі пад дом, дзе адбываўся ператрус у Ніны Багінскай. Супрацоўнікі АМАПу затрымалі тады ў двары 10 чалавек, сярод якіх была і Кацярына Чхарцішвілі. На судзе валанцёрка распавяла, што ішла ўвечары каля крамы Еўраопт па вуліцы Коласа. Убачыла людзей, якія не выкрыквалі аніякіх лозунгаў, у іх не было сімволікі. Тут яе затрымалі супрацоўнікі АМАПу на мікрааўтобусе.
Таксама, нібыта за удзел у акцыі 10-га жніўня была затрыманая праваабаронца "Вясны" з Бярозы Тамара Шчапёткіна. Яе затрымалі 12 жніўня, калі яна перапісвала прозвішчы і фіксавала гісторыі затрыманых у ноч з 9 на 10 жніўня, апытвала сваякоў, якія прыйшлі да міліцыі даведацца пра іх лёс, прыносілі перадачы. Суд Бярозаўскага раёна абвінаваціў яе ва ўдзеле ў акцыі, хаця на відэазапісе бачна, што Тамара вярталася дадому ўвечары дарогай побач з плошчай, дзе збіраліся пратэстоўцы. Негледзячы на гэта, суд аштрафаваў яе па ч. 2 і 3 арт. 23.34 КаАП на 810 рублёў.
15 траўня суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту магілёўскага праваабаронцу "Вясны" Алеся Буракова па арт. 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 траўня пад магілёўскім ІЧУ. Насамрэч праваабаронца сустракаў і запісваў інтэрв'ю ў людзей, якія вызваляліся з ізалятара.
12 і 15 траўня праваабаронцу “Вясны” з Брэста Уладзіміра Вялічкіна судзілі два разы паводле арт. 23.34 КаАП за маніторынг традыцыйных акцый “кармлення галубоў”. Таксама Уладзімір Вялічкін перыядычна падвяргаецца адвольным затрыманням у Брэсце. Пяць дзён да судоў ён знаходзіўся ў зняволенні.
9 студзеня суд Кастрычніцкага раёна аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (540 рублёў) па ч. 1 арт. 23.34 КаАП праваабаронцу Зміцера Салаўёва. Яго асудзілі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй, якая прайшла напрыканцы снежня ў Мінску. Рашэнне пакараць праваабаронцу "Вясны" прыняла суддзя Вольга Няборская.
Пераслед па арт. 23.34 КаАП праваабаронцаў "Вясны" быў найбольш распаўсюджаны падчас выбарчай кампаніі, калі актыўнаўсць праваабаронцаў была яшчэ больш заўважнай праз кампанію "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
30 сутак назіральнікам. Пераслед вясноўцаў падчас назірання за выбарамі ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"
З 2008 года праваабаронцы "Вясны" сумесна з праваабаронцамі з "Беларускага Хельсінкскага Камітэта" ажыццяўляюць незалежнае назіранне за выбарамі ў Беларусі. Прэзідэнцкая выбарчая кампанія-2020 стала самай небяспечнай па ўзроўні рэпрэсій да назіральнікаў.
Так, ціск уладаў праз удзел у незалежнай кампаніі па назіранню за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адчуў праваабаронца "Вясны" з Бабруйску Сяржук Лацінскі. 19 чэрвеня падчас перадвыбарчага пікету супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналіста і назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржука Лацінскага. Пры сабе ён меў пасведчанне журналіста bobr.by (бабруйскага інтэрнэт-партала). Тры дні Сяржук правёў у ізалятары. 22 чэрвеня суд пакараў яго арыштам на 10 сутак па арт. 23.34 КаАП.
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” прынялі адпаведную заяву, у якой падкрэслівалася, што ўсе назіральнікі, на якіх складзеныя пратаколы за нібыта ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, знаходзіліся на іх з мэтай ажыццяўлення законнай дзейнасці па назіранні за выбарамі, у тым ліку і масавымі мерапрыемствамі, якія адбываюцца ў межах выбарчай кампаніі. Праваабаронцы патрабавалі ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць адміністрацыйны пераслед незалежных назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, у прыватнасці, Сяргея Лацінскага.
Таксама ціск зазналі двое назіральнікаў кампаніі і сябраў “Вясны” з Магілёва — Аляксандр Буракоў і Алесь Буракоў (малодшы). Іх асудзілі 7 жніўня на 10 сутак кожнага па надуманых і незаконных падставах. Супраць Аляксандра Буракова увечары 5 жніўня каля будынку Ленінскага РАУС Магілёва была зробленая правакацыя. Алеся Буракова асудзілі за ўдзел у акцыі, якая адбылася ў Магілёве 14 ліпеня — у той дзень ЦВК абвясціў аб адмове ў рэгістрацыі Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу кандыдатамі на выбарах. На думку міліцыі, Алесь Буракоў удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, пляскаў у ладкі. На самой справе — ажыццяўляў назіранне. Праз арышт магілёўскія праваабаронцы не змаглі ажыццяўляць назіранне за датэрміновым галасаваннем і асноўным днём галасавання.
10 жніўня быў затрыманы назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з Барысава Алег Мацкевіч. Яго затрымалі, калі ён хадзіў у выбарчую камісію атрымаць зварот па скарзе, якую раней падаваў. Праз некаторы час яго вызвалілі.
Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі адвольным затрыманням падвяргаліся праваабаронцы «Вясны», доўгатэрміновыя назіральнікі кампаніі Алена Маслюкова (Светлагорск), Уладзімір Вялічкін (Брэст), Алесь Капуцкі (Маладэчна).
Крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах
У 2020 годзе ў адносінах да трох праваабаронцаў “Вясны” былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па артыкулах 188 (Паклёп) і 189 (Знявага) Крымінальнага кодэксу. Пад пераслед трапілі праваабаронцы з Бярозы, Светлагорску і Рэчыцы Тамара Шчапёткіна, Алена Маслюкова і Андрэй Мядзведзяў.
Так, 28 жніўня на падставе інфармацыі, размешчанай у групе “Сумленныя людзі г. Бяроза”, у дачыненні да праваабаронцы “Вясны” Тамары Шчапеткінай была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкулах 188 (Паклёп) і 189 (Знявага) Крымінальнага кодэксу.
Пасля праведзенай праверкі па заяве жыхаркі Бярозы, якую нібыта зняважыла ў інтэрнэце ў мэсэнджэры “Viber” Шчапеткіна, і іншых матэрыялаў, была вынесеная пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за адсутнасцю ў дзеяннях праваабаронцы складу крымінальнага злачынства. Аднак праз два месяцы пракуратура Бярозаўскага раёна нечакана апратэставала рашэнне аб закрыцці крымінальнай справы і прызначыла дадатковую праверку з правядзеннем судова-лінгвістычнай экспертызы. Але складу злачынства не выявілі і ў гэты раз. 30 кастрычніка Тамара Шчапёткіна даведалася, што крымінальная справа была спыненая ў другі раз: за адсутнасцю складу злачынства, паколькі не былі названыя прозвішчы і імёны тых, хто прыняў на свой кошт "знявагу і паклёп".
Але 12 лістапада да яе зноў прыйшлі з аглядам у межах крымінальнай справы па артыкулах 188 (Паклёп) і 189 (Знявага) Крымінальнага кодэксу. З дома забралі кампутарную тэхніку і нататнікі.
У траўні рэчыцкая міліцыя праводзіла праверку ў дачыненні да праваабаронцы "Вясны" Андрэя Мядзведзева аб абразе рэдактара "раёнкі". Падставай паслужыў каментар журналіста ў сацыяльнай сетцы. Аднак падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да рэчацкага праваабаронцы так і не знайшлі.
У красавіку гэтага года таксама была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 189 КК (Знявага) на праваабаронцу "Вясны" з Светлагорску Алену Маслюкову. Дома ў праваабаронцы ў межах праверкі па заяве быў праведзены агляд, пасля якога былі выняты ноўтбук і смартфон. Цягам месяца цягнулася справа, але потым яе закрылі.
Пераслед светлагорскай праваабаронцы Алены Маслюковай
Гэтая праверка — не адзіны выпадак пераследу Алены Маслюковай. За выбарчы і паслявыбарчы перыяд яна больш за ўсіх падвяргалася ціску з боку ўладаў. З пачатку выбарчай кампаніі ў Беларусі на Алену склалі тры пратаколы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), па якіх аштрафалі на суму 2160 рублёў, яе неаднаразова затрымлівалі і трымалі ў ізалятары. Падчас выбарчай кампаніі Алена Маслюкова з’яўлялася доўгатэрміновай назіральніцай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, за што таксама падвяргалася ціску ў Светлагорску.
Першы пратакол светлагорскія міліцыянты склалі за тое, што праваабаронца 31 траўня сфатаграфала ўдзельнікаў акцыі на мясцовай плошчы з плакатам плакат “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”. У самой акцыі Алена Маслюкова не брала ўдзел, яна ажыццяўляла маніторынг мірнага сходу як назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Але міліцыя і суд так не палічылі. Яе прызналі ўдзельніцай акцыі і аштрафавалі паводле арт. 23.34 КаАП на 30 базавых велічыняў (810 рублёў).
Другі пратакол па арт. 23.34 КаАП на Алену Маслюкову склалі нібы за ўдзел у акцыі пасля перадвыбарчага пікета Святланы Ціханоўскай 26 ліпеня. Праваабаронца “Вясны” ажыццяўляла назіранне. За гэты інцындэнт Алену Маслюкову затрымалі толькі ў асноўны дзень галасавання — 9 жніўня. У міліцыі на яе склалі пратакол за 26 ліпеня, а саму праваабаронцу больш за суткі ўтрымлівалі ў ізалятары. Сама Алена ўпэўнена, што міліцыянтам патрэбна была падстава ізаляваць яе, каб у праваабаронцы не было магчымасці даназіраць за выбарчым працэсам ва УК №10 і ў раённай камісіі. Яе пратрымалі ў ІЧУ да 18:00 наступнага дня і выпусцілі, адправіўшы “справу” на дапрацоўку.
Трэці пратакол паводле арт. 23.34 КаАП на праваабаронцу "Вясны" склалі за маніторынг мірнага сходу 24 жніўня. Тады жыхары Светлагорску збіралі подпісы пад заявай на атрыманне дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў у горадзе і пад зваротам да дэпутата Палаты Прадстаўнікоў. Міліцыя ў хуткім часе разагнала ўдзельнікаў збору подпісаў, Алена Маслюкова ў гэты час назірала і знаходзілася ў баку. На яе адразу склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, затым яго некалькі разоў перапісвалі праз памылкі. 1 верасня суд аштрафаў праваабаронцу "Вясны" на 50 базавых велічыняў.
Таксама Алена Маслюкова сутыкаецца ў Светлагорску з пагрозамі, адвольнымі затрыманнямі і іншым ціскам ад мясцовых уладаў.
“Светлагорскі завод — гэта фіяска Прэзідэнта, фіяска ўрада і канцэрна”
Іншыя формы пераследу вясноўцаў
Улады Беларусі знаходзяць і іншыя формы ціску і пераследу сябраў арганізацыі і валанцёраў "Вясны". Напрыклад, адміністрацыйны пераслед па артыкуле 17.1 КаАП — "Дробнае хуліганства".
30 кастрычніка падчас ажыцяўлення назірання за судовымі працэсамі над затрыманымі удзельнікамі дэманстрацый у судзе Маскоўскага раёнана быў затрыманы валанцёр “Вясны” Аляксандр Паплаўскі. На яго быў складзены пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што ён нібыта адмовіўся выйсці з судовага пакою па распараджэнні суддзі падчас перапынку ў судовым паседжанні. У выніку Аляксандр Паплаўскі быў затрыманы да разгляду справы судом і трое сутак правёў у ЦІП. 2 лістапада суд Маскоўскага раёна Мінска перанёс разгляд ягонай справы на 17 лістапада, а сам Аляксандр быў вызвалены. На паседжанні 17 лістапада у якасці сведкі выступіў міліцыянт-ахоўнік суда Маскоўскага раёна. Ён адзначыў, што ў пратаколе, які быў складзены ў дзень яго затрымання і які нібыта запаўняў гэты самы міліцыянт, унесены памылковыя дадзеныя пра міліцыянта, а подпіс на пратаколе ўвогуле яму не належыць. З улікам гэтых відавочных парушэнняў суд накіраваў справу на дапрацоўку ў РУУС. Справа валанцёра ў суд так і не вярнулася.
22 лютага ў Нясвяіжы быў затрыманы Аляксандр Вайцешык, які хацеў патрапіць у якасці даверанай асобы былога работніка агракамбіната пенсіянера Вячаслава Сырыцы на сход агракамбіната “Сноў”.
Праваабаронца планаваў прадстаўляць інтарэсы Сырыцы, бо на гэтым сходзе вырашалі пытанне выключэння яго з агракамбіната і пазбаўлення звання ганаровага работніка. Аднак дружыннікі і міліцыя, якія стаялі на ўваходзе ў залю, не захацелі прапусціць Аляксандра Вайцешыка ў памяшканне, хоць той і меў пры сабе даверанасць. Канфлікт скончыўся затрыманнем праваабаронцы. На яго быў складзены пратакол па арт. 17.1 КаАП — дробнае хуліганства. Амаль праз два месяцы праваабаронцу аштрафалі на 10 базавых велічыняў (270 рублёў). Але пры пры падрыхтоўцы справы праваабаронцы мясцовая міліцыя дапусціла шэраг парушэнняў заканадаўства, за што пракуратура вынесла прадстаўленне начальніку Нясвіжскага РАУС.