Супраць Аляксандр Буракова-старэйшага арганізавалі правакацыю прама каля РАУС

2020 2020-08-06T11:55:00+0300 2020-08-06T11:03:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mspring_office_5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналіст-праваабаронца Аляксандр Буракоў. Фота: spring96.org

Журналіст-праваабаронца Аляксандр Буракоў. Фота: spring96.org

Журналіста і праваабаронцу «Магілёўскай вясны» Аляксандра Буракова-старэйшага затрымалі пятага жніўня каля 19.00 супрацоўнікі ДАІ і даставілі ў РАУС Ленінскага раёна. Праваабаронца Барыс Бухель, які дзяжурыў каля РУУС да глыбокай ночы, з трывогай паведаміў, што ў дачыненні да  Аляксандра Буракова зладзілі правакацыю прама каля аддзялення міліцыі.

"Я стаяў каля звычайнага ўваходу ў РАУС, чакаў развіцця падзей. Раптам я пачуў нейкі шум з боку ўязной брамы на паркоўку райаддзела. Спачатку заныла нейкая жанчына, потым пачуў голас Алеся Буракова, які гучна паўтарыў некалькі разоў, што гэта – правакацыя. Я рвануў да іх, але і жанчыну, і Буракова завялі назад у РАУС – падчас правакацыі з ім побач знаходзіліся двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным".

Як патлумачыў Бухель, верагодна, на Буракова не змаглі нічога скласці ў аддзяленні міліцыі і адважыліся на падставу.

"Яго спецыяльна вывелі не праз звычайны ўваход, а праз паркоўку. Прычым зрабілі гэта тады, калі я застаўся чакаць на вуліцы адзін, мае калегі з’ехалі. Я так зразумеў, яму паспрабуюць навязаць тое, што ён нібыта напаў на жанчыну, хоць ёсць сведка, які бачыў, што гэта была проста правакацыя. Ну і трэба ведаць Буракова, каб разумець, што ён у прынцыпе ніколі б ні на каго не напаў. Вельмі тупая праца сілавікоў", – заявіў праваабаронца.

Як стала вядома mspring.online, што Аляксандра Буракова ноч пратрымалі ў Ленінскім РАУС, пасля чаго адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На яго складзены пратакол за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП РБ). Верагодна, справа звязана з правакацыяй, якую супрацоўнікі міліцыі зладзілі для яго пад сценамі РАУС.

Таксама каля РАУС увечары пятага жніўня быў затрыманы журналіст Уладзімір Лапцэвіч. Яго тэлефон адключаны. Хутчэй за ўсё, ён таксама на ІЧУ. Што ставяць яму ў віну – невядома. На Аляксандра Хамратава, затрыманага ДАІ пасля Буракова, склалі пратакол па арт.23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы пры выкананні) – нібыта, ён адмовіўся перадаць супрацоўнікам ДАІ сваё пасведчанне кіроўцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства